Зорка Францыска

Як пільна ні ўглядайся ў начное неба, вытканае зорным узорам, малую планету  № 3283 не ўбачыш: незлічоныя парсекі аддзяляюць гэта мініяцюрнае стварэнне ад Зямлі. Але яна ёсць у сусвеце, дакладней – у Сонечнай сістэме, малая планета імя Францыска Скарыны, адкрытая некалькі дзесяцігоддзяў назад савецкім астраномам.
Давайце пафантазіруем-уявім: яе святло нясецца праз бясконцасць і на імгненне лёгкім промнем датыкаецца да Зямлі, каб без прыпынку ляцець далей. Прамень у палёце, яму не вядома, што на нашай планеце ёсць цудоўная краіна, дзе так багата цёзак  ягонай далёкай крыніцы святла  № 3283. У горадзе Мінск ёсць вуліца Францыска Скарыны, у славутым Брэсце – Набярэжная Францыска Скарыны, і ў Баранавічах, і ў Полацку, і многа дзе яшчэ. У Гомелі ўніверсітэт носіць гэта слаўнае імя, а ля Нацыянальнай бібліятэкі сам Францыск, увасоблены ў бронзу, сустракае ўсіх, хто ідзе ў кніжнае царства. Сярод дзяржаўных узнагарод Беларусі – медаль Францыска Скарыны, ордэн Францыска   Скарыны.
…Філосаф, гуманіст, знаток медыцыны, усё ж галоўная ягоная    іпастась – першы беларускі кнігадрукар. Ён нарадзіўся прыкладна ў адзін час з першым афіцыйным узгадваннем пра мястэчка Ляхавічы –   каля 1490 года. Нарадзіўся ў Полацку. А першая друкаваная кніга на беларускай мове – выдадзены Скарынам «Псалтыр» – датуецца 1517 годам. І гэта была сапраўдная эўрыка ў культуры, духоўнасці, філасофіі. Вартасць яе, каштоўнасць, значнасць непераўзыходзячыя і вечныя. Святло далёкай зоркі, запаленай ім паўтысячагоддзя назад, не толькі не цьмянее, а разгараецца, поўніцца новымі люменамі, ярчэе.
Мы такія як ёсць у многім дзякуючы таму, што аднойчы з’явіўся чалавек, які сказаў: «Я, Францыск Скарына…» і аздобіў царкоўнаславянскае гучанне «Псалтыра» беларускімі словамі. Потым былі «Малая падарожная кніжыца»,   «Апостал», іншыя   выданні.
Што значыць кніга для чалавецтва ўвогуле і для чалавека ў прыватнасці? Яна – мудры дарадца, крыніца ведаў, надзейны сябар. Яна – спаталенне смагі. Духоўнай, душэўнай, эмацыянальнай, інтэлектуальнай.
…Трымаю ў руках том Купалы, том Коласа. На паліцы «Вянок санетаў» Багдановіча, любімыя творы Караткевіча, сачыненні Шамякіна. Асобае пачуццё выклікаюць кнігі літаратараў-землякоў. Нешта даўно не перачытвала «Біблію для каханай» Леаніда Пранчака, «Маланкавы посах» Алеся Бадака. А якая асалода – адправіцца ў імправізаваную вандроўку ў часе і прасторы з     дапамогай шыкоўных кніг выдавецтваў «Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Беларусь», «Беларускі Дом друку», «Мастацкая літаратура». Не магу не назваць і ТДА «Бяловагруп» – ягонымі намаганнямі ўбачылі свет цудоўныя выданні,   якія робяць гонар айчыннай паліграфіі.
І ўсё разам гэта і многае іншае – скарынінскі працяг. Паўнавартасны, прыгожы і такі патрэбны ў трэцім тысячагоддзі – не менш, чым паўтысячагоддзя назад. Патрэбны і малому з першай кніжкай «Мама, пачытай», патрэбны школьніку, студэнту, аспіранту, навукоўцу, прадстаўніку любой прафесіі. Як ёсць – так ёсць: Францыск назаўсёды.
… І равеснік беларускага першадрукара – горад Ляхавічы – назваў адну са сваіх вуліц імем Скарыны.
Вольга БАРАДЗІНА.
Выкарыстана фота.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *