Дом – не арэна разборак

Па-ранейшаму ў сферы сямейна-бытавых адносін знаходзіцца месца разнастайным правапарушэнням і злачынствам, якія з’яўляюцца сумным, а часта і трагічным вынікам  працяглых сварак, скандалаў, боек за зачыненымі дзвярыма кватэр і дамоў.  Колькі можна прывесці прыкладаў, калі ў якасці адзінага аргумента доказу сваёй праваты муж ці жонка, дачка ці сын, бацька ці маці, суседзі  выбіраюць фізічную сілу. Даволі  часта  спачатку міралюбівая размова  ці сямейна-сяброўская ўрачыстасць заканчваецца сваркай, а іншы раз і высвятленнем адносін з прымяненнем сілы.

З 11 па 19 лістапада  на тэрыторыі горада і раёна праходзіць комплекс спецыяльных прафілактычных мерапрыемстваў пад назвай “Быт”, падчас якіх асаблівая ўвага надаецца выяўленню і раскрыццю  злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін, зніжэнню ўзроўню злачыннасці ў сям’і.

З пачатку года ў раённы аддзел унутраных спраў паступіла 43 заявы пра бытавыя канфлікты, 220 – пра сямейныя скандалы.

На жаль, і сёлета не абышлося без злачынстваў на бытавой глебе. Сярод трох учыненых адно адбылося ў Гулічах. 60-гадовы вясковец наўмысна пырнуў нажом сваю жонку, выратаваць жанчыну не ўдалося.

З пачатку года ўзбуджана 9 крымінальных спраў у сферы сямейна-бытавых адносін. Кожны раз, выязджаючы на такія  выклікі, супрацоўнікі міліцыі не перастаюць здзіўляцца, наколькі счарсцвелі людзі: для злачынцаў страчваюць  сэнс такія паняцці як спагада, дабрыня, клопат.  Вялікаўзроставы сынок з Заполля  спрабаваў задушыць сваю 70-гадовую маці… 29-гадовы ляхавічанін вырашыў расквітацца са сваёй жонкай і тапіў яе ў ванне…  З віламі пайшоў на суседа 69-гадовы жыхар Петухоўшчыны…

Зразумела, чалавек не нараджаецца са шкоднымі звычкамі і супрацьпраўнымі паводзінамі. Заўсёды ёсць перадумовы для ўчынення таго ці іншага злачынства. Супрацоўнікам праваахоўных органаў неабходна больш вынікова займацца выяўленнем асоб з групы рызыкі, праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы. Безумоўна, гэта будзе эфектыўным толькі пры падтрымцы грамадства, пры непасрэдным удзеле і нераўнадушнасці суседзяў і блізкіх.

Аляксандр БУРБІЦКІ,
першы намеснік начальніка РАУС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *