Працавітыя рукі ствараюць каштоўны залаты запас

У хлебным вымярэнні

Словы “жыта” і “жыццё” маюць агульны корань. Залаты хлебны паток, выпеставаны любоўю і мудрасцю нястомных рук, ёсць аснова харчовай бяспекі дзяржавы, народнае багацце. Ён, калі вобразна, увасабляе вяршыню працы аграрыяў. Працы спрадвечнай, нялёгкай, якую нельга адкласці ні на хвіліну, таму што лірычны матыў шчодрай нівы сілкуецца не толькі і не столькі сонечнымі промнямі і цёплымі дажджамі, колькі дакладнейшым захаваннем сельскагаспадарчых тэхналогій. І ў полі – з ранняй вясны да снежных месяцаў, і на ферме, і на машынна-трактарным двары, і ў цэхах, дзе вясковы ўраджай ператвараецца ў прадукты харчавання.

Сёння ўжо можна гаварыць пра пэўныя вынікі аграрнай галіны раёна ў першым годзе новай пяцігодкі. Увогуле, яны стваральныя, і станоўчая дынаміка сельскагаспадарчай вытворчасці  відавочная. Хаця, лічу, што далёка не ў поўнай меры выкарыстаны патэнцыял палёў і ферм. Тым не менш, намалот зерневых і зернебабовых сёлета склаў 56,1 тысячы тон. Сярэдняя ўраджайнасць – 36 цэнтнераў з гектара – раён прырос па гэтым паказчыку ў параўнанні з леташнім жнівом на 3,3 цэнтнера з гектара. 52,8 цэнтнера на круг у СВК “Шлях новы”, 50,7 – у “Жарабковічах”.

Аграрыі раёна намалацілі 18,3 тысячы тон зерня кукурузы. У “Ляхавіцкім”, напрыклад, 2192 тоны пры ўраджайнасці 168,6 цэнтнера з гектара. Больш за 151 цэнтнер з гектара ўраджайнасць у СВК “Шлях новы”, у СВК “Жарабковічы” – 148,3 пры валавым намалоце 11193 тоны.

Мінулае жніво адметнае і тым, што 10 экіпажаў зернеўборачных камбайнаў намалацілі больш як па 1000 тон зерня і 11 вадзіцеляў пры перавозцы яго таксама перакрылі тысячатонны рубеж. На галоўную сцэну рэспубліканскіх ”Дажынак” у Маладзечне паднімаўся вадзіцель ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” Юрый Сяргей, які стаў трэцім у рэспубліканскім спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў краіны. Ураджайнымі на перамогі сталі абласныя дажынкі ў Бярозе: дзесяць разоў выклікаліся ляхавіцкія перадавікі для ўручэння ім  заслужаных узнагарод. Гэта дарагога вартае. Быць лепшым сярод лепшых – сведчыць пра выдатна засвоеную навуку гаспадарання на зямлі. Выдатная адзнака выдатнай працы. Славуты суб’ектыўны фактар мае рысы руплівага хлебароба, механізатара, жывёлавода, спецыяліста сельскай гаспадаркі, старшыні.

Нізкі паклон усім людзям, якія песцяць зямлю-карміцельку і не скардзяцца на нялёгкую працу, ненарміраваны рабочы дзень, неспрыяльнае надвор’е. Іх намаганнямі вырашчаны і своечасова ўбраны ўраджай бульбы – 13 тысяч тон клубняў (140,6 працэнта да леташняга ўзроўню), ураджайнасць – 242,4 цэнтнера з гектара. Узорна працуюць з “другім хлебам” у СВК “Ляхавіцкі”, дзе ён займаў сёлета 200 га, кожны з якіх даў 325 цэнтнераў. Гэта гаспадарка паклапацілася і пра ўмовы захоўвання ўраджаю: уведзена ў дзеянне сучаснае бульбасховішча на 1000 тон насенных клубняў. Дарэчы, работы па рэканструкцыі такога ж аб’екта вядуцца ў райаграсэрвісе, пачата яго будаўніцтва ў СВК “Жарабковічы” – на 3000 тон.

Цукровыя буракі на Ляхавіччыне ўрадзілі на славу. Раён у вобласці заняў першае месца  па іх вытворчасці: накапалі 84,7 тысячы тон салодкіх клубняў пры ўраджайнасці 549,3 цэнтнера з гектара. А ў “Жарабковічах” гэты паказчык складае 601 цэнтнер з гектара.

Вызначыўся наш раён па вытворчасці алейнага семя рапсу – у нас трэцяе месца на Брэстчыне.

Адзначу і выніковасць намаганняў большасці сельгаспрадпрыемстваў у нарыхтоўцы кармоў. Важнасць гэтай кампаніі цяжка пераацаніць. Гэта выдатна разумеюць аграрыі. У СВК “Шлях новы”, напрыклад, на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавалі 31,1 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў, дабавіўшы да мінулагодняга паказчыка 8 ц к.адз. У СВК “Жарабковічы” прыплюсавалі 6,3 ц к.адз., СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” – 5,4. Вядомая і правераная часам мудрасць наконт таго, што малако  ў каровы на языку, апраўдвае сябе і ў мясной жывёлагадоўлі.

Дарэчы, па рэалізацыі мяса сёлета Ляхавіцкі раён займае трэцяе месца ў вобласці. І гэта прыемная акалічнасць з’яўляецца вынікам самаадданай працы работнікаў галіны. Нам ёсць на каго раўняцца і па ўкараненні сучасных тэхналогій, і па прадукцыйнасці працы, і па тэмпах росту вытворчасці. Уведзены ў эксплуатацыю 2 гады таму новы свінакомплекс ЗТАА “БелДан” з’яўляецца ўзорам вядзення жывёлагадоўлі не толькі для сельгаспрадпрыемстваў раёна – для ўсёй рэспублікі. Менавіта гэта прадпрыемства рэалізавала амаль палову (47,9 працэнта) ад усёй рэалізаванай раёнам жывёлы. А разам з ЗАТ “Белпрампрыбор” гэты паказчык склаў 63 працэнты ад агульнараённага. Лепшая ілюстрацыя на карысць працы па навейшых тэхналогіях.

Менавіта ўкараненне сучасных метадаў вядзення малочнай галіны можа і павінна забяспечыць яе вытворчы рост. З 2010 года ў эксплуатацыі   2 новыя малочнатаварныя комплексы – у СВК “Ляхавіцкі” і “Шлях новы”. На сучаснай ру-сінавіцкай ферме ўдой на карову за 10 месяцаў сёлета склаў 6489 кілаграмаў, адсюль, а таксама з навасёлкаўскай усё малако пастаўляецца на перапрацоўчае прадпрыемства гатункам экстра.

Наогул жа, па стану на  1 лістапада ў раёне вытворчасць малака склала 41,9 тысячы тон (100,6 працэнта да леташняга ўзроўню), а надой на карову – 4128 кілаграмаў. Прыбаўку па апошнім паказчыку забяспечылі райаграсэрвіс (384 кг), СВК “Ляхавіцкі” (159), СВК “Тальмінавічы” (144). А вось заданне па росту колькасці пагалоўя кароў выконваецца  толькі 5 гаспадаркамі: СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, “Тальмінавічы”, “Ляхавіцкі”, “Ліпнянка”, ДП “Нача”.

Нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці, забеспячэнне высокай якасці атрыманай прадукцыі, паўтараю, немагчыма без будаўніцтва і мадэрнізацыі. Сёлета  СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” пачаў будаўніцтва малочнатаварнай фермы, з наступнага года гэта плануе зрабіць райаграсэрвіс, а рэканструкцыю МТФ – СВК “Жарабковічы”.

Няспынная мадэрнізацыя вытворчасці, якая забяспечвае выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі, вядзецца на СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. Перапрацоўчае прадпрыемства сваім вопытам даказвае: можна развівацца, можна трымаць сваю марку і забяспечваць трываласць попыту на стаўшую брэндам прадукцыю “Ляхавічок”, і нарошчваць вытворчасць, і пашыраць геаграфію рынку збыту, і арганізаваць гандлёвае абслугоўванне ў фірменным “Верасе”.

Сярод перапрацоўчых прадпрыемстваў вобласці трывалая пазіцыя і ў ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”, які не толькі выпускае запатрабаваную прадукцыю, але і ў значнай ступені забяспечвае вы-творчасць уласнай сыравінай.

Што датычыць ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, то патэнцыял гэтага прадпрыемства вялікі. Выкарыстаць яго, адрадзіць  даўнюю славу мясцовых ільнаводаў і перапрацоўшчыкаў паўночнага шоўку – справа гонару і прафесіяналізму нашых працаўнікоў. Тым больш, што дзяржаўная падтрымка ў гэтым важкая і ўсебаковая.

Так, праца аграрыяў складаная. Гэта людзі асаблівай загартоўкі і вялікага сэрца, у якім жыве сапраўдная любоў да роднай зямлі. Сціпла, нягучна яны робяць тое, без чаго немагчыма жыццё і незалежнасць, – ствараюць харчовую бяспеку краіны. Хлебаробы, паляводы, жывёлаводы, механізатары працуюць у новых умовах, і вынікі іх намаганняў важкія, уразлівыя, прыгожыя. Яны кіруюць новай тэхнікай, і сёння ў нас усё больш падстаў сцвярджаць: сельскай гаспадарцы патрэбны граматныя, адукаваныя кадры. Іх, дарэчы, рыхтуе мясцовая навучальная ўстанова – Ляхавіцкі  дзяржаўны аграрны каледж, дзе з гэтага навучальнага года можна атрымаць і вышэйшую адукацыю.

11 аграгарадкоў на карце Ляхавіччыны. Вяскоўцы забяспечаны дастойнымі ўмовамі быту і працы. Ёсць жыллё, развітая сацыяльная інфраструктура, ёсць добрыя перспектывы. Дзяржаўная палітыка, накіраваная на адраджэнне вёскі, прыносіць чаканы плён. Укладзеныя ў яе развіццё сродкі працуюць на плюсы ў прывагах, намалотах, надоях, забяспечваюць дастойныя сучасныя ўмовы на вытворчасці.

У другім годзе новай пяцігодкі раёну належыць стваральна развівацца і нарошчваць якасную колькасць прадукцыі. Мэта пастаўлена, шляхі да яе вядомыя. Будзем працаваць!

Са святам, вёска, нізкі паклон вам, вяскоўцы і работнікі перапрацоўчай галіны, за плён вашых рук!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *