Высокі сезон

Тэхнік-лабарант Наталля Кучура і лабарант Іна Шпак.

Сезон нарыхтовак для Рэйтанаўскага вытворчага ўчастка ААТ «Баранавіцкі камбінат хлебапрадуктаў», як і для ўсіх хлебаробаў, свайго роду момант вытворчай ісціны.

Да кампаніі грунтоўна рыхтуюцца. Пастаянны штат структурнага падраздзялення фарміруюць два з паловай дзясяткі чалавек. Прафесіяналы, спецыялісты, справы якім хапае ў любы дзень і пару года. Высокасезонныя аб’ёмы работ з’яўляюцца для штатнікаў непад’ёмным грузам. Пашырацца даводзіцца ледзь ці не ўдвая.
– У гэтым годзе дадаткова прынялі на работу 20 чалавек, – гаворыць галоўны па ўчастку, старшы майстар Вадзім Козел. Свайго роду студатрад, зыходзячы з таго, што абсалютная большасць сезоннікаў у астатні час спасцігаюць навукі за студэнцкімі партамі. Жыхары райцэнтра, Русінавічаў, Тальмінавічаў, Ганчароў свае законныя канікулы правядуць у якасці вагаўшчыкоў, пробаадборшчыкаў, грузчыкаў, аўтамабілеразгрузчыкаў… Некаторых з іх на ўчастку сустракаюць ужо як старых знаёмых. Напрыклад, Сяргей Папко, Аляксандр Хлапянік, Таццяна Ігнатовіч праводзяць тут не першае лета. Юнакі працуюць грузчыкамі, Таццяна – вагаўшчыца.
Больш позні, чым звычайна, старт жніва адбіўся і на рабоце Рэйтанаўскага ўчастка, вытворчая задача якога прыняць, ацаніць якасць па шэрагу паказчыкаў, пры неабходнасці дапрацаваць і пакласці на захоўванне зерне новага ўраджаю. Падчас прыезду на прадпрыемства карэспандэнтаў раёнкі, пікавасці нагрузак не назіралася. Пра іх магла б, напрыклад, сведчыць чарга з вялікагрузаў. Яе не было: адзін аўтамабіль толькі разгрузіўся, другі толькі-толькі пад’ехаў – «здаваў» пробу.
Вадзім Козел дапоўніў убачанае:
– Сезон пакуль толькі раскручваецца па прычыне некалькі прыпозненай ўборкі. У сярэднім за суткі прымаем каля 500 тон зерня. Пры тым, што і 2 000 тон не з’яўляюцца для ўчастка звышпрадукцыйнасцю. Апошнімі днямі тэндэнцыя на зніжэнне, а так прыкладна палову ў агульным аб’ёме паступіўшага зерня даводзіцца дасушваць з 20 да складскіх 14-13,5 працэнта вільготнасці. Сушылка, а ў нас ЗСК-30, перапынку ў рабоце не ведае – працуе з поўнай нагрузкай.
На стартавым адрэзку сезона Рэйтанаўскі вытворчы ўчастак Баранавіцкага камбіната хлебапрадуктаў працаваў з пастаўкамі па лініі дзяржзаказу. Асноўнае месца на складзе пакуль займае харчовае жыта. Яшчэ трыцікале, прынятыя аб’ёмы якога значна саступаюць жытнім «развалам».
Каб запоўніць па завязку свае складскія магутнасці ёмістасцю
40 тысяч тон, яшчэ працаваць і працаваць. Праца гэта сумесная: калектыву вытворчага ўчастка і хлебаробаў. Нашага і не толькі раёнаў.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Аператар зернесушыльнага комплексу Аляксандр Шалавін.

Усе службы вытворчага ўчастка працуюць гэтым часам з вялікім напружаннем. Кладаўшчык Кацярына Снацкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *