Скарына. Кніга. Полацк

Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства. Фота БЕЛТА

Сёлета Дзень беларускага пісьменства ў Полацку аб’яднаў тры святы – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 1155-годдзе горада і непасрэдна Дзень пісьменства.

Трохдзённая праграма святкавання адкрылася 1 верасня. Пятніца прайшла ў Полацку пад знакам моладзі і імя беларускага першадрукара Францыска Скарыны.

Урачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства адбылася ў Полацку 2 верасня. Намеснік Прэм’ер-міністра Васілій Жарко зачытаў гасцям свята прывітанне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
«Святкуючы Дзень беларускага пісьменства, мы аддаем даніну павагі ўсім, хто ствараў нашы дзяржаўнасць, культуру, адукацыю, высокі ўзровень нацыянальнага мастацтва», – адзначыў Васілій Жарко.
У гэты ж дзень прайшлі маляўнічае тэатралізаванае шэсце з нагоды 1155-годдзя Полацка; міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў «Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы», прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання; навукова-практычная канферэнцыя «Полацкія чытанні»; фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка»; шматлікія выставачныя праекты і канцэрты. Асобна трэба адзначыць фестываль кнігі і прэсы, цырымонію адкрыцця памятнага знака «Полацк –
калыска беларускай дзяржаўнасці» і прэзентацыю ўнікальнага мас-тацкага праекта «Тры Сафіі», арганізаванага Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў –
удзельніц СНД.
Вечарам у Полацк з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга прыбылі ўдзельнікі экспедыцыі «Дарога да Святыняў». Мерапрыемствы экспедыцыі арганічна ўліліся ў агульнае палатно маштабнага свята.
Беларусы шануюць сваю гісторыю і развіваюць дзяржаўнасць, падкрэсліў Васілій Жарко, які 3 верасня разам  з міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч наведаў пляцоўкі і павільёны фестывалю кнігі і прэсы, сустрэўся з кнігавыдаўцамі, пісьменнікамі, зазірнуў на «Друкарскі двор XVI стагоддзя», прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі памятнага гашэння маркі і паштовага канверта, прысвечанай Дню беларускага пісьменства ў Полацку.
Дзелячыся ўражаннямі з журналістамі, Васілій Жарко адзначыў добрую арганізацыю свята. «У Полацку вельмі шмат гасцей. Падрыхтавана насычаная праграма. У павільёнах фестывалю прэсы і кнігі мы бачым, што кніга ў сучасным свеце запатрабавана. Выданні прыгожыя знешне, чым адразу прыцягваюць увагу, і змястоўныя ўнутры», – сказаў намеснік Прэм’ер-міністра.
Міністр інфармацыі Лілія Ананіч канстатавала, што дзякуючы шырокаму святкаванню 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання было рэалізавана нямала цікавых праектаў, якімі ганарацца не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Паводле слоў кіраўніка ведамства, беларусы дастойна прадстаўляюць нацыянальнае кнігавыданне на міжнародным узроўні.
3 верасня на Дні беларускага пісьменства ў Полацку прайшло ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Яе лаўрэатаў павіншавалі намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Васілій Жарко, міністр інфармацыі Лілія Ананіч, міністр культуры Барыс Святлоў, старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.
Юбілейны ХХV Дзень беларускага пісьменства ў 2018 годзе пройдзе ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці. У Полацку 3 верасня адбылася перадача эстафеты свята.
Яркай кропкай завяршэння Дня беларус-кага пісьменства стаў канцэрт майстроў мастацтваў «Залатая калекцыя беларускай песні». Несумненна, што ва ўсёй разнастайнасці падзей трохдзённага марафону кожны змог знайсці штосьці цікавае для сябе. А арганізатары свята пастараліся зрабіць яго асаблівым і запамінальным для ўсіх, паколькі міжнароднае прызнанне спадчыны Францыска Скарыны пацверджана рашэннем ЮНЕСКА: 500-гадовы юбілей беларускага кнігадрукавання ўключаны ў каляндар памятных дат.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *