Клімат-кантроль праверыць зіма. На календары восень, а гэта значыць – ацяпляльны сезон не за гарамі. Як ідзе падрыхтоўка да яго ў Ляхавіцкім раёне?

У такім стане цепласеткі на тэрыторыі райбальніцы

Традыцыйна падрыхтоўчыя работы ўключаюць рамонт водаправодных і каналізацыйных сістэм, кацельнага абсталявання жыллёвага фонду; праверку гатоўнасці цепла- і электрагенерыруючых установак, абсталявання, газавых, цеплавых і электрычных сетак да работы пры максімуме нагрузак; нарыхтоўку  мясцовых відаў паліва.

Адзін з асноўных  аб’ектаў у  райцэнтры – цеплавыя сеткі райбальніцы. Дзве чаргі аб’екта завершаны ва ўстаноўленыя тэрміны. А вось з камунікацыямі, па якіх цяпло павінна паступаць у прыватны сектар бліжэйшага мікрараёна, ёсць праблема.  Увод у эксплуатацыю гэтай чаргі быў запланаваны на 1 жніўня. «Ляхавіцкая ЖКГ», якая выконвае работы, у графік не ўклалася. З выдаткаваных па каштарысе  870 тысяч бюджэтных рублёў частка так і не асвоена.  На апаратнай нарадзе старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч гэту работу камунальнікаў ахарактарызаваў адназначна: дрэнна.  Неабходна  неадкладна выпраўляць сітуацыю.
Адна з чатырох кацельняў у Брэсцкай вобласці, якія сёлета пераводзяцца з прыроднага газу на мясцовыя віды паліва, знаходзіцца ў нашым раёне, дакладней, на вуліцы Вакзальнай райцэнтра. Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Юшкевіч удакладніў: камунгас правёў дэмантаж старых катлоў. Нядаўна спецыялізаванае прадпрыемства прыступіла да мантажу новага абсталявання. Работы павінны быць завершаны сёлета да 1 кастрычніка. Кошт аб’екта – 186 тысяч рублёў.
На парадку дня і назапашванне паліўна-энергетычных рэсурсаў.
Далёкая ад аптымістычнай сітуацыя з сезоннай нарыхтоўкай дроў: з планава неабходнага да 1 кастрычніка запасу ў 5000 кубаметраў пад камунгасаўскімі павецямі пакуль знаходзіцца каля 40 працэнтаў. ЖКГ нарыхтоўвае паліва ўласнымі сіламі, частку купляе ў лясгаса. Запазычанасць камунальнікаў перад лясгасам за дровы – амаль 40 тысяч  рублёў.  Куды большыя праблемы з торфабрыкетам. Пры заданні 1000 тон нарыхтавана толькі 140. Справа зноў жа ў запазычанасці: камунгас вінаваты торфабрыкетнаму заводу «Ляхавіцкі» больш як 135 тысяч рублёў.
Атрыманне пашпартоў гатоўнасці – абавязковая працэдура напярэдадні ацяпляльнага сезона. Канчатковая дата, да якой усе спажыўцы павінны атрымаць такі дакумент, – 1 кастрычніка.  Прафілактычны рамонт абсталявання зроблены на ўсіх 24 кацельнях, якія знаходзяцца на балансе ЖКГ. Па стане на 4 верасня 18 абследаваных кацельняў атрымалі ад дзяржпрамнагляду допуск да эксплуатацыі. Прыборы ўліку цяпла ўстаноўлены на ўсіх кацельнях.
На балансе жылкамунгаса 170 жылых дамоў, з якіх 103 з цэнтральным ацяпленнем.  Да ацяпляльнага сезона падрыхтавана больш за 80 працэнтаў.
Працягваецца перакладка  і прамыўка водаправодных сетак, рамонт  каналізацыйных помпаў, прамыўка рэзервуараў, калектараў і каналізацыйных сетак. Завершаны тэхагляд і прафабслугоўванне  артэзіянскіх свідравін, водаразборных калонак.
Установы адукацыі нават рэзкае наступленне халадоў не спалохае. Нарыхтаваны неабходны запас  дроў і брыкету для Навасёлкаўскага дзіцячага садка – адзінай ўстановы адукацыі раёна, якая  ацяпляецца мясцовымі відамі паліва.
Хапае яго і ў медустановах, ацяпляльная сістэма якіх «завязана» на мясцовыя віды паліва.  За кошт уласных сродкаў райбальніцы заменены вокны ў Тальмінавіцкім ФАПе. ААТ «Жарабковічы»  ў якасці спонсарскай дапамогі часткова замяніла вокны ў Падлескай урачэбнай амбулаторыі і ўстанавіла новыя ўваходныя дзверы ў Жарабковіцкім ФАПе.
З мясцовага бюджэту выдаткаваны сродкі на падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона і ва ўстановах культуры. Кацельні, якія знаходзяцца на балансе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, будуць забяспечаны палівам (132 тоны торфабрыкету і 115 кубаметраў дроў) да  15 верасня, запэўніў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Дабрыянец.  Прыборы ўліку вады, цеплавой энергіі прайшлі дзяржпаверку. Усе гэтыя работы фінансуюцца з бюджэту. Далучыліся да важнай справы і самі работнікі ўстаноў культуры: уцяпляюць дзверы, вокны. Вырашаецца і важнае пытанне з забеспячэннем нармальнай тэмпературы зімой у Ганчароўскім СДК.
Па стане на 4  верасня, пашпарты гатоўнасці атрымалі   64 спажыўцы са 103 і ўсяго   12 цеплакрыніц з 58. Інспектар энерганагляду Аляксандр Бародзіч пералічыў тых, хто не захоўвае графік рэгістрацыі  пашпартоў гатоўнасці: РАУС, ЛДАК,  Ганчароўскі і Жарабковіцкі сельвыканкамы, «Інтэрлак», «БелДан», «Ібіра», «ТМТ», раённая кінавідэасетка, ільнонасенстанцыя, «Шлях новы». Не звяртаўся па пытаннях атрымання такіх пашпартоў  для шматкватэрных жылых дамоў, што знаходзяцца на яго балансе, камунгас.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *