Тут жыў Чабор

У гэтым доме ў Рачканах некалі жыў Янка Чабор.

Пад сотню жыхароў, крыху менш за 6 дзясяткаў дамоў, амаль у трэці з якіх ніхто пастаянна не пражывае. Вёска як вёска. Адзін з уездаў у Рачканы выводзіць прама на касцёл. Выбітны, з чырвонай цэглы будынак пазіцыянуе сябе як яркая адметнасць – і архітэктурная, і гістарычная. Узведзеная на пачатку ХХ стагоддзя пабудова таксама вядома як дом Міклашэвічаў – па прозвішчы першых яго ўладальнікаў.

У недалёкай адлегласці ад дома-касцёла – яшчэ два тэрытарыяльна сумежныя дамы. Новы, пакуль не завершаны будаўніцтвам, відавочна сучасных формаў, матэрыялаў і стандартаў. І стары, узростам блізкі да будынка культавай установы. У пачарнелых ад часу сценах, няроўным ужо даху і зараз, аднак, чытаюцца колішні высокі стандарт, дыхтоўнасць. На адным з комінаў дома даўно абсталявалі сабе жытло буслы. На столі ў сенцах –  як рукой дацягнуцца – звілі гняздо ластаўкі. Ці не духоўнае хараство, спрыяльнасць аўры стала для пералётных сілай прыцягнення?  Чаму не «высяляеце», цікаўлюся пра ластавак у Наталлі Запольскай.  «А навошта?» – пытаннем жа і адказвае гаспадыня сядзібы.
Пералічаныя будынкі – як вяршыні трохвугольнікаў, звязаныя паміж сабой сваяцкімі сувязямі. У свой час у доме, над якім зараз буслянка, жыў Іван Патаповіч.  Чулі пра такога? А пра Янку Чабора? Гэта сапраўднае імя-прозвішча чалавека і яго літаратурны псеўданім.
Іван Сцяпанавіч нарадзіўся ў Рачканах  11 ліпеня  1911 года (у той час вёска ўваходзіла ў склад Слуцкага павета Мінскай губерні) у вялікай, як пазначана ў адным з даведнікаў, патрыярхальнай сям’і даволі заможнага селяніна. Сям’я складалася з 23 чалавек.
Вільня стала для юнака не толькі і не проста местам вучобы – у гэтым горадзе ён сталеў, набыў першы літаратурны, кіраўніцкі і вопыт публічнай дзейнасці. Віленскую беларускую гімназію Янка скончыў у 1931 годзе. А за тры гады да таго ўбачылі свет яго першыя вершы. Падпольная камсамольская група гімназіі выпускала рукапісны часопіс «Васілёк», на старонках якога і адбыўся паэтычны дэбют таленавітага земляка. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, балюча ўсведамляў і перажываў за лёс тагачаснай Заходняй Беларусі.  На пачатку 30-х гадоў апублікаваў так званы «Адкрыты ліст», дзе заклікаў заходнебеларускіх літаратараў аб’яднацца ў адзіную пісь-менніцкую арганізацыю. У снежні 1933 года на з’ездзе сялянскіх і рабочых пісьменнікаў студэнт універсітэта Янка Патаповіч быў абраны рэдактарам-выдаўцом часопіса «Літаратурная старонка», які з’яўляўся друкаваным органам   «Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі». Разам з Валянцінам Таўлаем і Піліпам Пестраком Іван Патаповіч выступаў у ліку ініцыятараў стварэння гэтай арганізацыі.
Першы нумар часопіса «Літстаронка» выйшаў у студзені 1934 года. Тыраж адразу ж быў канфіскаваны польскімі ўладамі, а рэдактар-выдавец асуджаны.   Сярод змешчанага ў часопісе значыліся і вершы Івана Патаповіча, падпісаныя псеўданімам Янка Чабор. Адзін з яго вершаў пачынаецца такімі вось радкамі:
Гэй, арліная мая сіла,
Ты ўзнімі мяне ўвысь.
Над маёю старонкай мілай
Ты крыламі размахнісь!
На вялікі жаль, з літаратурнай спадчыны Янкі Чабора захавалася вельмі і вельмі нямногае.
Амністыя, а разам з ёй і вызваленне з-за кратаў прыйшлі ў верасні 1936 года.Іван Сцяпанавіч вярнуўся ў родныя мясціны і заняўся арганізацыяй кааператываў у ваколіцах Рачкан.  Вядомыя падзеі верасня 1939 года не маглі яго не ўсхваляваць,  ён прымаў  актыўны ўдзел ва ўстанаўленні Савецкай улады на тэрыторыі Заходняй Беларусі.  А праз хуткі час здарылася тое, што здарылася: сям’я Патаповічаў была аднесена да ліку кулацкіх і рэпрэсіравана.
Дата смерці Івана Патаповіч – Янкі Чабора дакладна не вядома.
– Вядома толькі, што ў 1939 годзе
Івана Сцяпанавіча выклікалі ў Ляхавічы. І больш ніякіх звестак наконт яго лёсу сям’я не атрымлівала. Неаднаразовыя спробы  высветліць хоць нешта поспеху не мелі. Ёсць меркаванне, што загінуў у лагеры,  – гаворыць унучатая пляменніца паэта, пісьменніка, грамадскага дзеяча Наталля Запольская.
У Рачканах Наталля Юльянаўна нарадзілася, тут прайшлі яе дашкольныя гады. Мінчанка, чалавек заняты, у акружэнні шматлікіх клопатаў і абавязкаў знаходзіць час і мае жаданне быць на сваёй малой радзіме. Будуе дом, дзе, апроч іншага, запраектавана і пляцоўка для адпачынку мясцовых дзяцей, дапамагае з добраўпарадкаваннем. Калі ў адзін з ліпеньскіх дзён мы са старшынёй Начаўскага сельвыканкама Вячаславам Новікам наведаліся ў Рачканы з прычыны інтарэсу да асобы Янкі Чабора, Наталля Юльянаўна і яе маці Галіна Казіміраўна Біза прадэманстравалі сямейную рэліквію – вершаванае «пісьмо» Янкі Чабора, радкі  з якога згадваліся вышэй.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Янка Чабор (сапраўднае імя – Іван Сцяпанавіч Патаповіч) стаў адным са стваральнікаў «Літаратурнага фронту     

сялянска-рабочых пісьменнікаў

Заходняй Беларусі».  

На жаль, з яго ўласнай літаратурнай спадчыны нам засталося вельмі нямногае.

ДАТА
17 верасня – знамянальная дата ў беларускай гісторыі. У гэты дзень у 1939 годзе  адбылося аб’яднанне Заходняй Беларусі, што раней знаходзілася пад прыгнётам панскай Польшчы, з БССР.   У падзеях 78-гадовай даўнасці актыўны ўдзел прымаў публіцыст, паэт і грамадскі дзеяч Янка Чабор.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *