Будуць профі!
Сёлета ў медустановы раёна на работу прыйшлі 44 маладыя спецыялісты, у тым ліку 13 урачоў і ўрач-інтэрн. Каб стаць сапраўднымі прафесіяналамі, ім спатрэбяцца час, актыўная медыцынская практыка і, безумоўна, падтрымка і падказка старэйшых і больш вопытных калег.
Не апошнюю ролю ў станаўленні маладых медкадраў адыгрывае пазіцыя кіраўніцтва ЦРБ. Галоўны ўрач Георгій Хлябовіч перакананы: каб маладыя і перспектыўныя замацоўваліся на працоўным месцы, нельга пакідаць без увагі многія пытанні. Тут і забеспячэнне жыллём (сёлета, як і летась, маладым урачам выдзяляецца 7 арэндных кватэр), і дастойная зарплата (рашэннем адміністрацыі ЦРБ маладым спецыялістам павялічаны даплаты па кантракце), і магчымасці для самарэалізацыі (не толькі прафесійнай, хаця для апошняга ў райбальніцы таксама робіцца нямала, у тым ліку арганізуецца навучанне сумежным спецыяльнасцям, павышэнне кваліфікацыі і г.д.). Канешне, вялікае значэнне мае атмасфера ў працоўным калектыве, якую сярод іншага ствараюць і тутэйшыя традыцыі настаўніцтва.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


