Мы зацікаўлены, каб вы засталіся ў нашым раёне!

Яшчэ ўчора яны былі студэнтамі вышэйшых, сярэдніх спецыяльных, прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, а сёння – дыпламаваныя спецыялісты, на якіх ускладзены пэўныя вытворчыя абавязкі. Некаторыя ўжо асэнсавалі сутнасць  патрабаванняў, нават паспелі добра зарэкамендаваць сябе, другія яшчэ пры-глядаюцца, вывучаюць абстаноўку, мяркуюць, наколькі ім удасца самарэалізавацца іменна тут – на першым працоўным месцы. Напэўна, ёсць і такія, хто марыць, каб хутчэй праляцеў час абавязковай адпрацоўкі, а пасля падацца на “вольны хлеб”…

Па запрашэнні аддзела па справах моладзі райвыканкама, РК ГА “БРСМ” яны ўсе сабраліся на сустрэчу з кіраўніцтвам раёна. Была відавочнай узаемная зацікаўленасць. Вельмі хочацца, каб маладыя спецыялісты прыжыліся  на прадпрыемствах і ў арганізацыях Ляхавіччыны. Пра гэта гаварыў і дэвіз “Мы зацікаўлены, каб вы засталіся ў нашым раёне!”. Юнакі і дзяўчаты з вялікай увагай слухалі выступленне старшыні райвыканкама Дзмітрыя Бурдука. Ён расказаў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, перспектывы, настойлівую работу па ўкараненні ў вытворчасць новых тэхналогій, парэкамендаваў маладым праяўляць энтузіязм і творчасць у рабоце, быць ініцыятыўнымі і мэтанакіраванымі:

— Мы чакаем ад вас прапаноў новага і перадавога, што будзе садзейнічаць далейшаму эканамічнаму развіццю нашага раёна, – адзначыў Дзмітрый Міхайлавіч. І нагадаў устаноўку Прэзідэнта:   маладая Беларусь – дзяржава для самарэалізацыі моладзі. – Адукаваныя, сур’ёзныя, мэтанакіраваныя маладыя людзі, якія маюць намер працаваць творча, укараняць у вытворчасць новыя тэхналогіі, вельмі запатрабаваныя, і нашы калектывы прымуць вас з задавальненнем, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.

Зразумела, каб застацца працаваць на сваім першым месцы работы і далей, патрэбна  супадзенне многіх аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў. Немалаважнае значэнне мае тое, як прымуць маладога спецыяліста кіраўніцтва і калегі. Ці задаволяць умовы работы, аплата працы. Сучасныя мэтанакіраваныя маладыя людзі хацелі б бачыць перспектыву прафесійнага росту і многае іншае.

Што маем на справе? Пасля прыбыцця на вызначанае месца работы не ўсе з маладых спецыялістаў атрымалі так званыя “пад’ёмныя” грашовыя выплаты. Ёсць такія, хто не забяспечаны жыллём і вымушаны здымаць кут. І, як вынік, у некаторых складваецца ўражанне накшталт “мяне тут не чакалі, я тут не патрэбны”. Вось чаму ўдзельнікі сустрэчы ўважліва слухалі і многія зана-тоўвалі парады тлумачэння галоўнага спецыяліста райсельгасхарчу Міхаіла Арэшкі. Ён пазнаёміў з заканадаўствам аб правах і абавязках маладога спецыяліста, які прыехаў на работу па размеркаванні. Асаблівы акцэнт быў зроблены на тым, што змяніць варыянт размеркавання магчыма толькі ў выключных момантах. Як расказаў Міхаіл Арэшка, у раёне мелі месца 4 выпадкі звальнення маладых спецыялістаў, якія злосна парушалі працоўную дысцыпліну.

— Аднак, гэта хутчэй выключэнне, – падкрэсліў галоўны спецыяліст райсельгасхарчу. – У асноўным маладыя людзі застаюцца задаволенымі сваімі працоўнымі месцамі, мікракліматам у калектывах, ствараюць сем’і, застаюцца на Ляхавіччыне

Дарэчы, спецыялісты з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія засталіся ў нашым раёне пасля таго, як адпрацавалі 2 гады, атрымліваюць даплаты. У нас 15 такіх маладых спецыялістаў.

Клопат дзяржавы пра кадравае забеспячэнне вытворчасці відавочны на кожным кроку. Напрыклад, выпускнікі дзяржаўных устаноў адукацыі, якія размеркаваліся не па месцы жыхарства іх бацькоў, маюць права на атрыманне льготнага крэдыту на набыццё маёмасці пад 10 працэнтаў гадавых. Прычым, пагашэнне крэдыту роўнымі долямі пачынаецца праз паўгода пасля яго атрымання. Пра льготнае крэдытаванне маладых спецыялістаў на будаўніцтва жылля і іншыя моманты, звязаныя з дзяржаўнай падтрымкай, гаварыла дырэктар ЦБУ №117 у г. Ляхавічы філіяла № 802 ААТ “ААБ “Беларусбанк” г. Баранавічы Вольга Кучэйка.

Слушныя парады дала юнакам і дзяўчатам псіхолаг ЛДАКа Таццяна Траццяк. А малады спецыяліст Таццяна Кузьміч, якая сёлета прыбыла на работу ў Ляха-віцкае ПМС пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, падзялілася  ўражаннямі пра першыя працоўныя будні і пра тое, як на прадпрыемстве сустракаюць маладыя кадры:

— У свой першы рабочы сезон я зразумела, што не памылілася ў выбары прафесіі. Я майстар участка, мне давяраюць і на мяне спадзяюцца. Нас усяго 4 дзяўчыны размеркавалася ў ПМС, і пра тое, што мы тут патрэбны, гаворыць многае. Напрыклад, тое, што мы адразу атрымалі жыллё і рабочыя месцы па выбранай прафесіі.

Маладых спецыялістаў сёння з задавальненнем прымуць ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі раёна. Падтрымаюць, дапамогуць, накіруюць. Аднак, і прад’явяць патрабаванні як да кваліфікаваных спецыялістаў. І каб пачатак працоўнага шляху быў паспяховым, старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук пажадаў маладым спецыялістам:

— Выкарыстоўвайце свае веды, будзьце ініцыятыўнымі, працавітымі, добрасумленнымі ў рабоце і жыцці. Тады ў вас усё атрымаецца.

Сустрэча з маладымі спецыялістамі завяршылася экскурсіяй па паспяховых прадпрыемствах раёна: СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, ААТ ”Ляхавіцкі кансервавы завод”, наведалі новую МТФ СВК ”Ляхавіцкі” і малочны комплекс СВК ”Шлях новы”. У гэты дзень некаторыя юнакі і дзяўчаты сталі членамі БРСМ.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *