Верасень. Лес. Кляшчы

Сёлета пік актыўнасці іксодавых кляшчоў прыпаў на верасень: у Ляхавіцкім раёне ад іх укусаў пацярпеў 21 чалавек. Усяго з пачатку года за дапамогай пасля ўкусаў кляшчоў звяртаўся 131 чалавек (у мінулым годзе – 110), у тым ліку 26 дзяцей.
Часцей ахвярамі  крывасмокаў людзі становяцца ў лесе пры зборы грыбоў, ягад, на садова-агародных участках, ля вадасховішчаў падчас рыбалкі.
Варта памятаць, што гэтыя маленькія насякомыя –  пераносчыкі  небяспечных захворванняў: хваробы Лайма і клешчавога энцэфаліту. Заразіцца можна і ад кляшчоў, прынесеных з лесу ў жылыя памяшканні на адзенні, з ягадамі, а таксама  дамашняй жывёлай. Заражэнне магчыма пры зняцці кляшча, а таксама пры ўжыванні ў ежу казінага сырадою.
Каб засцерагчыся ад клешчавых інфекцый, перш за ўсё трэба прымаць меры па зніжэнні іх колькасці: выкошваць траву, прыбіраць апалае лісце, ламачча, прарэджваць кустоўе, пазбаўляючы крывасмокаў аблюбаваных месцаў жыхарства. Таксама праводзіць мерапрыемствы супраць грызуноў.
Пры паходзе ў лес апранайце адзенне светлых таноў (каб лягчэй прыкмеціць кляшча),  якое максімальна закрывае цела. Трапіўшы на адзенне ці цела, клешч доўга шукае месца для ўкусу – да яго прысмоктвання можа прайсці некалькі гадзін. Калі клешч будзе своечасова заўважаны, то ўкусу можна пазбегнуць.
Праводзьце сама- і ўзаемаагляды кожныя 2 гадзіны. Чым раней  выдаліце кляшча, тым меншая верагоднасць узнікнення захворвання.
Для адпужвання гэтых насякомых выкарыстоўвайце спецыяльныя сродкі – рэпеленты. Асаблівую ўвагу надайце тым участкам адзення, на якія часцей за ўсё чапляюцца крывасмокі: каўнер, манжэты рукавоў, штаны ў месцах вакол шчыкалатак.
Калі накіроўваецеся на прагулку з сабакам, надзеньце яму ашыйнік ад кляшчоў ці апрацуйце поўсць спецыяльным спрэем.
Казінае малако ўжывайце толькі ў гатаваным выглядзе. Вірус клешчавога энцэфаліту адчувальны да высокіх тэмператур і гіне пры двухмінутным кіпячэнні. Не дапускайце выпасу коз на неакультураных  пашах.
Калі клешч прысмактаўся, пастарайцеся яго хутка выдаліць з дапамогай  пятлі з баваўнянай ніткі, накінутай як мага бліжэй да хабатка, ці пінцэтам. Месца ўкусу апрацуйце  ёдам ці іншым спіртавым растворам.
Кляшча можна змясціць у невялікую ёмістасць (шкляны ці пластыкавы флакон са шчыльнай накрыўкай) і даследаваць на наяўнасць узбуджальнікаў клешчавога барэліёзу ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі г. Баранавічы (вул. 50 гадоў УЛКСМ, 9, каб. 15). Даследаванне праводзіцца на платнай аснове. У вірусалагічнай лабараторыі абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (г. Брэст, пл. Свабоды, 11а) можна платна правесці даследаванне на наяўнасць віруса клешчавога энцэфаліту.
Калі не атрымліваецца самастойна выдаліць кляшча ці яго рэшткі, неадкладна звярніцеся ў любую медыцынскую ўстанову.
Будзьце ўважлівымі і актыўна прымяняйце прафілактыч-ныя меры, калі знаходзіцеся ў лесе ці на дачным участку.
Леанарда ШЫНГЕЛЬ, памочнік энтамолага райЦГіЭ.

Факт
Клешчавы энцэфаліт – вірусная інфекцыя, якая пашкоджвае цэнтральную і перыферычную нервовую сістэму, можа выклікаць параліч і лятальны канец.
Клешчавы барэліёз – інфекцыйнае захворванне, пры якім пераважна пашкоджваецца скура, нервовая сістэма, апорна-рухальны апарат і сэрца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *