Жыць! Насуперак цяжкасцям

Людскія лёсы складваюцца па-рознаму. У жыцці кожнага здараюцца ўзлёты, падзенні, крутыя павароты. Мы як належнае ўспрымаем дабро, а калі здараецца нешта дрэннае, скардзімся на лёс: маўляў, чаму менавіта з намі… Але здарылася… Як быць? Як жыць? Галоўнае – не здавацца, не скарацца цяжкасцям, а насуперак ім ісці далей.

Вялікую сімпатыю і павагу выклікаюць людзі, якія,  бы былінкі пад ветрам, нягледзячы ні на што, паднімаюцца і цягнуцца да сонца, як робяць гэта нашы землякі  Іван і Вольга.

Усе бацькі мараць пра тое, каб іх дзеці выраслі здаровымі і шчаслівымі. Пра гэта марылі і бацькі Івана Рашанава. Але здарылася бяда…

Дзяцінства – светлы і бесклапотны час: гульні з сябрамі ў двары, школьныя званкі, прагулкі па горадзе. З сябрамі Ваня любіў хадзіць у лес – збіраць грыбы – хто больш. Менавіта саперніцтва сыграла з ім злы жарт. Рабяты зноў прапанавалі “ў заклад” – хто залезе на слуп? Ваня зрабіў гэта. Але не ўтрымаўся, стаў падаць і па інэрцыі схапіўся за першае, што трапіла пад рукі, – правады высакавольтнай лініі…

Вестка пра тое, што здарылася з 13-гадовым хлопчыкам, хутка абляцела гарадок. Медперсанал рэанімацыйнага аддзялення ЦРБ змагаўся за жыццё Вані. І ён выжыў, але застаўся без   рук.

Калі жыццё ўшчамляе чалавека ў нечым адным, то абавязкова кампенсуе страту ў іншым. Трэба толькі не адчайвацца і прыслухацца да сябе. Вольга нарадзілася з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі (з-за праблем з пазваночнікам), затое прырода падарыла ёй здольнасць да творчасці. Навучанне дома не перашкаджала дзяўчыне хадзіць з сяброўкамі на дыскатэкі і катацца на веласіпедзе. Пасля заканчэння школы Вольга Таранда 15 гадоў адпрацавала на швейным прадпрыемстве “Добрыя паслугі” Беларускага таварыства інвалідаў.

Яна вельмі шчыры чалавек, з якім заўсёды цікава. Вядзе актыўны лад жыцця (канешне, у меру  сваіх магчымасцяў), сустракаецца з сябрамі, наведвае розныя выставы, падарожнічае.

Мусіць, кожны нараджаецца з нейкім талентам, трэба толькі адкрыць яго. Іван не памятае той момант, калі ўпершыню ўзяў аловак. І ў яго атрымалася! Да няшчасця, што здарылася з ім, Ваня маляваў, як усе дзеці. А сёння яго творамі захапляюцца. Іван прыняў удзел у конкурсе, арганізаваным абласным упраўленнем культуры: у намінацыі на царкоўную тэматыку ён заняў першае месца.

Вольга стварае цудоўныя рэчы з бісеру: сувенірныя дрэвы, букеты кветак, розныя пано. А яшчэ ў яе ёсць хобі – яна збірае фігуркі чарапашак з розных матэрыялаў. Вольга – выдатная гаспадыня: добра гатуе, яе градкі радуюць вока. А звязаным ёю рэчам пазай-здросціць любая модніца!

Неацэнную дапамогу і падтрымку Вользе і Івану аказваюць іх бацькі.

Знайсці сябе ў жыцці, займацца любімай справай, верыць у сябе – і ўсё атрымаецца. Чым бы вы ні займаліся – вышываннем ці бісерапляценнем, дамашнімі жывёламі ці экзатычнымі раслінамі – вы дапамагаеце рабіць свет лепшым і дабрэйшым. Радуйцеся яркім момантам жыцця, жывіце з задавальненнем!

Жанна ПРЫВОЛЬНЕВА,
спецыяліст па сацыяльнай рабоце
аддзялення дзённага знаходжання
для інвалідаў пры ТЦСАН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *