Градус энергаэфектыўнасці

Канешне ж, гэта не азначае, што астатнія 11 месяцаў года даравальная неэфектыўнасць у выкарыстанні таго ці іншага віду энергіі. Наадварот, акцыя стала чарговым напамінам пра важнасць пытання, паўсядзённай разумнай ашчаднасці ў яго вырашэнні. Іменна тут “хаваецца” адзін з пунктаў павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі – калі размова ідзе пра вытворчасць, магчымасць скарэкціраваць сямейны бюджэт – калі мець на ўвазе спажыванне энергіі ў маштабе канкрэтнага домаўладання. Па суме ж першага і другога можна меркаваць пра энергаэфектыўнасць.

А яна, будзем шчырымі, далёкая яшчэ ад лепшых сусветных паказчыкаў. Ёсць куды імкнуцца, што і робіцца крок за крокам, год за годам. Даведзены раёну на бягучы год мэтавы паказчык па энерга-зберажэнні – мінус 5 працэнтаў адносна года мінулага – з улікам сувымерных умоў. Маецца на ўвазе супараўнанне аб’ёмаў вырабленай прадукцыі, сярэднегадавыя тэмпературы паветра, пачатак і працягласць ацяпляльнага сезона, увод у эксплуатацыю цеплагенератараў, якія працуюць на мясцовых відах паліва, і некаторае іншае. Разлік даволі грувасткі, аднак, сутнасць у тым, што раён з заданнем паспяхова спраўляецца.

Пра што, у прыватнасці, сведчаць вынікі першых 10 месяцаў года: на іх працягу змяншэнне спажывання энергіі на прадпрыемствах і ў арганізацыях Ляхавіччыны склала 8,6 працэнта. У першую чаргу і ў максімальнай ступені за гэта трэба дзякаваць нашым торфабрыкетчыкам. Эканомія стала магчымай за кошт завяршэння рэканструкцыі кацельні на ТБЗ “Ляхавіцкі” і, як вынік, уводу ў дзеянне дадатковых катлоў, што працуюць на мясцовых відах паліва – фрэзерным торфе, калі дакладна. У дадатак і паралельна з тым завод павялічыў і колькасны паказчык выпускаемай прадукцыі. Апошняму, несумненна, паспрыяла і мадэрнізацыя  двух брыкетных прэсаў. Яны атрымалі выгадна іншую надзейнасць, адпаведна, узраслі вытворчыя магчымасці іх і завода ў цэлым.

За перыяд са студзеня па кастрычнік справіліся з выкананнем індывідуальнага мэтавага паказчыка па энергазберажэнні Ляха-віцкае ПМС, ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”, СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, некаторыя сельскагаспадарчыя і іншыя прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Адным з іх удаецца зніжаць энергаспажыванне за кошт укаранення новага вытворчага і другаснага абсталявання і тэхналогій, іншыя ж  без павелічэння выкарыстання энергіі павысілі свае вытворчыя паказчыкі, а ёсць і такія, для каго справядліва і першае, і другое.

Пры гэтым рэзервы энергаэканоміі ёсць і ў тых, і ў другіх, і ў трэціх. У рознай ступені, канешне, і ўжо не такія ўяўныя, як яшчэ пару гадоў таму.

Важныя імкненне, клопат і шчырае жаданне не “раскідвацца” калорыямі і ватамі ўсіх і кожнага на сваім месцы. Павінна прысутнічаць усведамленне, што любы “плюс” у спажыванні энергетычных рэсурсаў павышае сабекошт прадукцыі і, адпаведна, “мінусам” адлюстроўваецца на заработнай плаце работнікаў прадпрыемства.

Адносна бытавой энергаашчаднасці можна смела сцвярджаць, што, не ахвяруючы камфортам, ці не кожнаму з нас рэальна ў дамашніх умовах  аптымізаваць спажыванне энергарэсурсаў.  Правілы простыя і банальныя, аднак, дзейсныя. Пры пакупцы бытавой тэхнікі, па магчымасці, аддаваць перавагу новым яе ўзорам. Набыццё былой у карыстанні толькі па першым часе з’яўляецца ці здаецца выгадным мерапрыемствам. Загрузка пральнай машыны павінна адпавядаць завадскім рэкамендацыям для данага тыпу агрэгата – не больш і не менш. Устаноўлены непадалёку крыніцы цяпла – батарэі ацяплення, печы, пліты  — халадзільнік электраэнергіі    спажывае звыш тэхнічна вызначанай нормы. Рознага роду тэле-, радыётэхніка павінна па-мінімуму знаходзіцца ў так званым рэжыме чакання. Ну і старая “песня” пра лямпачкі напальвання: пры аднолькавым паказчыку асветленасці яны ў разы больш неэканомныя ў параўнанні з энергазберагальнымі. Так, іх кошт на сённяшні дзень адрозніваецца таксама ў разы, але ўжо не на карысць апошніх. Аднак жа, тэрмін эксплуатацыі лямп напальвання па апошняй інфармацыі ў 5–6 разоў менш працяглы, чым у “канкурэнтак”. Такім чынам нагода для замены ёсць: магчыма, не ўсіх адразу – адну, другую і далей па меры выхаду са строю.

Дробязі, заўважыць нехта. Такім ёсць сэнс нагадаць вядомае сцвярджэнне:  “Асцерагайся нязначных расходаў – маленькая цеча здольна патапіць вялікі карабель”, – прыкладна так гэта гучыць.

Ірына ГРЫНЯЛЕВІЧ,
загадчык сектара ЖКГ
аддзела архітэктуры
і будаўніцтва райвыканкама.

Іван КАВАЛЕНКА,
карэспандэнт “ЛВ”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *