Будзе новай старая ферма

Сумнае ўражанне застаецца, калі  глядзіш на пустуючыя дамы, пабудовы, якія некалі мелі гаспадарчае прызначэнне, асёння там, паміж каркасаў сцен і аконных праёмаў, гуляе вецер, усё парасло бур’яном. Некалі сюды былі ўкладзены  вялікія сродкі.  На шчасце, такая карціна не паўсюдная. Прыкладаў гаспадарчасці значна больш. У СВК «Ляхавіцкі», «Шлях новы» перакананы:  каб мець вялікае малако, у сённяшніх умовах гаспадарання патрэбна ўкараняць новыя высокаэфектыўныя тэхналогіі і будаваць. За свае сродкі, з падтрымкай дзяржавы гэтыя гаспадаркі ўзвялі сучасныя МТФ і малочны комплекс. І сёння яны сярод тых, пра каго гавораць, маўляў, вый-гралі, пашанцавала… А такая ўдача магла напаткаць многіх, каб не спалі ў шапку, а дзейнічалі з перспектывай.

У СВК «Шлях новы», дарэчы, акрамя будаўніцтва новага малочнага комплексу на 800 галоў  гаспадарчым спосабам рэканструявалі памяшканне пад цэх сухастою, другое — пад цялятнік, дзе сёння гадуецца маладняк па новых тэхналогіях. Гэта толькі ў Навасёлках. А яшчэ «ажывілі» пустуючую ферму ў Вялікай Лотве, дзе пасля рэканструкцыі ўтрымліваецца жывёла на глыбокай падсцілцы, а ўсе працэсы до-гляду механізаваны.

Па старым, але  вывераным надзейным шляху пайшоў СВК «Тальмінавічы»: тут  спадзяюцца на ўласныя сілы. Гаспадарчым спосабам, пакрысе,  сталі аднаўляць паўразбураныя  жывёлагадоўчыя памяшканні. Спачатку ўзяліся за Гайнінецкую МТФ: 2 памяшканні «ажылі», неўзабаве тут паставілі жывёлу для ўтрымання на глыбокай падсцілцы. Яшчэ ў двух рэканструяваных памяшканнях у вёсцы Тальміна-вічы арганізавалі цэх сухастою. За 2 апошнія гады за свае грошы і пры падтрымцы раённага бюджэту тут прыведзена ў парадак          5 жывёлагадоўчых памяшканняў, дзе працуюць з прымяненнем новых тэхналогій і з мінімальным выкарыстаннем ручной працы. Дарэчы, рэканструкцыя адбылася не толькі ў памяшканнях. Змянілася і свядомасць людзей, якія атрымліваюць  добрую зарплату, будуюць новыя планы.

Шмат сродкаў уклалі ў рэканструкцыю  ў СВК  «Жарабковічы», асабліва ў Шавялёўскую і Сваятыцкую МТФ. Пачатая справа тут яшчэ не даведзена да канца: жывёла па-ранейшаму ўтрымліваецца на ланцугах, новыя тэхналогіі вытворчасці тут яшчэ не выкарыстоўваюцца. У наступным годзе гаспадарка плануе ўкласці ў рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў 800 мільёнаў рублёў. Напрыклад,  на Зарытаўскай МТФ будуць заменены малакаправод, кармавы стол, вентыляцыя, сістэма водапаення, стойлавыя стойкі, пабудуюць кармавую траншэю  і г. д.

Вялікія перамены павінны адбыцца ва ўсіх гаспадарках раёна. Значныя сумы грошай плануюць выдзеліць на рэканструкцыю пустуючых жывёлагадоўчых памяшканняў у СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік», прадоўжыць работы «Шлях новы», 500 мільёнаў рублёў выдаткуюць у СВК «Востраў-Агра», СВК «Ляхавіцкі» правядзе аднаўленчыя работы на  Рачканскай МТФ, ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» рэканструюе МТФ у Вялікім Гарадзішчы… Усяго ў раёне будзе ўкла-дзена ў ажыўленне пустуючых сельскагаспадарчых памяшканняў, рэканструкцыю іх для ўтрымання жывёлы па новых тэхналогіях 5 мільярдаў 150 мільёнаў рублёў капіталаўкладанняў.

Пасля такіх маштабных пераўтварэнняў, несумненна, будуць надоі і прывагі.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *