Каб не было бяды

Ляхавіцкае таварыства ратавання на вадзе чарговы раз нагадвае землякам пра неабходнасць захавання мер перасцярогі пры знаходжанні каля вады. На жаль, трагічныя выпадкі каля вадаёмаў зусім не рэдкія. Напрыканцы лістапада патанула пенсіянерка з Баранавічаў, якая прыехала да сябе на дачу ў вёску Федзюкі і ўпала ў штучны вадаём…

Ахвярамі вады становяцца і дзеці. У жніўні здарылася бяда ў Ганцавіцкім раёне: малое дзіця (1 год і 4 месяцы) з вёскі Зубелевічы нашага раёна разам з маці было ў гасцях, упала ў штучны вадаём на падворку, выратаваць яго не змаглі…

Каб папярэдзіць такія трагедыі, бацькам неабходна ўзмацніць кантроль за дзецьмі, ні ў якім разе не дапускаць, каб яны без нагляду дарослых заставаліся каля вады і на лёдзе вадаёмаў. Правілы паводзін ля падобных аб’ектаў зноў і зноў трэба нагадваць на бацькоўскіх сходах, класных га-дзінах, уроках па асновах бяспекі жыццядзейнасці.

Набліжаецца час, калі вадаёмы і рэкі пакрыюцца лёдам, да якога накіруюцца  аматары зімовай рыбалкі. Памятаць і захоўваць правілы перасцярогі для іх — жыццёва важна. Нельга выходзіць на лёд, калі яго таўшчыня не дасягнула 15-20 сантыметраў. Пажадана ісці на падлёдную лоўлю не аднаму, а са знаёмымі, каб пры неабходнасці было каму дапамагчы. Дарэчы, хадзіць па лёдзе трэба на адлегласці 5-6 метраў чалавек ад чалавека, лункі рабіць далёка адна ад адной, мець спецыяльныя камізэлькі і шнуры даўжынёй 20-25 метраў з 300-400-грамовым грузам на канцы. Зімой здараюцца перапады тэмператур, маразы змяняюцца адлігамі і лёд можа стаць нетрывалым. Выходзіць на такую паверхню вельмі небяспечна!

Памятайце: лёд і вада не даруюць легкадумнасці і неасцярожнасці.

Марыя ЦІТКО,
старшыня раённай
арганізацыі Асвод

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *