Трывога!

У большасці выпадкаў прысутнічае агульная акалічнасць  – п’янства. А калі мора па калена, тады не да правілсупрацьпажарнай бяспекі: курэнне ў ложку, кіданне недакуркаў, бескантрольны агонь у печках і г.д.

Трывожны тэлефонны званок у цэнтры аператыўнага кіравання  РАНС раздаецца вельмі часта, пажарныя каравулы, а з імі “хуткая дапамога”, газавая служба, міліцэйскі нарад  імчаць па выкліку.

Як спыніць гэтае бедства? Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях арганізуе прафілактычныя мерапрыемствы, якія, па сутнасці, павінны з’яўляцца дзейсным сродкам. Але не заўсёды так атрымліваецца.

Мы пабывалі разам з інспектарамі РАНС у Альхоўцах па добра і сумна знаёмых ім адрасах.

У сакавіку па трывожным званку (на другім канцы провада крычалі “гарым!”)  у вёску Альхоўцы па адрасе, дзе пражывае Сяргей Пацукевіч, выехалі 3 пажарныя машыны, на ногі былі падняты ўсе экстраныя службы раёна. На месцы высветлілася, што кампанія ў алкагольным і тытунёвым чадзе падпаліла адзенне, якое і задыміла ўсю хату. Дваіх п’яных вынеслі тады ў беспрытомным стане. Інспектары РАНС, міліцыя, работнікі сельвыканкама пасля гэтага выпадку тлумачылі людзям, штрафавалі, паста-вілі аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Што ў выніку? Ноччу 13 снежня зноў раздаўся званок у адзінай дыспетчарскай службе, і ўсё той жа п’яны жаночы голас (сужыцелька Сяргея Пацукевіча Таццяна Шэпець) паведаміў, што ў іх хаце “зноў пажар, а сяброўка яе памерла” – так ёй здалося. Усе  экстраныя службы паімчалі па старым адрасе. Бяду папярэдзілі і на гэты раз: адзенне, што загарэлася ад цыгарэты, патушылі, а сабутэльніца Таццяны, як аказалася,  спала непрабудным сном.

Па словах старшыні Альхоўскага сельвыканкама Аляксандра Кулака, Таццяна Шэпець пакінула дваіх дзяцей у Бярозаўскім раёне і прыехала ў Альхоўцы. Жывуць, не прасыхаючы ад п’янства, у хаце страшная антысанітарыя. У іх штодня збіраецца п’яная кампанія. Многія вяскоўцы занепакоены тым, што даводзіцца жыць побач з такімі суседзямі. Няўжо няма выйсця? Гэта трывожнае пытанне адрасуецца сельвыканкаму, участковаму інспектару і іншым адказным за парадак і бяспеку службам. Ужо даўно трэба прымаць радыкальныя меры.

Чарговы дзень прафілактыкі пажараў і гібелі людзей, арганізаваны РАНС, на гэты раз прайшоў вельмі бурна. Прафілактычнымі мерапрыемствамі былі ахоплены Альхоўскі і Падлескі сельсаветы. Што ні наведванне сядзібы, то пратакол. У некаторых дамах не адрамантаваны печкі, коміны, па іншых адрасах няправільна карыстаюцца электрабытавымі прыборамі. Але самая вялікая бяда – п’янства, якое і губіць многіх.

…Толькі закончыўся дзень прафілактыкі — і зноў трывога: пажар у вёсцы Перахрэсце забраў яшчэ адно жыццё.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *