Зямное прыцяжэнне

Напрыканцы лістапада на электронную пошту рэдакцыі прыйшло пісьмо ад жыхара вёскі Сваятычы Андрэя Масцілоўскага. У ім малады чалавек запрасіў «ЛВ» наведаць Сваятычы. Праўда, нагоду для экскурсу прапанаваў не святочную: маўляў, «прападае вёска», і «калі ніхто не дапаможа, ад нашай вёскі застанецца толькі …гісторыя».

Роспач у аўтара пісьма выклікаў той факт, што сёння стаіць пытанне закрыцця мясцовай базавай школы. Прыгадаў ён, што бібліятэка і клуб месцяцца не ў ранейшым будынку, а арандаваным. А яшчэ, што частка вясковых дамоў пустуе…

Карэспандэнт «ЛВ» выехаў на месца, каб убачыць сітуацыю сваімі вачамі, сустрэцца з мясцовымі жыхарамі і высветліць, што яны думаюць пра магчымасці адраджэння сваёй вёскі.

Нават цяпер, у такое маркотнае надвор’е, тут прыгожа. Таямнічая алея са старых замшэлых дрэў вядзе ў вёску і раптамадкрывае прыгожы пейзаж: у люстра возера ўглядаецца старадаўні будынак — гэта касцёл Святога Юрыя. На другім беразе — парк, у цяні якога яркімі фарбамі свеціцца яшчэ адна пабудова. Некалі гэта быў графскі маёнтак, пазней яго рэканструявалі  пад Сваятыцкую базавую школу.

А далей пачынаецца вёска. Вуліцы промнямі збягаюцца ў цэнтр, дзе ўтварылася невялікая плошча з галоўнымі пабудовамі: магазін, клуб і бібліятэка, непадалёку ФАП, паштовае аддзяленне сувязі.  У  Сваятычах базіруецца вытворчае падраздзяленне СВК  «Жарабко-вічы»: на ўскрайку вёскі размешчаны механічныя майстэрні, жывёлагадоўчыя фермы, дзе і працуюць мясцовыя жыхары.

Прыкметна тое, што яны вельмі любяць сваю вёску, ведаюць і цікавяцца гісторыяй. Тут  яшчэ ёсць людзі, праўда, вельмі шаноўнага ўзросту, якія і расказваюць малодшым пра былое. Бабка Генька (так ласкава называюць вяскоўцы Генрыху Вайцехаўну Купец) мае ад роду ўжо 90 гадоў, памятае ўсе важныя падзеі, якія адбываліся ў Сваятычах. Па яе словах, тут некалі было мястэчка, дзе граф пасяліў усялякіх майстроў: сталяры, муляры, шаўцы, краўцы, рымары, гарбары жылі ў прыгожых доміках, да кожнага з якіх была вымашчана дарожка, на вуліцах ляжаў брук. Кожны дзень пастарунковец (так раней называліся ўчастковыя міліцыянеры) хадзіў па вуліцах, сачыў за парадкам: калі ў двары не пры-брана — папярэджваў, а пасля штрафаваў — гэта была дзей-сная мера.

Графскі маёнтак быў двухпавярховы, з круглай залай, дзе праводзіліся балі. Бабка Генька памятае нават, дзе якая стаяла мэбля, бо вясковая дзятва вельмі часта гуляла там разам з графскімі дачкой і двума сынамі, частавалася ўсялякімі прысмакамі.

Непадалёку ад вёскі быў у графа цагельны завод. І сёння стаяць будынкі са сваятыцкай цэглы — у Снове, Нясвіжы, адпраўлялі яе нават у Польшчу.

Сапраўдным цудам на той час быў млын, які працаваў ад электрарухавіка. Як успамінае Генрыха Вайцехаўна, кожны жыхар мястэчка мог карыстацца тым млынам. Калі  была патрэба, упраўляючы выдзяляў коней, дапамагаў абзавесціся гаспадаркай.

Памятае бабуля і гады Вялікай Айчыннай вайны. Фашысты наездамі бывалі ў Сваятычах. Аднойчы расстралялі ксяндза,акружылі вёску і забіралі маладых людзей у рабства ў Германію…

Пасля вайны сталі арганізоўвацца калгасы. У 70-х гадах мінулага стагоддзя  Генрыха Купец працавала даяркай у мясцовым  калгасе «Савецкая Беларусь». Разам з мужам гадавалі траіх дзяцей, усіх вывучылі і вывелі ў людзі. А ў вёсцы ўзняліся прыгожыя дамы калгаснікаў, у цэнтры вырас сельскі Дом культуры, які мог прымаць нават сталічных артыстаў. Паслугі гандлю, бытавыя, медыцынскія  з’явіліся  ў вёсцы, якая ўсё больш разрасталася, бо рэдка хто пакідаў гэтыя мясціны: новае пакаленне працягвала справу сваіх бацькоў.

Пасля ўзбуйнення гаспадарак Сваятычы і навакольныя вёскі Валасачы, Пірштукі, Дамашы сталі вытворчым падраздзяленнем калгаса «Беларусь» (сёння ён носіць назву СВК «Жарабковічы»). Праўда, цяпер, як і ў многіх вёсках, тут зменшылася колькасць насельніцтва.

Аднак, нягледзячы на тое, што цэнтральнай сядзібай гаспадаркі з’яўляецца  аграгарадок Жарабковічы, дзе будуецца больш жылля і дзе сканцэнтравана асноўная вытворчасць, і ў Сваятычах жывуць і працуюць людзі: хто на ферме, хто ў мехмайстэрні, хто ў сферы медыцыны, гандлю, бытавога абслугоўвання. Згодна дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі, выраслі некалькі катэджаў, у якіх пасяліліся маладыя працаўнікі. Задаволены сваім лёсам Аляксандр і Алена Зянько (ён ветфельчар, а яна — бухгалтар).

Старэйшыя сын і дачка вучацца ў Навасёлкаўскай СШ, а нядаўна нарадзіўся меншанькі — Мацвей, якому толькі месячык, і ён самы малодшы жыхар Сваятыч. Чацвёра дзетак гадуюць Іван і Таццяна Пірштукі. Галава сямейства — брыгадзір, матуля — загадчыца склада. Прыгожы, як намаляваны, домік у Ірыны і Уладзіміра Папчэняў. І гэта не поўны пералік мясцовых працаўнікоў сельгас-прадпрыемства. Нядаўна прыехалі яшчэ дзве маладыя сям’і, якія засяліліся ў пустуючыя кватэры.

Яны задаволены жыццём, работай, зарплатай. Многія займаюцца яшчэ і асабістай падсобнай гаспадаркай. Напрыклад, Іна Блашэнка, якая працуе паштальёнам, даглядае 11 уласных кароў, іншую жывёлу і птушку, зразумела ж, з дапамогай мужа Дзмітрыя, які загадвае мехмайстэрнямі. 5 кароў на падворку Сяргея Масцілоўскага, ды і ў многіх іншых вяскоўцаў багата ўсялякай жыўнасці.

І ўсё ж сённяшнія Сваятычы не параўнаць з ранейшымі па колькасці насельніцтва. Калі ідзеш па старых вуліцах, то ў многіх дамах шчыльна занавешаны вокны, заросшыя сцежкі — пустуюць. Ажываюць толькі летам, калі, як на дачу, прыязджаюць уладальнікі бацькоўскай спадчыны.  Дарэчы, па словах старшыні Жарабко-віцкага сельвыканкама Аляксандра Трыбухоўскага, у гэтай вёсцы няма нічыйных дамоў, як у некаторых іншых населеных пунктах.

У школе сёння вучацца 22 хлопчыкі і дзяўчынкі, у тым ліку па адным вучні — у другім, чацвёртым і сёмым класах, трэцяга класа наогул няма, а разлічана ўстанова адукацыі амаль на 200 дзяцей. Многія бацькі адпраўляюць сваіх дзяцей у школу аграгарадка Навасёлкі, які знаходзіцца на адлегласці 5 кіламетраў, туды ж у садзік возяць і дашкольнікаў. Вось чаму паўстае пытанне аб закрыцці Сваятыцкай базавай школы, на ўтрыманне якой сёлета затрачана 470,5 мільёна рублёў. Як паведамілі ў аддзеле адукацыі райвыканкама, расходы на адно дзіця ў 2011 годзе тут склалі 21,4 мільёна рублёў пры норме 2,6 мільёна. У школе працуюць 15 педагогаў і 4 тэхнічныя работнікі. Калі так здарыцца  і  школа будзе закрыта   (трымаць гэтую ўстанову адукацыі, як бачна, не рацыянальна), то падвоз у суседнюю Навасёлкаўскую СШ  будзе арганізаваны на транспарце аддзела адукацыі. У аварыйным стане знаходзіцца і будынак былога Дома культуры. Каб зрабіць яго капрамонт патрабуецца каля 3 мільярдаў рублёў. Сельскі клуб  і бібліятэка пераведзены ў памяшканне былога гандлёвага цэнтра, якога ўпаўне хапае для гэтых устаноў.

Жыхар Сваятыч Андрэй Масцілоўскі звярнуўся ў рэдакцыю з прапановай прыехаць у вёску і паглядзець, што можна зрабіць для таго, каб яна заставалася перспектыўнай. Адны сцвярджаюць, што  праблему можна вырашыць, калі працягваць будаваць сучаснае жыллё. Другія ім пярэчаць, маўляў,  тым, хто будзе жыць у гэтых доміках, патрэбна недзе працаваць, а колькасць рабочых месцаў абмежаваная. Рэальная прапанова наконт арганізацыі моднага цяпер агратурызму, маўляў, прыгожыя гістарычныя мясціны, амаль гатовая зона адпачынку (у свой час гаспадарка чэрпала з дна ”графскага” возера ўрадлівыя сапрапелі, і вадаём павялічыўся ў некалькі разоў), можна арганізаваць выдатную рыбалку і г.д.

Але заканчваецца дыскусія звычайна адной высновай: новае пакаленне — новае ва ўсім. Напрыклад, за апошнія 2-3 гады 28 сем’яў, якія пражываюць сёння на тэрыторыі Жарабковіцкага сельсавета, сталі членамі жыллёва-будаўнічых кааператываў у райцэнтры, сцвярджае Аляксандр Трыбухоўскі.

А яшчэ дэмаграфічная сітуацыя дамінуе ў гэтай праблеме, якая сёння становіцца, па сутнасці, паўсюднай.

Старшыня СВК «Жарабковічы» Віталій Бусько, наогул, праблемы ў гэтай сітуацыі не бачыць…

— Справа зусім не ў тым, што Сваятычы цяпер не будуюцца. Хто будзе жыць у тых катэджах — вось у чым пытанне, — разважае старшыня.

Але ж, напэўна, у душы кожнага, хто родам са Сваятыч, будзе заўсёды існаваць зямное прыцяжэнне да роднага куточка.

Аліна ЛАПІЧ

One thought on “Зямное прыцяжэнне

  • 15/01/2012 в 20:16
    Permalink

    Добра падрыхтаваны артыкул. Але сутнасць праблемы раскрыта не поўнасцю. Калі вы жыхары в. Сваятычы і ў вашай вёсцы паўстае пытанне аб закрыцці школы з-за малой колькасці, то навошта вы аддаеце сваіх дзяцей у іншыя.
    На словы В.І. Бусько можна адказаць толькі адно: будавалі б — жылі. А як няма дзе жыць, то чаго ехаць?
    У адным я з аўтарам згодзен, сапраўды, рабочыя месцы тут абмежаваныя. Моладзі і людзям за 30 не даюць працаваць. Як казаў наш кіраўнік: «Дзякуйце, Богу, што пенсіянеры яшчэ працуюць. А вы пачакайце крыху». І гэта «крыху» доўжыцца часам гадамі.
    У сваім артыкулы раскрыйце саму сутнасць праблемы, а не яе прыгожы бок. А не як бы ў нас усё добра і самі мы вінаватыя…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *