Ход казой, ці Рабяты, давайце жыць дружна

Мы ў адказе за тых, каго прыручылі, – такія знаёмыя і важкія словы. Калі гаварыць пра братоў нашых меншых, то, здаецца, што можа быць прасцей: узяў на ўтрыманне кацяня ці шчаня, дык даглядай яго, клапаціся. І чатырохлапаму сябру добра мець гаспадара, які накорміць і пашкадуе, а чалавек атрымлівае задавальненне, зарад бадзёрасці і станоўчых эмоцый. Можна гадзінамі назіраць за паводзінамі маленькіх чатырохлапых гарэз і пры гэтым супакойвацца, рабіцца дабрэйшым і больш спагадлівым. Але не ўсё так проста ў рэальнасці. Нельга прывыкнуць да жорсткасці людзей у адносінах да братоў нашых меншых. Як падымаецца рука крыўдзіць таго, хто ідзе да чалавека, шукаючы паратунку ад голаду ці холаду? Гэта адзін бок справы. Але ёсць у адносінах чалавека і жывёлы і іншы. Здараюцца выпадкі, калі тыя ж, здавалася б, здаровыя і яшчэ нядаўна рахманыя сабакі кідаюцца на людзей. Як знайсці залатую сярэдзіну, і які знак прыпынку паставіць у выразе “чалавек сабаку сябар” – пытальнік ці кропку, або клічнік.
На мінулым тыдні ў рэдакцыю прыйшла ўзрушаная ляхавічанка Ларыса Алімхаджанава, якая з болем у душы і са слязамі на вачах расказала гісторыю пра адносіны чалавека да сабакі: “У нядзелю пачула, як скавыча сабака. Падумала, што гэта маленькае шчаня, якое жыве на пілараме праз дарогу, недзе заціснулася. Пабегла на гукі. І ўбачыла жудасную карціну. Сусед, які жыве насупраць нашага дома (жанчына жыве ў доме № 144 па вуліцы Кастрычніцкай), прывязаў да агароджы сабаку і папругай яго душыў. Я пачала на яго крычаць, на крыкі прыбег мой дарослы сын, але сусед нас прагнаў, сказаў, што гэта яго сабака і ён што хоча з ім, тое і робіць. Увогуле ён здзекуецца над усімі свойскімі жывёламі, трымае больш за 60 коз і, каб яны далёка не ўцякалі, паперарэзваў ім на нагах сухажылле… Як знайсці паратунак ад такой жорсткасці?”
Гісторыя, расказаная жанчынай, уразіла. Каб выслухаць тлумачэнні і другога боку і разабрацца ў справе, карэспандэнты “ЛВ” разам з участковым міліцыянерам РАУС Аляксандрам Чурылавым выехалі па адрасу трывогі.
Каля гаспадарчай пабудовы (як высветлілася, яе Леанід Фурс — той самы сусед — некалі выкупіў у калгаса імя Ламаносава) ляжала шмат напоўненых адходамі льновытворчасці мяхоў (для падсцілу коз). Там сустрэлі і суседку Ларысы Алімхаджанавай Анастасію Забродзіну, якая сказала, што нічога кепскага пра Леаніда Фурса сказаць не можа, лічыць яго добрым гаспадаром: “А тое, што сабаку душыў… Менш вы суседку слухайце…”
Сам Леанід Фурс у гэты час даіў коз (дарэчы, іх аказалася не 60, а ў некалькі разоў менш). Пенсіянер быў занепакоены і здзіўлены такім нечаканым візітам. Даведаўшыся пра яго мэту, расказаў сваю гісторыю падзеі апошняй майскай нядзелі: “Я вымушаны быў так паступіць з сабакам, бо ён стаў небяспечны для людзей, у яго назіраліся яўныя прыкметы шаленства, мог пакусаць і даросых, і дзяцей. Разумею, што жорстка, але іншага выхаду не было. Што датычыцца коз, то ніхто ім сухажылле не перарэзваў, можаце пераканацца самі. З жыхарамі дома № 144 па вуліцы Кастрычніцкай у мяне нармальныя суседскія адносіны”.
Вось такая гісторыя. Безумоўна, можна і трэба было прымяніць іншыя, больш гуманныя меры, каб пазбавіцца ад хворага, таму і небяспечнага сабакі: выклікаць ветэрынара, які зрабіў бы спецыяльную ін’екцыю… А вось добрасу-седскія адносіны Леаніду Фурсу і Ларысе Алімхаджанавай і яе сям’і давядзецца наладжваць. Інакш скаргі і ўзаемныя абвінавачванні не спыняцца. Прыходзяць на памяць словы ката Леапольда з вядомага і любімага не адным пакаленнем дзяцей мультфільма: “Рабяты, давайце, жыць дружна!”. Вельмі дарэчныя словы ў згаданай сітуацыі.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *