Крымінальны вышук як лад жыцця

Начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Віталій Давідоўскі (першы справа) і ветэраны міліцыі.

У кастрычніку супрацоўнікі крымінальнага вышуку краіны адзначылі сваё прафесійнае свята – службе споўнілася 99 гадоў

Адна з самых цікавых, непрадказальных і, улічваючы колькасць серыялаў і фільмаў пра насычаныя будні аперслужбаў, адна з самых захапляльных прафесій. Гэта сапраўды так, але ёсць і іншы бок. Той, што наўрад ці трапіць на экраны тэлевізараў: іх жыццё – гэта бясконцая гонка, галаваломка, безліч думак і ідэй, пошук зачэпак, што прывядуць да раскрыцця злачынства, а разам з тым рызыка і самаадданасць, адказнасць за кожны крок, кожнае рашэнне і дзеянне перад грамадствам, якое яны абараняюць ад крыміналу.

У райаддзеле ўнутраных спраў тыя, хто шмат гадоў прысвяціў ахове правапарадку, супрацьдзеянню злачыннасці –  ветэраны крымінальнага вышуку  прымалі віншаванні ад цяперашніх супрацоўнікаў. Яны ўспаміналі былых калег, узгадвалі, як раскрывалі складанейшыя злачынствы, дзяліліся з навічкамі гісторыямі, якія маглі б стаць асновай вострасюжэтнага фільма. Былыя начальнікі падраздзялення Сяргей  Занько, Аляксандр Бурбіцкі, Віталій Андрушкевіч і старшыя оперупаўнаважаныя Анатолій Ушко, Алег Урбановіч (на здымку) не па словах ведаюць пра складанасць і небяспеку службы крымінальнага вышуку. Яны і іншыя іх калегі-ветэраны сёння цікавяцца справамі аддзялення, заўсёды гатовы дапамагчы, падказаць, даць слушную параду.

Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *