Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны
Пачасціліся выпадкі выяўлення на тэрыторыі раёна фактаў самагонаварэння. Толькі з сярэдзіны кастрычніка ў поле зроку міліцыянераў трапілі некалькі чалавек, у якіх знойдзены вялікія партыі незаконна вырабленай алкагольнай прадукцыі. Так, жыхарка Свяціцы дома захоўвала 28 літраў самагоннай брагі і 5,5 літра самагону, жыхар вёскі Жарскія – 10 літраў самаробнага алкаголю, а пенсіянерка з Любеек – самагонны апарат.Тавар і апарат канфіскаваны.
Дарэчы, агляды ўсіх памяшканняў супрацоўнікі РАУС праводзілі па санкцыі пракурора.
«Склад» па-за дазволам
Цэлы склад гарэлкі знайшлі ў жыхара аграгарадка Жарабковічы Г. – 189 бутэлек без акцызных марак. Прадукцыя канфіскавана. Па даным факце праводзіцца праверка.
Як высветлілася, сховішча было не адзіным у гэтага грамадзяніна. Ён трымаў яшчэ 40 літраў афарбаванага дызельнага паліва. За гэта прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Крадуць свае і чужыя
Сярод белага дня з дома ў Грушаўцы ўкралі 2 мабільныя тэлефоны і прыстаўку да тэлевізара. Знайшлі і злодзея – мясцовага жыхара.
А вось крадзеж з кватэры тухавічаніна (зніклі грошы – долары і рублі) справа рук «залётнага» злачынцы, ён таксама затрыманы.
Нахуліганіў
Узбуджана крымінальная справа супраць ляхавічаніна, які вечарам у рэстаране «Ластаўка» разбіў шкло ва ўваходных дзвярах. Нанесеныя райпо страты ацэнены ў 113 рублёў.
Не цэняць жыццё
20 кастрычніка ў лясным масіве каля вёскі Каменка знойдзены павешаным жыхар аграгарадка Ліпск. Праводзіцца праверка.
39-гадовы мужчына з Галаўнінцаў пагражаў забойствам сваёй сужыцельцы. Дарэчы, не толькі на словах – яшчэ і душыў.
Дробна, але супрацьзаконна
Толькі за другую палову кастрычніка за знаходжанне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане затрыманы 30 чалавек, 11 – за дробнае хуліганства, 8 сямейных скандалістаў (з іх адна жанчына – выхавальніца дзіцячага садка), 3 кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення.
Са зводкамі РАУС знаёмілася Галіна ЗАРЭЧНАЯ.