Пра каледж – прэзентацыямі і песнямі

Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж — установа адукацыі, якая добра вядома не толькі на Брэстчыне, але і за яе межамі. Спецыялісты-аграрыі з дыпломам каледжа знайшлі сваё прызванне і месца ў жыцці на многіх сельгаспрадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях. Але ў ЛДАКу тым часам імкнуцца па-спрыяць, каб як мага больш выпускнікоў школ, прафесійна-тэхнічных вучылішчаў і каледжаў палічылі за гонар стаць  студэнтам гэтай навучальнай установы. Тым больш, што, пачынаючы з гэтага навучальнага года, тут можна атрымаць і вышэйшую адукацыю.  У прафарыентацыйнай рабоце апошнім часам, напрыклад, практыкуюцца выезды інфармацыйна-прапагандысцкіх груп  пад кіраўніцтвам старшыні прыёмнай камісіі Мікалая Краўчука ў навучальныя ўстановы Беларусі.

Як расказаў намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце Мікалай Дабрыянец, падчас прэзентацый ЛДАКа выкладчыкі  кожнага з трох аддзяленняў (агранамічнага, заатэхнічнага, ветэрынарнай медыцыны)  знаёмяць з будучай прафесіяй, расказваюць пра вучобу і адпачынак навучэнцаў, вучэбную, практычную і матэрыяльную базу кале-джа.  Разам з выкладчыкам агітацыйную работу праводзяць і ўдзельнікі клуба «Юнацтва» (кіраўнік Уладзімір Равінскі), якія «рэкламуюць» ЛДАК песнямі, танцамі, гумарэскамі. Канешне, цікава паслухаць пра навучальную ўстанову не толькі ад выкладчыкаў, але і непасрэдна ад студэнтаў. Таму аўдыторыя застаецца задаволенай такімі візітамі з Ляхавіч. Зацікаўлена-шчырая атмасфера панавала, напрыклад, падчас наведвання інфармацыйна-прапагандысцкімі групамі з ЛДАКа прафесійна-тэхнічных каледжаў і вучылішчаў у Клецку, Ганцавічах і Лунінцы. У бліжэйшай перспектыве аналагічныя групы  збіраюцца і ў іншыя раёны Брэстчыны і Міншчыны.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *