Традыцыі будучага

На першую нядзелю студзеня прыпадае прафесійнае свята банкаўскіх і фінансавых работнікаў нашай краіны. Разам з калегамі заўтра яго будзе адзначаць і калектыў разлікова-касавага цэнтра № 3 г. Ляхавічы аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у г. Баранавічы.

Колькасць кліентаў Белаграпрамбанка расце з кожным годам. Сёння мясцовы РКЦ абслугоўвае 210 юрыдычных асоб і больш за 9 тысяч грамадзян. Такая папулярнасць – вынік гарманічнага спалучэння шэрагу складальнікаў, сярод якіх і надзейнасць банка (захаванасць і вяртанне грашовых сродкаў, размешчаных у банку, гарантуе дзяржава), і высокая культура абслугоўвання, заўсёды выгадныя прапановы, шырокі спектр банкаўскіх паслуг – ад пераводаў (у тым ліку бескамісійных і імгненных) і валютна-абменных аперацый да крэдытавання і размяшчэння ўкладаў.

Сёння нашы землякі актыўна карыстаюцца безнаяўнымі плацяжамі, якія можна ажыццяўляць праз банкаматы, тэрміналы, інфакіёскі, інтэрнэт-банкінг і SMS-банкінг. Для зручнасці насельніцтва за сродкі банка ўстаноўлена 14 тэрміналаў у гандлёвых кропках не толькі райцэнтра, але і на вёсцы: у Тухавічах, Жарабковічах, Навасёлках, Русінавічах, Задвор’і. Дарэчы, нарэшце магчымасць разлічыцца банкаўскай карткай з’явілася і ў пакупнікоў прамысловых аддзелаў Дома гандлю – таксама дзякуючы Белаграпрамбанку.

Як расказала намеснік начальніка РКЦ № 3 Антаніна Смоліч, сярод самых выгадных банкаўскіх “прадуктаў” сёння – уклад “Старт” (на 95 дзён пад 56 працэнтаў гадавых у нацыянальнай і 9 працэнтаў гадавых у замежнай валюце), аблігацыі пад 10 працэнтаў гадавых у замежнай валюце, ашчадная картка “Дэпазітны кашалёк” (пры ўсіх “пластыкавых” зручнасцях яна працуе як уклад у рэжыме “да запатрабавання”).

Актыўна працуе банк і з юрыдычнымі асобамі, у тым ліку прапануе і найноўшыя тэхналогіі  — SMS-банкінг, сістэму дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання ”інтэрнэт-кліент”, ”кліент-банк”. Літаральна сёння фінішавала акцыя для юрыдычных асоб “Усё па 20”, прымеркаваная да юбілею банка, яе выгадныя прапановы дадалі РКЦ № 3 яшчэ дзясятак кліентаў.

Па словах Антаніны Смоліч, папулярнасцю карыстаюцца паслугі па крэдытаванні, асабліва – ільготным. За кошт ільготных крэдытаў Белаграпрамбанка працягвалася будаўніцтва ў сельскай мясцовасці, у тым ліку пачата ўзвядзенне новай фермы ў СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, бульбасховішча ў СВК ”Жарабковічы”. 36 сем’яў (з іх 27 – у 2011 годзе) перавялі на сябе доўг сельгаспрадпрыемстваў па льготным крэдытаванні будаўніцтва жылля на суму каля мільярда рублёў (па сутнасці, вяскоўцы атрымалі льготны крэдыт на набыццё ва ўласнасць жылля, якое яшчэ зусім нядаўна было службовым). Літаральна за апошні час 7 нашым землякам выдадзены льготныя крэдыты на развіццё асабістых падсобных гаспадарак на суму 118 мільёнаў рублёў. Крэдытам на развіццё малога прадпрымальніцтва на льготных умовах адным з першых на Брэстчыне скарысталася ЗАТ “Ляхавіцкі завод “Металапластмас”. Наогул жа, на 30 прадпрыемстваў раёна даводзіцца 96 мільярдаў крэдытаў.

Цікавыя прапановы у Белаграпрамбанка ёсць для усіх кліентаў. Але пра гэта вам раскажуць у самім банку.

Святлана БЕЛЬМАЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *