Спыніцца… Азірнуцца

Вячаслаў ЖУКОЎСКІ,
дырэктар СААТ
«Ляхавіцкі малочны завод»:

— Адыходзячы 2011-ы, як і папярэднія гады, для калектыву прадпрыемства праходзіў пад дэвізам «Без развіцця няма прагрэсу».  Мэтанакіравана, крок за крокам выконваліся пастаўленыя задачы, звязаныя  з развіццём вытворчасці, павышэннем дабрабыту працаўнікоў.  Сёлета паспяхова праведзены рэканструкцыі магазіна «Верас», прыёмна-апаратнага цэха завода, закуплена і ўстаноўлена новае тэхналагічнае абсталяванне. Усё гэта дазволіла палепшыць умовы працы завадчан і павялічыць прадукцыйнасць. Своеасаблівым пацвярджэннем паспяховай работы ўсяго калектыву па праву можна лічыць і шматлікія перамогі прадпрыемства ў  намінацыях конкурсу «Лепшы прадукт года». Спадзяёмся на перамогу і ў конкурсе на суісканне прэміі  ўрада Рэспублікі Беларусь у галіне якасці. Таксама сёлета прадпрыемства атрымала сертыфікат па тэхніцы бяспекі ў ахове працы.

У 2012 годзе прадоўжым  рэканструкцыю, устаноўку новага, больш энергаэфектыўнага  і сучаснага тэхналагічнага абсталявання, будзем працаваць над пашырэннем асартыменту  і паляпшэннем якасці малочнай прадукцыі і стварэннем новых працоўных месцаў, нарошчваннем экспарту. З нашым калектывам — любая задача пад сілу.

Усім працаўнікам прадпрыемства, нашым шаноўным ветэранам і дзелавым партнёрам, паважаным работнікам сельскайгаспадаркі, спажыўцам нашай прадукцыі хачу пажадаць у надыходзячым годзе здароўя, поспехаў і новых працоўных дасягненняў.

Іван ШКЛЯНІК,
кіраўнік сялянскай гаспадаркі «Даманская»:

— Заўсёды ад надыходзячага года чакаеш прыемных здзяйсненняў. Для мяне асабіста яны заключаюцца ў тым, каб былі поспехі ў рабоце, бо, як вядома, сельскагаспадарчая вытворчасць — рызыкоўная справа: то засуха, то праліўныя дажджы. Якраз год 2011 быў спрыяльным — урадзілі і зерневыя, і бульба, і агародніна — атрыманы прыбытак, сёе-тое прыбавілася ў машынна-трактарным парку. Хочацца, каб не горш было і ў надыходзячым годзе, каб хлебаробская прафесія станавілася больш папулярнай сярод моладзі. А, наогул, час павіншаваць землякоў з 2012 годам і пажадаць здароўя, поспехаў, удачы ва ўсіх справах.

Віталій КОЗЕЛ,
галоўны інжынер СВК «Дарава»:

—  Для мяне 2011 год быў багатым на разнастайныя па-дзеі — як у прафесійным плане, так і ў асабістым жыцці.

На Ляхавіччыне я, увогуле, чалавек новы: у жніўні 2009 года прыехаў па размеркаванні на працу ў СВК «Дарава»  пасля заканчэння Беларускага  аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Веды і практычныя навыкі, атрыманыя падчас вучобы ў ВНУ, прымяняў спачатку на пасадзе  загадчыка майстэрняў, а пачынаючы з лютага гэтага года, — галоўнага інжынера сельгаскааператыва. Канешне, на новай пасадзе і абавязкаў прыбавілася, і адказнасць узрасла, але работа па-ранейшаму падабаецца. Адносіны з калегамі складваюцца добрыя,  лепш па-знаёміўся з людзьмі, якія працуюць побач, імкнёмся дапамагаць адзін аднаму, прыслухоўваюся да парад больш вопытных працаўнікоў.

Сёлета адбыліся важныя змены ў асабістым жыцці — у мяне з’явілася ўласная сям’я.  Мая абранніца — мясцовая дзяўчына.  І, мабыць,  самая галоўная падзея 2011 года для нашай маладой сям’і — нараджэнне  сыночка Міхаіла, якому зараз  1,5 месяца. Жывём  у доме, які я атрымаў ад гаспадаркі як малады спецыяліст. Спадзяюся, што і год 2012 будзе такім жа спрыяльным, багатым на падзеі і дасягненні. Усяго гэтага жадаю і чытачам раёнкі, і ўсім людзям.

Ірына АМЯЛЯНАВА,
выкладчык дзіцяча-юнацкай спартыўнай
школы, трэнер па самба і дзюдо:

—  2011 год  асабіста для мяне знакавы. Збыліся многія надзеі і мары.  І цяпер з хваляваннем успамінаю адзін з сёлетніх этапаў Кубка  свету па самба, які праходзіў у Маскве. Там я  ўпершыню заваявала сярэбраны медаль на спаборніцтвах такога высокага рангу. Незадоўга да гэтага поспеху было  2-е месца на чэмпіянаце Еўропы.  Да гэтых перамог я ішла  мэтанакіравана, аддаючы трэніроўкам шмат часу, сіл і энергіі. Але спорт таго заслугоўвае. Як вынік, сёлета я з рэзерву нацыянальнай зборнай краіны перайшла ў асноўны састаў, прымала ўдзел у чэмпіянаце свету.

На жаль, спорт немагчымы без траўмаў. Не абышлі яны і мяне. На чэмпіянаце свету ў Вільнюсе я траўмавала калена, што перашкодзіла выступіць на поўную моц, потым давялося перанесці аперацыю.  Не магу дачакацца, калі ўрачы зноў дазволяць трэніравацца  па-сапраўднаму. Спадзяюся на гэта ў наступным годзе, як і на новыя перамогі ў спартыўных спаборніцтвах.

Шмат станоўчых момантаў прынёс адыхо-дзячы год і ў рабоце з любімымі выхаванцамі — юнымі спарт-сменамі, яны мой гонар і галоўныя балельшчыкі.

Жадаю ўсім у надыходзячым годзе здароўя,  радасці, дабрыні і спагады, дасягненняў ва ўсім. А спартсменам жадаю паспяхова выступіць на летняй Алімпіядзе ў Лондане. Хварэем за беларускі спорт!

Вячаслаў СЕЛЬМАНОВІЧ,
дырэктар Ляхавіцкага дзяржаўнага
аграрнага каледжа:

— 2011 год для  каледжа  знамянальны. Нарэшце збылося тое, да чаго мы ішлі  шмат гадоў — у ЛДАКу можна атрымаць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцях «агранамія» і «заатэхнія». І сёлета 1 верасня на ўрачыстай лінейцы сярод іншых навучэнцаў прысутнічаў першы студэнцкі набор. Гэта   значная падзея не толькі ў жыцці каледжа, але і райцэнтра.

Пастаянна ўдасканальваем вучэбны працэс і ў падрыхтоўцы спецыялістаў-аграрыяў сярэдняга звяна.  Педагагічны калектыў імкнецца даць  навучэнцам не толькі спецыяльныя веды і навыкі, але вучыць іх паважаць сябе, быць нераўнадушнымі, мэтанакіраванымі  і паспяховымі.  У гэтым годзе адбыўся чарговы выпуск і новы набор першакурснікаў.  Будзем развівацца, удасканальвацца, напрацоўваць новы вопыт. Без руху наперад  жыццё немагчыма. Галоўнае — спадзявацца, верыць і настойліва ісці да вызначанай мэты.

Жадаю сваім калегам, навучэнцам каледжа, усім землякам заставацца дастойнымі людзьмі, не забываць сваіх родных і як мага часцей усміхацца і радавацца жыццю.

Святлана ЮРЛЕВІЧ,
начальнік аддзела адукацыі райвыканкама,
старшыня раённай арганізацыі
ГА «Белая Русь»:

— Для адукацыі год быў адметны. Шмат зроблена па тэхнічным узбраенні навучальных устаноў:  завершана цеплавая рэабілітацыя будынка гімназіі, заменена амаль палова аконных  блокаў у гарадскіх школах, зроблены рамонт    Востраўскай СШ і многае іншае. Усе ўстановы адукацыі раёна пачалі адлік новага навучальнага года абноўленымі і падрамантаванымі.

Па-ранейшаму наш гонар — таленавітыя рабяты.  2011 год вызначыў новых пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, навукова-практычнай канферэнцыі  па рускай мове, у конкурсе даследчых работ па геаграфіі, у выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.   Сёлета аздараўленчы лагер «Чайка» адзначаны дыпломам  І ступені ў намінацыі «Лепшы загарадны аздараўленчы лагер Брэсцкай вобласці».

Пашырае свае рады і раённая арганізацыя ГА «Белая Русь». Сёлета дадаткова ў яе ўліліся 135 нашых землякоў. Члены «Белай Русі» актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх грамадска-палітычных і культурных мерапрыемствах.

Спадзяюся, што  надыходзячы 2012 год будзе больш паспяховым і прынясе ўсім  новыя магчымасці для самарэалізацыі  і здзяйснення задуманых планаў, рашэння любых задач, стварэння новых і ўмацавання ранейшых накірункаў су-працоўніцтва, будзе багатым на стваральныя справы і падзеі. Шчаслівага Новага года!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *