Нашы хлебныя 5 000 тон. Работа зернесушыльных комплексаў – пад асаблівым кантролем дзяржаўнай увагі
Работа зернесушыльных комплексаў – пад асаблівым кантролем дзяржаўнай увагі. Падчас селектарнай нарады па пытаннях уборачнай кампаніі Прэзідэнт неаднаразова спыняўся на тым, што адна з ключавых умоў паспяховай работы – надзейнасць сушыльнай гаспадаркі. Спыненне ЗСК раўназначна спыненню ўсяго цыкла ўборкі. Менавіта тут зерне экзаменуецца на якасць і адсюль далей трапляе
на захоўванне.

Жніўны сюжэт у мінулую пятніцу сканцэнтраваўся на яшчэ адной прыемнай лічбе. Першыя 5 000 тон збожжа ў раёне насушылі аператары з ААТ «Жарабковічы» – Вадзім Кудзін і Ігар Літвіновіч. Па традыцыі віншаванні механізатары прымалі не адыходзячы ад працоўнага месца – на тэрыторыі свайго ЗСК.
Віншавалі пераможцаў раённага спаборніцтва старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Вольга Анікей, дырэктар ААТ «Жарабковічы» Андрэй Новік.
Аператар Вадзім Кудзін пра тонкасці сушыльнага працэсу раскажа лепш, чым любая інструкцыя. Стаж і колькасць пераможных
сюжэтаў дазваляюць сказаць, што гэты чалавек – ас у сваёй справе. Дзесяць сезонаў працаваў на старой «дзясятцы», пасля перасеў на М-819.
Падсумаваць працоўны стаж – атрымаецца больш за 23 уборачныя сезоны! А вось Ігар Літвіновіч хоць і другі сезон на сушцы, жніво ведае яшчэ і па камбайнерскіх буднях.
– Пачынаецца сушка адсюль, з загрузачнага бункера. Яго ёмістасць – звыш 50 тон. Пшаніца зараз мае нядрэнную вільготнасць – 14-15 працэнтаў. Закідваем на першасную ачыстку, а пасля ўжо адпраўляем у шахты ці сушыльную печ. Калі вільготнасць дайшла да нормы, адпраўляем збожжа ў бункеры, а пасля яно развозіцца па складах. Час не губляем. Зерне не павінна залежвацца.
У спякотныя дні працавалі без перапынку, – расказвае аператар Вадзім Кудзін і працягвае: – Усё залежыць ад вільготнасці зерня, што
трапляе на ЗСК. У сярэднім рапс сушылі па 150 тон у суткі, пшаніца бывала і 300–350 тон у суткі. Мінулым годам у выніку насушылі больш за 6 300 тон. Сёлета разлічваем 7 000 тон «уварваць». Колас важкі ў гэтым годзе.
Працэс сушкі поўнасцю аўтаматызаваны. За работай ЗСК аператары сочаць з аператарскай: уся рэгуліроўка – уключэнне вентыляцыі, карэкціроўка тэмпературных рэжымаў… – усё праз панэль кіравання. Аднак, кожная тэхніка патрабуе догляду і клопату.
– Калі ўпэўнены ў сваёй тэхніцы, тады і працаваць на ёй спакайней. Да сезона самі рыхтуем М-819. Аднак напружаныя бесперабойныя дні працы падкідваюць тэхнічныя няспраўнасці. Напрыклад, такі тэмп працы не вытрымліваюць падшыпнікі, бывае і электрарухавік выходзіць са строю, мяняем пасы і ланцугі – усё гэта тыповыя працоўныя моманты, з якімі спраўляемся на раз-два. Тым больш запчасткі пастаўляюць аператыўна. Заказаў, лічы, адразу прывезлі, –
гаворыць Вадзім Кудзін.

– Вы трымаеце пад кантролем важнейшы этап уборачнай. За вамі – якасць збожжа, што напоўніць беларускія засекі. Сёння ўмовы надвор’я дыктуюць свой сцэнарый, таму высокія паказчыкі ў многім залежаць ад работы зернесушыльных комплексаў. У Ляхавіцкім раёне гэту работу забяспечваюць 19 ЗСК і 4 сушылкі. Дзякуй за працу, з важкім вынікам вас! – адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.

