Урок для сапраўдных мужчын. У Ляхавічах прайшоў Дзень прызыўніка

Двойчы на год для тых, хто адпраўляецца на тэрміновую службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, у Ляхавічах па традыцыі арганізоўваюць дзень прызыўніка з уручэннем павестак.

Цырымонія гэта ўрачыста-хвалюючая. Сёлета яна прайшла ў музеі баявой і працоўнай славы СШ № 2, што вельмі сімвалічна ў Год гістарычнай памяці. Асаб-ліва значна ў музейнай абстаноўцы гучалі словы пра канстытуцыйны абавязак і вернасць Радзіме. З наказам да прызыўнікоў звярнулася намеснік старшыні райвыканкама старшыня раённай прызыўной камісіі Святлана Юрлевіч. Свае настаўленні выказаў начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляха-віцкага раёнаў Арцём Кірута.
Пра тое, што памяць не памірае, гаварыў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ № 2 Віталій Толкач падчас экскурсу па музейнай экспазіцыі, якая была абноўлена да Года гістарычнай памяці. Там з’явіўся новы раздзел, прысвечаны генацыду беларускага народа.
У вясенні прызыў з Ляхавіцкага раёна армейскі строй папоўняць каля 30 юнакоў. Служыць яны будуць ва ўнутраных і пагранічных войсках, пад-раздзяленнях сіл спецыяльных аперацый і іншых.
Некаторыя з нашых прызыўнікоў вырашылі пайсці на службу ва Узброеныя Сілы па кантракце. Для гэтага неабходна было выканаць шэраг умоў: мець адпаведную спецыяльнасць, вакансію і камплект дакументаў. Два гады да іх будуць прад’яўляцца патрабаванні, як да салдатаў тэрміновай службы, але з вызначаным графікам і зарплатай. Адным словам, прызыўнікі маюць права выбару. Адзін з землякоў, напрык-лад, будзе служыць у мясцовым РАНС.
– Вясенні прызыў, як правіла, не такі шматколькасны, як восеньскі. Але юнакі і фізічна, і маральна да армейскай службы падрыхтаваны. 25 красавіка першая група ўжо адправіцца ў воінскія злучэнні, – адзначае на-чальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна
Арцём Кірута.
Гэтымі днямі зменяць цывільнае адзенне на ваенную амуніцыю браты Павел і Аляксандр Князюкі. Юнакі атрымалі спецыяльнасць тэхнікаў-механікаў і працавалі ў ААТ «Жарабковічы». Адзначаюць, што абавязак тэрміновай службы ўспрымаюць як чарговы жыццёвы ўрок:
– Лічым, што кожны мужчына павінен адслужыць у арміі. Набудзем дадатковую воінскую спецыяльнасць, а заадно паглядзім, на што здольныя. Жыццё па статуце не палохае – прывучаны бацькамі да парадку і самастойнасці, – дзеляцца браты Князюкі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.