Жніўныя акорды натхняюць на рэкорды

Сярод найбольш выніковых гаспадарак Ляхавіччыны –
ЗАТ «Фораланд», якое ў жніўным спаборніцтве выступае па-за конкурсам. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых тут перасягнула 70 цэнтнераў з гектара, а, напрыклад, ураджайнасць азімага ячменю і наогул рэкордная – больш за 96 цэнтнераў з гектара.
Першым, каго карэспандэнты «ЛВ» у дажджлівую раніцу сустрэлі на мехдвары ЗАТ «Фораланд», стаў экіпаж камбайнераў Віктара і Пятра Валчэцкіх. Да статусу перадавікоў братам Валчэцкім не прывыкаць. З сезона ў сезон яны сярод лепшых экіпажаў на ўборцы збожжа. Сёлета іх намалот перасягнуў ужо 2,5 тысячы тон.
– Пры такім ураджаі, як у нас, бункер камбайна напаўняецца хутка. Галоўнае, якасна жаць. І каб надвор’е не падводзіла. А так усё па звычайным раскладзе. З такім напарнікам, як брат Пётр, і ўвогуле праблем няма, у любы момант мы гатовы адзін аднаго замяніць, падстрахаваць, – адзначае Віктар Валчэцкі.
Побач яшчэ адзін герой жніўнай нівы з «Фораланда» – 27-гадовы механізатар Мікалай Горбік. На трактары «Беларус» ён перавёз ад камбайнаў больш за тры тысячы тон ураджаю-2026.
– Звычайна за працоўны дзень перавожу да 250 тон збожжа, раблю больш за 10 рэйсаў. Тэхніку паважаю, таму да выхаду ў поле яе рыхтую сам. Ды і з паломкамі стараюся спраўляцца сваімі сіламі. А калі што не атрымліваецца, то за дапамогай звяртаюся і да спецыялістаў інжынернай службы, і да іншых механізатараў, – расказвае малады вадзіцель. Усяго на некалькі соцень тон перавезенага збожжа адстае яшчэ адзін надзейны вадзіцель-перавозчык Валерый Загібайлаў.
Дырэктар «Фораланда» Андрэй Панчкоўскі расказвае, што за сёмы год работы прадпрыемства ў Ляхавіцкім раёне машынна-трактарны парк, канешне ж, пастаянна абнаўляецца –
у год па адной-дзве адзінкі. Разам з тым і да «старой» тэхнікі адносіны паважлівыя. І адзін з сакрэтаў паспяховай работы – менавіта тое, што камбайны, аўтамабілі, трактары і іншая тэх-ніка маюць у асноўным аднаго гаспадара, які рыхтуе тэхніку і да выхаду ў поле, і старанна і беражліва на ёй працуе.
Для 29-гадовага Арцёма Ацапкіна сёлетняе жніво пятае ў хлебаробскай кар’еры, а для яго калегі 30-гадовага Максіма Логвіна – другое. Разам яны працавіты і старанны экіпаж, на рахунку якога па стане на 7 жніўня 1 875 намалочаных тон.
– Рабочы дзень пачынаем звычайна а палове восьмай гадзіны раніцы. Аглядваем тэхніку і, калі дазваляе надвор’е, спяшаемся ў поле, звычайна працуем да 21-22 гадзін. Скажу аксіёму: кожная хвіліна на вагу золата. Лічу, інакш працаваць нельга. Увогуле, не ўяўляю сябе на рабоце ў офісе, калі працоўны дзень з 8 да 17. Зусім іншыя адчуванні, стымул, калі выходзіш у поле і разумееш, што і ад цябе залежыць, якім будзе ўраджай, – разважае камбайнер Арцём Ацапкін.
Яшчэ адзін экіпаж камбайнераў у складзе Уладзіслава Лося і Мікалая Ціцікшы набліжаецца да двухтысячнага намалоту.
Уладзіслаў Лось у «Фораландзе» працуе на пасадзе інжынера, а на ўборачную перасеў за штурвал камбайна і адзначае, што гэта далёка не першае яго жніво ў працоўнай біяграфіі. Дарэчы, першым у сельгаспрадпрыемства ўладкаваўся яго малодшы брат Станіслаў.
– Мне падабаецца працаваць у «Фораландзе», тут добрая арганізацыя працы і, адпаведна, аплата. Створаны камфортныя ўмовы, у тым ліку і бытавыя. Напрыклад, на працягу года ўсе работнікі гаспадаркі харчуюцца бясплатна, расход на сябе поўнасцю бярэ арганіза-
цыя, – гаворыць Уладзіслаў.
Андрэй Панчкоўскі з задавальненнем адзначае, што сярэдняя ўраджайнасць перавышае 70 цэнтнераў з гектара. Сёлета асабліва шчодра за клопат аддзячылі палі з азімым ячменем:
– Для нас гэта рэкордная ўраджайнасць – 96,4 цэнтнера на круг. Валавы збор – 2026 склаў 2 410 тон. Не магу абысці ўвагай і яшчэ адну важную і стратэгічную культуру – азімы рапс. У гэтым напрамку наша сельгаспрадпрыемства пастаянна эксперыментуе. Мы вырошчваем літаральна ўсе новыя гібрыды, унесеныя ў дзяржаўны рэестр.
Пад азімы рапс ураджаю-2026 было засеяна 850 гектараў, гэта па плошчах другое месца ў раёне. Ураджайнасць атрымалі 43,1 цэнтнера на круг, у 2025 годзе было 37 цэнтнераў з гектара. Так што намалот гэтага года для «Фораланда» павінен быць важкім.
Як бачна, нагод для гонару ў гэтай гаспадаркі хапае. Работнікі «Фораланда» ўмеюць працаваць.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

