Насустрач Усебеларускаму народнаму сходу.У аснове праекта Праграмы – рост дабрабыту беларускага народа

Аляксандр МАЦЮШЭНКА, старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама:

– Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку дэталёва вызначыць асноўныя прыярытэты развіцця розных сфер і галін, паставіць задачы, якія будзем вырашаць разам. Ад гэтага залежыць, якімі будуць наша заўтра і будучыня нашых дзяцей. Удзельнічаць у прыняцці важнейшых рашэнняў будуць і нашы землякі – дэлегаты УНС ад Ляхавіцкага раёна, у тым ліку і дэпутат райсавета дэпутатаў, стараста аграгарадка Навасёлкі і вёсак Пранчакі і Станчыкі Таццяна Пішч. Яна праводзіла сустрэчы з землякамі. Так, з жыхарамі Навасёлак на мінулым тыдні абмяркоўвалі праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады. Аграгараджане далі наказ дэлегату быць актыўнай на пасяджэнні УНС.
У аснове праекта Праграмы – рост дабрабыту беларускага
народа, умацаванне абараназдольнасці дзяржавы. Праграма –
гэта стратэгія, заснаваная на рэальных запытах грамадства і задачах, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы. Гэта вывераны план дзеянняў, які вызначае прыярытэты і крытэрыі, што стануць компасам у дасягненні пастаўленых мэт. Асаблівае месца займае канцэпцыя развіцця рэгіёнаў.
Пры гэтым акцэнт робіцца на максімальнае выкарыстанне патэнцыялу кожнага населенага пункта.
Работа па стварэнні камфортных умоў для насельніцтва працягнецца і ў Навасёлкаўскім сельсавеце. Стараемся працаваць, каб папярэдзіць узнікненне праблемных момантаў. У гэтым сэнсе важнай лічу дыялогавую пляцоўку – сходы па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння. Напрыклад, сёлета было ўзнята пытанне асфальтавання вуліцы Калгаснай у Навасёлках, і на 2026 год работы запланаваны. Зараз падаём заяўку на конкурс грамадзянскіх ініцыятыў на ўладкаванне дзіцячай пляцоўкі і варкаўт-пляцоўкі ў аграгарадку Навасёлкі. Увогуле прыярытэт «Моцныя рэгіёны», на маю думку, мае вялікае значэнне для павышэння якасці жыцця ў сельскіх
населеных пунктах.