«Ляхавіцкі», «Жарабковічы» – разлік завершаны. У Ляхавічах падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу машынных двароў сельскагаспадарчых арганізацый

У гэтым годзе ў склад камісіі па падвядзенні вынікаў раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў, гатоўнасці рамонтна-абслуговых баз да работы ў зімовых умовах і машынна-трактарных паркаў да сезона палявых работ уваходзілі, у тым ліку, і галоўныя інжынеры ўсіх сельскагаспадарчых арганізацый Ляхавіччыны. Іх калегіяльнае меркаванне і стала асновай для прыняцця раённым выканаўчым камітэтам рашэння аб лепшых па выніках агляду-конкурсу-2022 машынных дварах.

Лепшым у раёне прызнаны машынны двор СВК «Ляхавіцкі», а адпаведная структура ААТ «Жарабковічы» адзначана ў якасці другога прызёра конкурсу. Узначальваюць названыя арганізацыі Іван Вітко і Антон Булаты, галоўнымі інжынерамі з’яўляюцца адпаведна Андрэй Новік і Юрый Рогаўцаў.

Як патлумачыў інспектар Дзяржаўнага тэхнічнага нагляду ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Шушпаннікаў, у гэтым годзе трэцяга прызёра агляду-конкурсу было вырашана не вызначаць. Першапачаткова ў якасці кандыдатаў на «бронзу» разглядаліся машынныя двары ААТ «Нача» і СУП «Белазем’е». Аднак па шэрагу прад’яўляемых да ўдзельнікаў такога роду конкурсаў адбор прайшлі не ў поўнай меры.
Дарэчы, у дадатак да дыпломаў адпаведнай ступені ўладальнік тытула атрымлівае грашовае заахвочванне ў памеры 60 базавых велічынь, другі прызёр – 50, а трэці – 40 БВ са сродкаў раённага бюджэту.
Акрамя «раздачы» тытулаў, грашовых прызоў і слоў віншавання ў адрас лепшых, конкурсныя мерапрыемствы выявілі і шэраг недапрацовак, праблемных кропак, момантаў неналежнай адносна функцыянавання гэтых ключавых аб’ектаў сельскагаспадарчай вытворчасці. Сваім рашэннем райвыканкам прызнаў недастатковай работу па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на машынных дварах і сумежных з імі тэрыторыях, пастаноўцы сельскагаспадарчай тэхнікі на доўгатэрміновае захоўванне ў ААТ «Шлях новы», ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Нача», СУП «Белазем’е». Абавязаў кіраўнікоў названых сельгасарганізацый прыкласці намаганні па ўкараненні ў сябе вопыту работы гаспадарак – прызёраў конкурсу падчас падрыхтоўкі да палявога сезона наступнага года. Таксама было адзначана, што ў тэрмін да 15 снежня ўсе работы па пастаноўцы на міжсезоннае захоўванне ўжо незадзейнічанай у рабоце тэхнікі павінны быць канчаткова выкананы.
Аснова ўсяму – бяспека. З мэтай яе максімальнага забеспячэння адным з пунктаў рашэння яшчэ раз акцэнтавана ўвага на крытычную неабходнасць выканання на вытворчасці нормаў і правілаў тэхнікі бяспекі. У тым ліку павінен быць жорстка ўзмоцнены кантроль за тэхнічным станам сельскагаспадарчай тэхнікі перад яе выхадам з гаража. Пад асаблівай увагай – сістэмы і ўсталяваныя на машынах прыборы бяспекі. У прыватнасці, сігнальнае і сігнальна-светлавое абсталяванне.
Асобным сельгаспрадпрыемствам Ляхавіччыны належыць нямала папрацаваць на дахах будынкаў сваіх рамонтных майстэрняў і навесаў для доўгатэрміновага захоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі. Уязныя вароты, размешчаныя на машдварах некаторых гаспадарак раёна, просяць рамонту. Ён жа патрабуецца і санітарна-бытавым памяшканням на большасці машынных двароў сельгасарганізацый раёна. Дзе-нідзе не лішнім
было б адрамантаваць-падсыпаць пад’язныя шляхі, у тым ліку, і з усталяваннем асфальтавага пакрыцця, рэканструяваць пункты тэхнічнага абслугоўвання трактароў і аўтамабіляў, падысці з задачай пераабсталявання пляцовак для наружнай мыйкі тэхнікі, засяродзіцца на выкананні іншых у дачыненні тэрыторый, пляцовак і аб’ектаў машынных двароў. Ад дасканаласці рашэння гэтых і іншых задач залежаць, у першую чаргу, магчымасці сельгасарганізацый пры падрыхтоўцы сваіх машынных паркаў да работы ў наступным палявым сезоне.
У другую – вынікі агляду-конкурсу двароў – 2023.

Іван КАВАЛЕНКА.