Без зімовай перадышкі

На календары зіма, а ў полі – позняя восень, прычым, вельмі спрыяльная, каб працягваць ворыва, вывозіць арганічныяўгнаенні, грунтоўна  падрыхтавацца да веснавой сяўбы.

Дарэчы, іменна з “дазволу” прыроды сёлета гаспадаркі раёна зааралі значна большыя зямельныя плошчы, якія вясной трэба будзе засеяць. З гэтай нагоды кожнаму сельгаспрадпрыемству неабходна перагледзець свае пасяўныя фонды зерневых і зернебабовых культур, шматгадовых траў, бульбы і г.д. (і абавязковыя, і страхавыя), каб у разгар кампаніі не атрымалася, што насення не хапае. Не па-шкодзіць паклапаціцца яшчэ і пра тое, каб насенне было даведзена да пасяўной кандыцыі. У многіх гаспадарках раёна будзе яўна не хапаць насення зернебабовых культур, шматгадовых траў: недастаткова эфектыўна спрацавалі элітгасы вобласці. Таму ўжо сёння трэба падумаць пра выдзяленне сродкаў на пасяўны матэрыял.

Між іншым, кожная гаспадарка магла б займацца вырошчваннем насення шматгадовых траў самастойна, асабліва гэта датычыць СВК “Жарабковічы”. З-за недахопу насення шматгадовых траў у гэтым сельгаскааператыве  недастаткова шматкампанентнай пашы для грамадскага статка.

У час веснавой пасяўной кампаніі ў некаторых гаспадарках іншы раз выяўляецца, што так званы страхавы насенны фонд існуе толькі на паперы, а на справе няма чым перасеяць зерневыя ці зернебабовыя, якія дрэнна перазімавалі, падсеяць шматгадовыя травы, правесці перазалужэнне луга-пашавых угоддзяў.

Спрэчныя пытанні ўзнікаюць з некаторымі аграрнікамі наконт таго, ці выгадна сеяць грэчку і проса. Сёння попыт і цэны на гэтую прадукцыю гавораць самі за сябе. Скажам, кошт 10 цэнтнераў насення грэчкі раўназначны кошту 57 цэнтнераў ячменю. Чаму б не сеяць больш грэчкі, напрыклад,  у СВК “Ліпнянка”, дзе і землі прыгодныя для вырошчвання гэтай культуры, і ёсць свой пчальнік – усе ўмовы.

Надвор’е спрыяе нарыхтоўцы і вывазцы на палі арганічных угнаенняў. Упусціць гэты час  недаравальна. Па раёне ў планах нарыхтаваць і вывезці 364 тысячы тон кампосту, аднак, мяркуючы па арганізацыі работы ў многіх гаспадарках, будзе назапашана значна больш: 80,2 працэнта да плана ўжо ёсць. Але мно-гім гаспадаркам патрэбна актывізавацца: у ЗАТ “Белпрампрыбор” нарыхтавана менш паловы запланаванага, у СВК  “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” – 58 працэнтаў, а вывезена на палі і таго менш. Напрыклад, у СВК “Жарабковічы” з 99,4 працэнта да плана нарыхтаваных    кампостаў на палях толькі 65 працэнтаў.   У адрозненне ад СВК “Канюхі”  ДП “Нача” не спяшаецца забраць з Жарабковіч вадкія  ўгнаенні, гэтак жа як і СВК “Востраў-Агра” і “Ліпнянка” – з “БелДана”. Прычым, іменна для названых гаспадарак нарыхтоўка арганікі – пытанне актуальнае, бо ў наяўнасці мізэрная колькасць мінеральных тукаў. У СВК “Востраў-Агра”, напрыклад, іх усяго 9,5 працэнта да патрэбнасці, у СВК “Ліпнянка” – 15,1, “Тальмінавічы” – 7,3, ДП “Нача” – 11,8 працэнта. А яшчэ трэба набываць сродкі аховы раслін.

Гэтымі днямі ідзе работа ў мехмайстэрнях сельгаспрадпрыемстваў: тэхніка рыхтуецца да вясны. Нельга забывацца і пра падрыхтоўку механізатараў і спецыялістаў па ўкараненні новых тэхналогій, удасканаленне навыкаў работы на сучаснай высокаэфектыўнай тэхніцы. Праводзіць такія заняткі абавязаны галоўныя спецыялісты гаспадарак.

Мікалай КАПЛЫНОЎ,
галоўны аграномрайсельгасхарчу.
Аліна ЛАПІЧ, “ЛВ”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *