Дзяжурная група, на выезд!
Дзелавую цішыню зноў парушае тэлефонны званок. Літаральна некалькі мінут – і следча-аператыўная група спяшаецца па чарговым адрасе – некаму патрэбна дапамога.
Менавіта ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС (ці больш звыкла – «дзяжурку») у першую чаргу тэлефануюць з просьбай абараніць ад супрацьпраўных дзеянняў, з паведамленнямі пра злачынства і правапарушэнне. Сюды сцякаецца ўся інфармацыя пра тых, хто аб’яўлены ў вышук, дастаўляюцца парушальнікі грамадскага парадку, сямейныя скандалісты, грамадзяне для высвятлення асобы.
Старшы аператыўны дзяжурны АДС Дзяніс Завадскі расказвае, што ў сярэднім за суткі сюды паступае да 20 зваротаў, у тым ліку і тэлефонных. Самыя распаўсюджаныя – выклікі на сямейныя скандалы, паведамленні пра крадзяжы маёмасці з дамоў, кватэр, дачных участкаў.
У «дзяжурцы» літаральна не змаўкае тэлефон: прыняць і перадаць інфармацыю, заяву – спраў на працягу змены ў міліцыянераў з АДС хапае. Ад іх у многім залежыць аператыўнасць рэагавання на звароты, зладжаная работа і ўзаемадзеянне ўсіх міліцэйскіх падраздзяленняў.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА