Лепшы компас – сэрца. Гэта і пра асабістае дачыненне да навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»

  Снежань не снежыць, але ў астатнім застаецца ў пераднавагоднім «пратаколе». Ва ўсякім разе, літаральна ўсе дзеці чакаюць цудаў. А дарослыя ўваходзяць у ролю добрых чараўнікоў, гатовых гэтыя цуды выконваць. Некаторыя перадсвяточным «чараўніцтвам» ужо заняліся. Дарэчы, для гэтага не патрабуецца нейкіх незвычайных умоў і непаддымных сродкаў. Дастаткова жадання, дабраты, проста чалавечнасці, а лепшы компас на гэтым шляху – сэрца.

Пра ёлачку з «жаданнем у далоньцы», якая па традыцыі пад Новы год з’яўляецца ў ляхавіцкім магазіне «Аліса», вядома ці не ўсім нашым землякам. Яна спраўджвае мары выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Дакладней, не яна, а людзі, якія з «далонькі» даведваюцца пра жаданні дзетак і выконваюць іх. У мінулы чацвер, напрыклад, у аб’ектыў фотакарэспандэнта трапіў адзін з пакупнікоў, які пацікавіўся ў прадаўцоў незвычайнымі ёлачнымі ўпрыгожаннямі – «далонькамі» – і тут жа выказаў жаданне пабыць у ролі Дзеда Мароза. У выніку мара дзяўчынкі Ксеніі пра ляльку і хлопчыка Улада пра кнігі казак і фламастары спраўдзілася.
А пакупніком аказаўся госць нашага горада, дырэктар Брэсцкай СПМК пусканаладачных работ Сяргей Вярэніч (на здымку). У Ляхавічах ён па вытворчых справах: арганізацыя, якую ўзначальвае, плануе ўстанавіць партнёрскія сувязі з нашым раёнам. Пакуль было некалькі хвілін вольнага часу, на цэнтральнай вуліцы зайшоў у магазін «Аліса», дзе пачуў пра дабрачынную акцыю і ахвотна, з задавальненнем далучыўся да яе.
А ляхавічанка Святлана Нікуліна (на здымку) рыхтуе для дзетак сюрпрызы ўласнаручна: з яркай тканіны, іншых падручных матэрыялаў яна стварае навагоднія цацкі. Якія ж неверагодна сімпатычныя атрымліваюцца ў яе снегавічкі, снягуркі, Дзяды Марозы, сабачкі з маскараднымі ўпрыгожаннямі, ёлачкі – проста не могуць не спадабацца. Святлана абдорвае імі не толькі сваіх унукаў, але і іх сяброў-аднакласнікаў і выхаванцаў дзіцячага садка, куды ходзіць малодшанькая. Жанчына ўкладае ў работу самыя светлыя пачуцці і ўпэўнена, што кожная яе цацка прынясе радасць. Хто б сумняваўся: паглядзіце на гэты цацачны вернісаж!
…Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» працягваецца. Спяшаемся далучыцца!

Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *