Інтэлект на службе дзяржавы

ІІ З’езд вучоных Беларусі, што прайшоў у Мінску, сабраў больш за 2000 дэлегатаў, якія з’ехаліся з усёй краіны і прадстаўлялі ўсе накірункі навуковай сферы.
У другі дзень работы з’езда ў пленарным пасяджэнні прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў поспехі айчыннай навукі  і праблемныя моманты, прыярытэты развіцця. Асноўныя тэзісы яго выступлення, як і наступныя абмеркаванні дэлегатаў, датычылі праекта стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018-2040». Менавіта гэты дакумент дакладна акрэсліў будучую мадэль нашай краіны –  «Беларусь інтэлектуальная».

Дасягненні

10 гадоў назад на I З’ездзе вучоных прадстаўнікі навуковай супольнасці краіны ўпершыню сабраліся разам, каб абмеркаваць стан, надзённыя праблемы айчыннай навукі, намеціць шляхі развіцця. Ужо тады магістральным напрамкам быў вызначаны яе прыкладны характар.
На думку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, за дзесяцігоддзе зроблена нямала, эфектыўныя беларускія распрацоўкі атрымалі шырокае прызнанне.
Зроблены крокі па ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы навукова-інавацыйнай дзейнасці. Рэалізаваны мерапрыемствы па паглыбленні ўзаемадзеяння навукі з арганізацыямі рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы. Выбудавана сістэма падтрымкі таленавітай моладзі.
Прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што ў беларускім грамадстве назапашаны значны навуковы кадравы рэсурс. Сёння больш як 25 тысяч супрацоўнікаў выконваюць навуковыя даследаванні і распрацоўкі, у тым ліку амаль 8 тысяч чалавек працуюць у Нацыянальнай акадэміі навук.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што менавіта навуковае асяроддзе фарміруе эліту беларускага грамадства, як і ў любой іншай дзяржаве: «Нам ёсць чым ганарыцца. У Беларусі працуюць вучоныя з сусветнымі імёнамі. Ваш талент, невычэрпная энергія, вопыт і веды служаць на карысць беларускага народа і нашай маладой суверэннай дзяржавы».
«У фундаментальнай навуцы даследаванні нашых вучоных у галіне фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, матэрыялазнаўства з часам становяцца асновай стварэння новых тэхналогій, вытворчасцей і цэлых галін эканомікі, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. – Так, дзякуючы выкарыстанню перадавых ведаў створаны беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і сістэма мікраспадарожнікавай сувязі. У адкрытым акцыянерным таварыстве «Пеленг» асвоілі мэтавую спадарожнікавую апаратуру з распазнаваннем дакладней за адзін метр. «Інтэграл» наладзіў выпуск новых электронных кампанентаў для эксплуатацыі ў космасе». Усё гэта садзейнічала таму, што Беларусь прынята ў члены Камітэта ААН па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах, перакананы Прэзідэнт.
Пытанне харчовай бяспекі вырашана з апорай на новыя айчынныя тэхналогіі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. «Мы сталі не толькі самадастатковай у гэтых адносінах, але і экспартна арыентаванай краінай (доля экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў аб’ёме экспарту тавараў у 2016 годзе склала 17,7 працэнта), –  адзначыў Кіраўнік дзяржавы. – За 10 гадоў вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічылася на 30 працэнтаў».
Паводле ацэнкі Прэзідэнта, радуюць вынікі работы беларускіх вучоных-медыкаў і фармацэўтаў. Толькі ў 2016 годзе ўкаранёны ў практыку больш за 250 новых медыцынскіх тэхналогій у такіх важных галінах, як кардыялогія, траўматалогія, анкалогія, ахова мацярынства і дзяцінства. Беларусь знаходзіцца ў ліку сусветных лідараў у галіне транспланталогіі.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што рэалізуемыя ў айчыннай ахове здароўя навуковыя падыходы, несумненна, уплываюць на дэмаграфічную бяспеку дзяржавы. Пачынаючы з 2007 года зніжаецца дзіцячая смяротнасць і павышаецца працягласць жыцця беларусаў.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што да гэтага часу доля айчынных лекавых сродкаў на рынку краіны ў вартасным выражэнні дасягнула больш як 56 працэнтаў, а ўдзельная вага экспарту лякарстваў у агульным аб’ёме вытворчасці – 27 працэнтаў, некалькі гадоў таму было менш за 20 працэнтаў уласных лякарстваў.

Задачы

На думку Прэзідэнта, нязменнай з’яўляецца галоўная задача – павышэнне навукова-тэхнічнага патэнцыялу краіны і паскарэнне ўкаранення ў рэальны сектар эканомікі распрацовак вучоных.
2017 год у Беларусі аб’яўлены Годам навукі. Гэта павінна было актывізаваць навуковую супольнасць і надаць большую дынаміку інавацыйнаму развіццю. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што з заканчэннем 2017 года не знізіцца ўвага дзяржавы да пытанняў эфектыўнасці навуковай дзейнасці. Ён адзначыў, што на навуку ў Беларусі заўсёды выдзяляюцца сродкі – фінансавыя затраты з бюджэту краіны ў 2015-2016 гадах складалі па 0,5 працэнта валавога ўнутранага прадукту штогод.
«У перспектыве мы будзем паступова павялічваць асігнаванні. Але ёсць і іншы бок пытання – эфектыўнасць выкарыстання капіталаўкладанняў, аддача ад затрат на навуку… Не будзе выніку – не будзе грошай. Мы не настолькі багатыя, каб траціць рэсурсы на бясплодную дзейнасць. Як гаворыцца, пустацветы нікому не патрэбны», – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава мае намер усяляк падтрымліваць перспектыўныя напрамкі навуковага пошуку. Але і сама навука абавязкова павінна зарабляць.
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на некаторых напрамках удасканалення і далейшага развіцця беларускай навукі. Першы і важнейшы з іх – больш эфектыўна злучыць навуку і вытворчасць.
Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на пытаннях аграрнай сферы. «Задача аграрнай навукі на сучасным этапе – пастаянны пошук унутраных незатратных механізмаў павышэння эфектыўнасці сельгасвытворчасці. Патрэбны арыгінальныя ідэі, дзейсныя падыходы да вырашэння існуючых праблем, распрацоўка якасна новых прадуктаў, якія забяспечваюць канкурэнтныя перавагі нашай сельскай гаспадарцы», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў вырашыць праблему ўцечкі мазгоў у навуковай сферы, падкрэсліў ролю вузаўскай навукі ў планаванні падрыхтоўкі кадраў.

Стратэгія

«Нам неабходна аб’ектыўна ацаніць усе плюсы і мінусы, каб атрымалася напружаная, але рэальна выканальная праграма дзеянняў на перспектыву. Яна павінна надаць дынамічны тэмп інавацыйнаму развіццю і вывесці краіну на перадавыя пазіцыі навукова-тэхнічнага прагрэсу. Да яе рэалізацыі павінна падключыцца ўсё наша грамадства», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У праекце стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018-2040» вызначана будучая мадэль краіны – «Беларусь інтэлектуальная». Яе ключавыя кампаненты: скразная лічбавізацыя эканомікі і стварэнне ІТ-краіны, развіты неаіндустрыяльны комплекс, які  будзе адпавядаць выклікам чацвёртай   прамысловай рэвалюцыі; высока-інтэлектуальнае грамадства.
«Беларусь уступае ў новы этап развіцця – перыяд пабудовы інтэлектуальнай эканомікі. Нам важна прадоўжыць рух наперад, абапіраючыся на надзейны фундамент, створаны за папярэднія гады, і набыты вопыт. Рэалізацыя намечаных задач дасць магчымасць палепшыць якасць жыцця насельніцтва, вывесці эканоміку Беларусі на больш высокі ўзровень, фарміруючы новыя фактары доўгатэрміновага эканамічнага росту. Мы забяспечым устойлівае збалансаванае развіццё нашай краіны за кошт спалучэння эфектыўнага дзяржаўнага кіравання, павышэння ролі навукі і адукацыі, узрастаючага інавацыйнага патэнцыялу», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

МЕРКАВАННІ

Міхаіл Мясніковіч,   старшыня Савета Рэспублікі  Нацыянальнага сходу:
«Неабходна не толькі матываваць вучоных на прыкладныя навуковыя даследаванні, але і істотна ўзняць ролю канструктараў, тэхнолагаў, інжынерна-тэхнічнага персаналу вытворчай сферы. Каб было імкненне ўкараняць новыя распрацоўкі, атрымліваць новыя інавацыйныя тавары і такім чынам мадэрнізаваць дзеючыя і ствараць новыя вытворчасці. Гэта прадугледжана праектам Стратэгіі развіцця навукі і тэхналогій Беларусі да 2040 года».

Уладзімір Гусакоў,  старшыня Прэзідыума  Нацыянальнай  акадэміі навук:
«На разгляд з’езда вынесены важны дакумент – праект стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018-2040». Гэта стратэгія вы-значыць будучае беларускай навукі і эканомікі…
Ёсць падставы сцвярджаць, што будучае Беларусі ў тым, каб нарошчваць перавагі ў прыярытэтных галінах і выходзіць на лідарскія пазіцыі па ключавых перспектыўных напрамках навукі і тэхналогій, павялічваць выніковасць інавацый і інтэгравацца ў міжнародную навукова-інавацыйную прастору».

Аляксандр Сяргееў, прэзідэнт Расійскай  акадэміі навук:
«З вялікім задавальненнем і некаторай зайздрасцю назіраў апошнія 20 гадоў, якім чынам Беларусь змагла выстраліць у галіне лазерных тэхналогій і оптыкі. Цяпер мне здаецца, што нашы расійскія вучоныя, якія займаюцца ў галіне лазернага прыборабудавання і сучаснай оптыкі, заказваюць у Беларусі кампанентаў і прыбораў больш, чым у якой-небудзь іншай краіне свету…
Значна і тое, што ў Беларусі сапраўды змаглі ў вельмі складаны час захаваць навуку, тэхналогіі, прамысловасць і істотна іх развіць».

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *