Лета круглы год

162 гектары зямлі – параўнаўча невялікая плошча, на якой ёсць месца ўсяму неабходнаму: падсобныяпамяшканні і склады, побач яблыневы сад і плантацыя чарнаплоднай рабіны, 40 гектараў штогод адводзіцца пад зерневыя, ёсць участак бульбы, паша, ферма, дзе ўтрымліваецца малочны статак з 67 кароў.

Найбольшыя плошчы адведзены пад агарод: вырошчваюцца морква, сталовыя буракі, цыбуля, кабачкі, рознае зяленіва. Сапраўднае міні-сельгаспрадпрыемства. Вырашчаная на палях падсобнай гаспадаркі  сыравіна забяспечвае вытворчасць амаль пад патрэбнасць. Завод закупляе ўсяго 2000 тон яблыкаў і 1000 тон капусты. Нават салома, якой укрываюцца бурты бульбы, іншай агародніны, яблыкаў, – са свайго поля. Вырашчанае зерне ператвараецца ў канцэнтраты для статка, які забяспечвае завадчан малаком.

Такі гаспадарчы падыход да арганізацыі вытворчасці – своеасаблівы “канёк” ляхавіцкіх кансерваўшчыкаў у атрыманні прадукцыі, якая на спажывецкім рынку рэспублікі лічыцца якаснай і прымальнай па кошце. Салянка, рагу, ікра кабачковая, боршч, розныя салаты, сокі, варэнне, шчаўе кансерваванае, соус таматны  карыстаюцца пастаянным попытам у пакупнікоў. А ўсяго прад-прыемства асвоіла выпуск 75-ці найменняў прадукцыі, якая разыходзіцца па гандлёвых кропках краіны.

Складальнік поспеху кансервавага завода – гэта  і мэтанакіраваная дзейнасць усяго калектыву, які настойліва працуе над укараненнем новых тэхналогій. Пры фінансавай падтрымцы рэспубліканскага інавацыйнага фонду пабудаваны новы цэх па выпуску кансерваў. Работа на новай лініі – гэта не толькі палепшаная якасць, але і эстэтычнае афармленне прадукцыі: расфасоўка ў слоікі з накрыўкай твіст-оф, яркія этыкеткі. Распрацаваны мера-прыемствы, накіраваныя на зніжэнне ўзроўню матэрыялаёмістасці. Яны ўключаюць укараненне ў вытворчасць энергазберагальных рэсурсаў: выкарыстанне высокай тэмпературы кандэнсата для ацяплення мехмайстэрні, замена шматлікіх элементаў на больш прадукцыйныя і менш энергаёмістыя, замена закатачных машын, вакуумных апаратаў, варачных катлоў і г.д. Пад кантролем  эканомія сыравіны, матэрыялаў, іх перапрацоўка, мінімізацыя страт і адходаў на ўсіх стадыях тэхналагічнага працэсу. У полі зроку трымаецца захаванасць нарыхтаванай сыравіны, зніжэнне транспартных расходаў, нормаў гаруча-змазачных матэрыялаў.

Безумоўна, усё гэта звязана з так званым суб’ектыўным фактарам. Дык вось, калектыў тут адказны. Сярод лепшых  слесар-электрык Валянцін Шваль, вадзіцелі Віктар Прыхач, Сяргей Каліціненкаў, трактарыст-машыніст Сяргей Кукушкін, рабочыя кансервавага цэха Валянціна Кузьміцкая, Таццяна Морская, Марыя Курловіч, работніца падсобнай гаспадаркі Наталля Буйкевіч і многія іншыя.

—        Прадукцыйнасць працы на заводзе намнога большая, чым на аднатыпных прадпрыемствах краіны, — расказвае галоўны эканаміст прадпрыемства Вольга Бурак. — У 2011 годзе выпрацоўка на аднаго рабочага ў нас склала 250 мільёнаў рублёў, у той час, як, скажам, на Кобрынскім заводзе – 135 мільёнаў, на Гарыньскім – 140 мільёнаў рублёў.

Летась завод выпусціў 30 мільёнаў умоўных слоікаў кансерваў, выручка ад іх рэалізацыі склала 50 мільярдаў рублёў. Працавалі не на склад, а на спажыўца.

Гэтымі днямі кансерваўшчыкі арганізавалі работу ў 3 змены: шчыруюць над выкананнем заказу на пастаўку павідла яблычнага на хлебазаводы, у гандлёвыя кропкі краіны. На чарзе – тэрміновая перапрацоўка морквы, пасля на паток паставяць боршч, попыт на які вялікі, соусы, салаты і г. д., як звычайна. Дарэчы, прадпрыемства звярнулася да інавацыйнага фонду з просьбай выдаткаваць сродкі  для набыцця абсталявання, якога не хапае для новага цэха. А яшчэ клапоціць наспяваючая кадравая праблема. Тут з задавальненнем прынялі б на работу працавітых людзей і зарплату абяцаюць добрую.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *