Паміж вясной і восенню
На літаратурным небасхіле Ляхавіччыны падзея: выйшаў у свет зборнік вершаў нашай зямлячкі Валянціны Пабягайла.
Першыя свае вершы Валянціна Іванаўна некалі сціпла прынесла ў рэдакцыю “ЛВ”. Пасля іх публікацыі пасыпаліся цёплыя водгукі чытачоў, якія натхнілі на далейшую творчасць.
І вось прэзентацыя зборніка вершаў Валянціны Пабягайла, якую арганізавалі работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. У літаратурнай гасцёўні са-браліся людзі розных узростаў. Выкладчык школы мастацтваў Мікалай Шклянік узяў на сустрэчу свой любімы музычны інструмент – кларнет, каб прадэманстраваць, наколькі блізкія па гучанні лірычныя музычныя творы і паэзія Валянціны Іванаўны. Гэта была цёплая і шчырая сустрэча, на якой кожны хацеў падзякаваць аўтара за пранікнёныя паэтычныя радкі.
Пра што піша Валянціна Пабягайла? Кожны яе верш – гэта душэўнае перажыванне, шчыры роздум пра жыццё з усімі яго праяўленнямі: любоў, захапленне прыродай, узаемаадносіны паміж людзьмі. Асобая тэма – родная мова, мілагучная і прыгожая, на якой і ў Валянціны Іванаўны найчасцей нараджаюцца вершаваныя радкі.
Дарэчы, сама яна нарадзілася і вырасла ў Мінску, закончыла політэхнічны інстытут. Як прызнаецца, напэўна, любоў да беларускай мовы ў яе на генетычным узроўні.
Каб наш народ у свеце паважалі,
Жылі ў дружбе, шчыра працавалі,
У Ляхавічах, Гродне і Бабруйску
Давайце размаўляць па-беларуску!
Валянціна Іванаўна – вельмі шчыры і спагадлівы чалавек, гатовы рабіць дабро лю-дзям. Яна марыць і пра сваё асабістае, і пра далейшы росквіт Радзімы, шчасце людзей. Просіць блаславення ў “сарваўшайся знічкі”:
Здароўя сабе пажадала,
Радні і ўсім, каму трэба,
Каб моцна Радзіма стаяла
Пад мірным і сонечным небам.
Каб стала Радзіма багатай,
Сыноў сваіх шчыра
любіла,
Буслы каб у кожную
хату
Прыносілі дзетак
шчаслівых.
Тэма кахання, здаецца, для творчых людзей галоўная. Гэта пачуццё прыгожае, шчымлівае, радаснае, балючае, вечнае і
неразгаданае. Валянціна Пабягайла таксама дакранулася да гэтай таямніцы, успомніла маладосць, прыгадала перажыванні, трывогі, дзявочыя слёзы радасці і шчасця, а то і нераздзеленых пачуццяў. Цяпер, з вышыні пражытых гадоў, яна нібы імкнецца засцерагчы маладыя сэрцы:
Каханне часта памірае маладым—
Яно баіцца здрады, адзіноты.
Як кветка засыхае без вады,
Каханне засыхае без пяшчоты.
Радзіма, радня. Для Валянціны Іванаўны гэта не проста аднакарэнныя словы. У ліхалецце не вярнуўся з фронту яе свёкар, ён загінуў 9 мая 1945-га. А праз 20 гадоў, 9 мая яна нарадзіла сына – яго ўнука, вельмі падобнага на дзеда-воіна. Гэты факт з біяграфіі Валянціна Пабягайла раскрыла ў мініяцюры “Радня”. А ў адным з вершаў-наказаў свайму сыну і маладому пакаленню яна гаворыць: трэба памятаць тых, хто абараніў Радзіму і даў магчымасць жыць пад мірным небам – “хай памяць не сціраецца ў сэрцах”…
Дзе аўтар чэрпае натхненне, пыталіся землякі ў Валянціны Пабягайла падчас прэзентацыі яе кнігі. Ды па натуры сваёй яна – аптымістка, жыццялюбка, нераўнадушная да ўсяго, што адбываецца навокал.
Вясна. І чаго я чакаю?
Здаецца ж, усё адбылося.
Таму я, напэўна, такая,
Што ў сэрцы вясна, а не восень.
Відаць таму і назва зборніка вершаў Валянціны Пабягайла – “Паміж вясной і восенню”. І здаецца, што ўсё ж яе існасць бліжэй да вясны. А першая кніга Валянціны Пабягайла – не апошняя.
Гэты чаканы падарунак для ўсіх, хто з’яўляецца прыхільнікам яе творчасці, стаў рэальнасцю дзякуючы спонсарам – СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”, ПМК-13, ТАА “Транс-электракамплект”.
Аліна ЛАПІЧ

