Талентам трэба дапамагаць

 Мікалай ДАБРЫЯНЕЦ,  начальнік аддзела ідэалагічнай работы,  культуры і па справах моладзі райвыканкама:

– Ад таго, ці створаны неабходныя ўмовы для самарэалізацыі чалавека, для яго камфортнай працы і адпачынку, у многім залежыць ацэнка работы не толькі нашага аддзела, але і ўлады ў цэлым. Вялікія раённыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да значных дат і падзей, святы ў маланаселеных вёсачках, ушанаванне прадстаўнікоў той ці іншай прафесіі, патрыятычны конкурс, свята дзіцячай творчасці, забаўляльная праграма ці канцэрт – у нашай рабоце нязначных спраў няма.
За апошнія два гады таленавітыя маладыя землякі і аматарскія калектывы ўстаноў культуры Ляхавіччыны істотна папоўнілі скарбонку творчасці сваімі дасягненнямі, прымаючы ўдзел у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях, конкурсах, кірмашах, выстаўках, святах. Без нашых самадзейных артыстаў – «Вечарніцы» і «Вастраўчан» – не абышліся «Мотальскія прысмакі» і «Спораўскія жарты», што даўно сталі сапраўднымі творчымі брэндамі Брэстчыны. Андрэй Цямчык дайшоў да фінальнага этапу адборачнага тура міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні «Славянскі базар у Віцебску». А дараўская «Берагіня» ўдзельнічала ў міжнародным фестывалі-конкурсе «Новыя вяршыні-2017».
Прадстаўнікі нашага раёна паспяхова «засвяціліся» на свяце «Дзень вышыванкі» ў Мінску і Гараднянскім кірмашы, абласных фестывалях «Радавод», «Тэатральнае Палессе», «Эстрадны МІКС», «Фальклор без межаў», свяце фальклорнага мастацтва «Таночак», песенным форуме «З любоўю да песні», у прафсаюзнай акцыі «Народныя таленты табе, Беларусь!» і не толькі. На абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі» арганізатары запрашаюць не толькі нашых спевакоў і музыкантаў, але і майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці і народных рамёстваў.
Наладжаны культурныя сувязі з Лэнчненскім паветам Рэспублікі Польшча, лепшыя самадзейныя калектывы Ляхавіччыны выязджалі туды неаднойчы, і іх выступленні нязменна карысталіся поспехам.
Пастаянна ў пошуку новых ідэй для творчага і прафесійнага развіцця нашы бібліятэкары. Пазамінулым летам яны ініцыявалі правядзенне першых «Флер’яноўскіх чытанняў», а мінулай восенню – першых краязнаўчых «Я тут, пад гэтым небам, нарадзіўся». І гэтыя ініцыятывы вартыя таго, каб стаць добрай традыцыяй. Як, напрыклад, раённае свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных», што летась праводзілася ўжо шаснаццаты раз.
Важныя задачы – выхаваўчыя, асветніцкія, арганізацыі вольнага часу – вырашаюць бібліятэкі. І робяць гэта з арыгінальным падыходам, зацікаўлена, з улікам сучасных запытаў. Напрыклад, у 2017 годзе быў поўнасцю мадэрнізаваны бібліятэчны сайт. З’явілася электронная рэгістрацыя чытачоў, штодзень абнаўляецца стужка навін, размяшчаецца актуальная інфармацыя пра паслугі, афіша мерапрыемстваў, маюцца базы даных па краязнаўстве і многае іншае. Гэта адзін з крокаў павышэння чытацкай актыўнасці і інфармацыйнай культуры насельніцтва, асабліва моладзі.
І патрабаванне крочыць у нагу з часам датычыць не толькі ўстаноў культуры. Наогул, трэба сказаць, што за апошні час зроблена нямала для таго, каб мадэрнізаваць інтэрнэт-сайты ўстаноў, прадпрыемстваў і арганізацый. Важна, каб яны давалі жывую і поўную карціну жыцця калектываў, адлюстроўвалі ўсе сферы дзейнасці, аператыўна абнаўляліся і служылі адным з інструментаў зваротнай сувязі з насельніцтвам.
Свайго роду арыенцірам у рабоце ідэалагічнай вертыкалі служаць вынікі сацыялагічных апытанняў. Летась штоквартальна праводзілася вывучэнне меркавання насельніцтва па розных аспектах жыцця, праведзена анкетаванне па ацэнцы эфектыўнасці дзейнасці ў ЖКГ, будаўніцтве, сацыяльнай сферы. Вывучаецца маральна-псіхалагічны клімат у працоўных калектывах.
Важную функцыю выконваюць створаныя пры райвыканкаме інфармацыйна-прапагандысцкія групы, якія штомесяц выязджаюць у працоўныя калектывы.
Работа з грамадскімі і рэлігійнымі арганізацыямі, моладдзю, у тым ліку сур’ёзная ўвага да падрыхтоўкі кадравага рэзерву ідэалагічнай вертыкалі, таксама складаюць кола пытанняў, над якімі пастаянна і даволі плённа працуе наш аддзел.
Наогул, ідэалагічную нагрузку нясуць на сабе ўсе галіны сацыяльнай сферы – медыцына, сацабарона, адукацыя, культура. Важна, што ў гэтым плане яны цесна і паспяхова супрацоўнічаюць.

One thought on “Талентам трэба дапамагаць

  • 09/01/2018 в 19:40
    Permalink

    Согласна, в нашем районе немало талантливых культработников и замечательных коллективов. Проводятся и интересные мероприятия. Правда, хотелось бы побольше праздников, например. для семьи. И совсем непонятно, почему перестала работать городская библиотека в воскресенье. Единственный свободный выходной. когда можно и в читалку сходить журналы полистать. и книгу поменять. Кому в голову пришла такая непонятная идея? может стоило бы провести опрос среди читателей? Или я что-то пропустила? Газета, помоги разобраться…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *