Самагонныя рэкі, нецвярозыя берагі

Даўно вядома, што часта адурманены алкаголем чалавек паводзіць сябе не проста неадэкватна, а з’яўляецца небяспечным для грамадства.  Толькі за мінулы год кожнае  пятае злачынства па лініі крымінальнага вышуку здзейснена  ў раёне нецвярозымі асобамі. Участковыя інспектары склалі 665 адміністрацыйных пратаколаў на грамадзян, якія распівалі спіртныя напіткі ў грамадскіх месцах або з’яўляліся ў іх “пад градусам” (згодна артыкула 17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь).

За 2011 год  супрацоўнікамі  раённага аддзела ўнутраных спраў выяўлена 96 (за 2010 год – 83) фактаў парушэння антыалкагольнага заканадаўства, а менавіта – незаконнай рэалізацыі алкагольнай прадукцыі. Згодна артыкула 12.43 КаАП за выраб моцных алкагольных напіткаў (самагон, брага), захоўванне апаратаў для  іх вы-творчасці прадугледжваецца  штраф у памеры да 5 базавых велічынь з канфіскацыяй гэтых  напіткаў і апаратаў.

За паўторнае выяўленне такіх дзеянняў на працягу  года або выраб ці захоўванне больш як 5 літраў самагону ці больш як 30 літраў брагі штраф складзе  ад 5 да 30 базавых велічынь  таксама з канфіскацыяй. За мінулы год міліцыяй выяўлена і знішчана 757 літраў самагону і брагі, 24 літры фальсіфікаваных спіртных напіткаў і 30 самагонных апаратаў. Ужо сёлета ў адной гаспадыні з Гарадзішча знойдзена 55 літраў самагоннай брагі. Дарэчы, яе падпольная “лабараторыя” алкагольнай атруты  ўжо не першы раз трапляе ў поле зроку міліцыянераў. Жанчына  плаціла  штраф за свае супрацьпраўныя дзеянні, але па-ранейшаму займаецца самагонаварэннем. Цяпер да яе будуць прымацца больш жорсткія меры ўздзеян-ня.

Наогул, асабліва ”папулярны” гэты супрацьзаконны промысел, згодна міліцэйскай статыстыкі,  у Тухавічах і Свяціцы.

Не застаюцца без пакарання рублём і аматары купіць  спіртныя напіткі, прыгатаваныя  самагонавытворцамі. Іх чакае штраф да  5 базавых велічынь, а таксама давядзецца ў прымусовым парадку развітацца з “сівухай”.

Большасць такіх сяброў зялёнага змея нідзе не працуе, вядзе амаральны лад жыцця, яны сталі сапраўднай бядой не толькі для сваіх родных і блізкіх, але і для грамадства, не могуць і не жадаюць нешта мяняць у сваім жыцці. Тым не менш,  змагацца з такімі негатыўнымі праявамі як п’янства і алкагалізм неабходна. Летась на прымусовае лячэнне ад алкагалізму ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі судом накіраваны 16 хранічных алкаголікаў, 14 з іх ужо ізаляваны.

Страшная з’ява – п’яны  за рулём. Такі гора-вадзіцель небяспечны для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. За мінулы год  супрацоўнікамі АДАІ РАУС затрымана 211 вадзіцеляў, якія кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення.

Добрасумленныя грамадзяне, якім неабыякавы лёс іншых, асабліва падрастаючага пакалення, рознымі метадамі змагаюцца з распаўсюджваннем п’янства і алкагалізму. Каб папярэдзіць гібель людзей ад выпадковага атручвання алкаголем, звяртаемся з просьбай да ўсіх, хто мае звесткі аб дзейнасці асоб, якія займаюцца незаконным абаротам, вытворчасцю, захаваннем ці рэалізацыяй самагоннай прадукцыі, тытунёвых вырабаў, паведаміць пра такія супрацьзаконныя дзеянні ў органы ўнутраных спраў.  Канфідэнцыяльнасць атрыманых звестак гарантавана.  Працуе і кругласутачная  “прамая лінія” РАУС “П’янству – бой”. Тэлефануйце па нумарах: 102, 2-48-37. Дзейнічаюць і  тэлефоны “гарачай лініі” па барацьбе   з п’янствам і самагонаварэннем – 8-029-6878986, 8-029-8274466, 8-0162456215. Кожны званок  важны.

Аляксандр БУРБІЦКІ,
першы намеснік начальніка РАУС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *