Ляхавіцкі лён з экспартнай перспектывай

Дзмітрый СКАКУН,  дырэктар ААТ «Ляхавіцкі льнозавод»:

– Маштабная дзяржаўная падтрымка ў выглядзе мадэрнізацыі з рэканструкцыяй, што завяршыліся на нашым прадпрыемстве некалькі гадоў назад, у літаральным сэнсе пачала адлік навейшай гісторыі льнозавода. Такая ўвага, сучаснае абсталяванне, створаныя ўмовы працы, занясенне ААТ на Рэспубліканскую дошку Гонару – своеасаблівы крэдыт даверу для завадчан, які мы імкнёмся, нягледзячы на пэўныя цяжкасці і праблемы, вяртаць.
Мінулы год можна занесці ў актыў – спрацавалі з прыбыткам. Вырабілі 2200 тон валакна. Асноўная частка прадукцыі адпраўляецца па дзяржзаказе на айчынны рынак, у пераважнай большасці – на Аршанскі льнокамбінат. Маем трывалыя стасункі з замежнымі партнёрамі з Літвы і Кітайскай Народнай Рэспублікі. 35 працэнтаў прадукцыі, вырабленай на нашым заводзе, адпраўляецца на экспарт у Кітай. Летась такое супрацоўніцтва прынесла прадпрыемству больш за 520 тысяч долараў. Усяго ў 2017 годзе завод экспартаваў 870 тон ільновалакна на 660 тысяч долараў. У планах павелічэнне экспартных паставак і пашырэнне геаграфіі рынкаў збыту. Адзін з прагназуемых напрамкаў – Германія, дзе запатрабаваны брыкеты з ільняной кастрыцы.
Дарэчы, у бліжэйшай перспектыве будзем набываць дадатковае абсталяванне ў новы цэх для вытворчасці і фасоўкі льняной кастрыцы. Такім чынам наладжваем безадходны тэхналагічны працэс.
Цяпер завод працуе ў кругласутачным рэжыме – у 6 машына-змен, але вытворчыя магутнасці прадпрыемства задзейнічаны не поўнасцю. Справа ў недастатковай колькасці сыравіны. На жаль, мінулы год выдаўся не надта ўраджайным на лён, таму трасты для далейшай перапрацоўкі нарыхтавалі на ўзроўні пазалеташняга аб’ёму – 5353 тоны. А гэта – менш запланаванага. Закупілі яшчэ 2200 тон у Баранавіцкім райаграсэрвісе і Ляхавіцкай ільнонасенстанцыі.
Сёлета плануем павялічыць пасяўныя плошчы, вясной даўгунцом будуць засеяны дадаткова 200 гектараў. Унясём пэўныя карэктывы і ў тэхналогію догляду за пасевамі, што таксама павінна паспрыяць ураджайнасці.
Дарэчы, акрамя асноўнай вытворчасці, па-ранейшаму задзейнічаны і дадатковыя. Спецадзенне, сталовая і пасцельная бялізна – прадукцыя, якую выпускае, у тым ліку і па заказе, швейны цэх завода. Візітоўкай прадпрыемства стаў наш магазін «Лянок», дзе прадстаўлены шырокі асартымент ільняных вырабаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *