Тэст на трываласць

Прырода вяртае даўгі. І нават з працэнтамі. Пасля несезонна мяккіх снежня і першай паловы студзеня зіма паўстала ў сваім поўным бляску. Спачатку  паўмесячнайя норма снегу за пару дзён, а пасля і мароз. Ды з такой  сілай і рашучасцю, што тэмпературны фон апошніх дзён аказаўся градусаў на 10 “у мінусе” адносна кліматычнай нормы.

На гэта, у прыватнасці, звяртаюць увагу сіноптыкі ў сваіх паведамленнях, гэта ж у літаральным сэнсе адчуваецца і на ўласнай скуры. Падобны тэмпературны экстрым здольны карэктаваць работу суб’ектаў гаспадарання, тэсціруе асобныя з іх на трываласць і гатоўнасць працаваць у рэжыме дапушчальных нагрузак. Выяўляюцца і нярэдка аварыйна праяўляюцца “тонкія” месцы, скрытыя да пары да часу балячкі абвастраюцца. Такая рэальнасць, і на цеплаэнергетычны комплекс яна распаўсюджваецца ці не ў першую чаргу.

Наколькі паспяхова з тэстам на марозаўстойлівасць спраўляецца камунальная цеплавая гаспадарка раёна? З такім пытаннем “ЛВ” звярнуўся да намесніка старшыні райвыканкама па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўніцтва Уладзіміра Гурскага. Размова адбылася ў сярэдзіне бягучага тыдня, глыбокі мінус меў ужо некалькі дзён гісторыі, адпаведна, былі падставы для пэўных высноў. “Свае функцыі кацельная гаспадарка ЖКГ выконвае ў поўным аб’ёме. Працуе, канешне, з папраўкай ці прывязкай да ўмоў надвор’я, аднак, ніякіх пазаштатных, тым больш сур’ёзных аварыйных выпадкаў – ні ў рабоце абсталявання кацельняў, ні  цепламагістралях”, гаворыць Уладзімір Гурскі.

Як бы там ні было, анамальны холад – тое яшчэ выпрабаванне. І для цеплатэхнікаў: ускладняюцца ўмовы работы, больш жорсткім становіцца рэжым, пашыраюцца рамкі паўсядзённых клопатаў, пачуццё дадатковай адказнасці дабаўляе хвалявання; і для “жалеза” – абсталявання кацельняў, цеплаправодных сетак, разнастайнай дадатковай аснасткі. Словы дырэктара КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандра Мядзвецкага сведчаць, у тым ліку, і пра гэта: “Глабальных праблем няма. Яшчэ і таму, што зіма не застала нас знянацку.

Летам і ўвосень у планавым парадку былі праведзены неабходныя тэхнічныя рэгламенты на кацельнях, лініях падачы цяпла. За апошнія гады адбылася замена ўчасткаў цеплатрас у  Задвор’і, Галаўнінцах, Ліпску, Тальмінавічах, Начы, Каранеўшчыне, Востраве, у раённым цэнтры на дастаткова працяглых адрэзках. Запасы паліва адпавядаюць нарматыўным патрабаванням. Але не без лакальных нюансаў. Ёсць выпадкі, калі старыя трубы цеплатрас не вытрымліваць нагрузкі, здараюцца парывы. Як, напрыклад, было ў Федзюках, Жарабковічах.

Аднак, падобнага кшталту няштатныя выпадкі выпраўляюцца ў штатным рэжыме і ў максімальна кароткі час. Прытым, што для вядзення рамонтна-аднаўленчых работ, як правіла, патрабуецца ўзгадненне з прад-прыемствамі электрасувязі, электра- і газазабеспячэння. На гэта аб’ектыўна за-трачваецца пэўны час. У мэтах аператыўнасці рэагавання на магчымыя надзвычайныя здарэнні на прадпрыемстве дадаткова прадугледжаны дзяжурныя брыгады. Яны гатовы рэагаваць на сітуацыю ў любую хвіліну дня ці ночы.

Запасы паліва апасенняў не выклікаюць, іх аб’ёмы адпавядаюць нарматыўным патрабаванням. Абсталяванне кацельняў, цеплатрасы – увесь цепла-энергетычны комплекс, калі коратка, праектна адаптаваны для работы пры тэмпературы паветра не ніжэй за 21 градус марозу. Сённяшняй ноччу, дарэчы, гэты тэмпературны рубікон быў ужо пройдзены”.

Гутарылі з Аляксандрам Мядзвецкім у сераду.
Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *