Віншуем Кацю з серабром

Наша Каця першая злева. Фота з сайта judo.by

Барацьба – і ў прамым, і ў пераносным сэнсе – разгортвалася на працягу апошніх трох дзён мінулага тыдня ў Магілёве, дзе праводзіўся чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па дзюдо. Пазмагацца за тытул чэмпіёна краіны сабраліся мацнейшыя дзюдаісты Беларусі. І дзюдаісткі, сярод якіх была выхаванка ДЮСШ Ляхавіцкага раёна Кацярына Мацулевіч. Былая выхаванка, удакладнім, паколькі Кацярына ўжо другакурсніца Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і трэніруецца ў сталіцы пад кіраўніцтвам Сямёна Гуманава. У Магілёве будучы спартыўны менеджар выступала ў вагавай катэгорыі да 48 кілаграмаў. З чатырох праведзеных схватак выйграла тры – акрамя тытульнай. У фінале нашай Кацярыне супрацьстаяла больш вопытная і на некалькі гадоў старэйшая магілёўская дзюдаістка, якая і стала чэмпіёнкай краіны. У Каці віцэ-чэмпіёнства, што надзвычай нядрэнна для спартсменкі, якая робіць толькі першыя крокі на дарослым татамі. Да таго ж пападанне ў прызы на чэмпіянаце краіны дае права на прысваенне спартсмену майстарскага звання. Віншуем Кацю і з сераб-ром, і з гэтым прыемным і важкім бонусам. Тое ж і ў адрас яе першых – ляхавіцкіх – трэнераў – Георгія Барысевіча і Рашыда Байрашэўскага.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з сайта judo.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *