Што значыць быць калегамі

Старшыня ФПБ Міхаіл Орда (у цэнтры), начальнік упраўлення інфармацыйна-аналітычнай работы Міністэрства інфармацыі Таццяна Хмель (злева), намеснік старшыні ФПБ Алена Манкевіч.

Напрыканцы студзеня, Мінск сабраў каля 150 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі з усіх рэгіёнаў краіны на  ІІІ Форум прафсаюзаў «Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства інфармацыі.

«Прафтур-2018»

Рэгіянальныя журналісты аднымі з першых наведалі надзвычай цікавую, інфарматыўную і змястоўную экскурсійна-турыстычную выставу «Прафтур-2018», што экспанавалася з 30 студзеня па 1 лютага ў Палацы культуры прафсаюзаў. Тут быў маштабна прадстаўлены турыстычны патэнцыял нашай краіны. Адкрываючы экспазіцыю, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда падкрэсліў:
– Беларусь – прыгожая краіна з багатай культурнай і гістарычнай спадчынай. Кожны раён адметны сваёй унікальнасцю. А выстава «Прафтур-2018» – прафсаюзны ўклад у развіццё такога важнага і неабходнага для краіны накірунку, як турызм. У многіх краінах свету гэты сектар эканомікі прыносіць значныя даходы. З’яўляюцца выдатныя магчымасці для самазанятасці людзей.
Сярод перспектыўных турыстычных накірункаў, акрамя аздараўленчага, называўся прамысловы турызм.
– Наведванне прамысловых аб’ектаў падчас экскурсій і падарожжаў – добрая магчымасць пазіцыянаваць айчынную прадукцыю і нашу рэспубліку за яе межамі. Гэта імідж дзяржавы, –
упэўнены Міхаіл Орда. – У той жа час для школьнікаў экскурсіі на беларускія прадпрыемствы – магчымасць прафарыентацыі, дапамога ў выбары будучай прафесіі.
Прамысловаму турызму была прысвечана вялікая экспазіцыя. Выставу-продаж арганізавалі Аршанскі льнокамбінат, ювелірны завод Zorka, шклозавод «Нёман» і іншыя прадпрыемствы.
Нямала жадаючых было пазнаёміцца з анімацыйнымі праграмамі «Баль па-за часам» і «Забавы ў Любавы», паспытаць на сабе «здаровыя» навінкі: асартымент санаторна-курортных прапаноў быў надзвычай шырокі – ад працэдур да медыцынскіх даследаванняў. Свае турыстычныя паслугі прэзентавалі і лепшыя аграсядзібы.
Экспазіцыі прадставілі тураператараў не толькі з Беларусі, але і з Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Літвы, Расіі, Украіны. Напрыклад, прафсаюзны тураператар «Беларустурыст» прапануе больш за 500 цікавых варыянтаў адпачынку як для беларусаў, так і для замежных гасцей. 13 прафсаюзных санаторыяў сёлета падрыхтавалі праграмы на любы густ – ад традыцыйных паўнацэнных курсаў па санаторна-курортным лячэнні да тураў выхаднога дня. Летась паслугамі прафсаюзных здраўніц скарысталіся больш за 85 тысяч чалавек, з іх каля 44 тысяч – замежныя турысты, грамадзяне з 45 краін свету.

Майстар-класы  і адкрыты дыялог

Грунтоўна і змястоўна – гэта пра майстар-класы з удзелам прадстаўнікоў рэспубліканскіх СМІ. І дырэктар выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў, і рэдактар сайта 1 prof.by Аляксей Пашкевіч і расказалі, і адказалі літаральна на ўсе пытанні калег.
На наступны дзень форум прадоўжыўся ў Доме прафсаюзаў. На пленарным пасяджэнні да журналістаў далучыліся старшыні абласных, раённых, гарадскіх аб’яднанняў і рэспубліканскіх камітэтаў прафсаюзаў.
– Вы нашы калегі і галоўныя памочнікі ў адказнай рабоце па абароне правоў і інтарэсаў чалавека працы, – звярнуўся да журналістаў і прафсаюзных актывістаў старшыня ФПБ Міхаіл Орда. – Сустрэча задумана ў фармаце камунікатыўнай пляцоўкі. Наша мэта – адкрыты дыялог, адказы нават на самыя складаныя і вострыя пытанні трэба шукаць разам.
Міхаіл Орда спыніўся на апошніх ініцыятывах, расказаў пра прафсаюзныя напрацоўкі, пазнаёміў з прапановамі, якія выносяцца на разгляд урада. Закраналіся тэмы росту заработнай платы і занятасці насельніцтва, удасканалення пенсійнага заканадаўства, кантрактнай формы, маніторынгу цэн, развіцця турызму.
Увага была акцэнтавана на Дэкрэце № 1 аб садзейнічанні занятасці насельніцтва. Міхаіл Орда падкрэсліў, што ў гэтым дакуменце закладзена важная норма: кожны працаздольны грамадзянін павінен удзельнічаць у фінансаванні сацыяльных паслуг.
– Дэкрэт справядліва і законна вызначае, што ўсе павінны працаваць легальна, а калі камусьці патрэбна дапамога ў працаўладкаванні, то дзяржава яе акажа.
Начальнік упраўлення інфармацыйна-аналітычнай работы Міністэрства інфармацыі Таццяна Хмель зачытала прывітальны адрас міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча ўдзельнікам форуму. Яна адзначыла, што менавіта рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі часцей за іншыя становяцца пляцоўкай для звароту грамадзян па ўзнікаючых праблемах і даносяць людзям аб’ектыўную інфармацыю. У гэтым канструктыўная роля СМІ ў рэалізацыі важнейшай дзяржаўнай задачы сацыяльнага партнёрства, у аснове якога трохбаковае пагадненне паміж урадам, прафсаюзамі і наймальнікамі.
Таццяна Хмель пераканана: каб той ці іншы сацыяльны праект быў паспяховым, меў шырокі рэзананс, прыцягваў інвестыцыі, неабходна яго граматнае інфармацыйнае суправаджэнне.
Намеснік старшыні ФПБ Алена Манкевіч назвала СМІ асноўнай крыніцай, з якой грамадзяне атрымліваюць не толькі інфармацыю пра падзеі, але і даведваюцца пра рэальную дапамогу з боку прафсаюзаў. Яна пазнаёміла з асноўнымі прынцыпамі, на якіх базіруецца інфармацыйная палітыка Федэрацыі прафсаюзаў: паслядоўнасць, аператыўнасць, аб’ектыўнасць, эфектыўнасць.

Перспектыўна

На форуме былі азначаны накірункі развіцця далейшага супрацоўніцтва паміж прафсаюзамі і СМІ. І, канешне, журналісты скарысталіся выдатнай магчымасцю выказаць свае думкі, меркаванні на актуальныя тэмы і задаць хвалюючыя пытанні. Сярод апошніх – дадатковыя сацыяльныя гарантыі пры пераводзе з кантрактнай формы найму на бестэрміновыя працоўныя дагаворы, нюансы размеркавання маладых спецыялістаў і вяртанне інстытута настаўніцтва, далейшае развіццё лічбавай эканомікі і многія іншыя.
Самім жыццём наканавана супрацоўнічаць прафсаюзу і СМІ.

Галіна КАНЬКО.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Меркаванне

Міхаіл Орда, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі:
– Вы, журналісты, нашы калегі і галоўныя памочнікі ў адказнай рабоце па абароне правоў і інтарэсаў чалавека працы. Наша мэта – адкрыты дыялог, адказы нават на самыя складаныя і вострыя пытанні трэба шукаць разам.

Дэлегацыя Брэстчыны на прафсаюзным форуме.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *