Усё пачынаецца з любві

Простая гісторыя, а як многа яна нясе інфармацыі. Летась у гурток разьбы па дрэве разам са сваімі аднакласнікамі завітаў падлетак, пра якога гаварылі – “цяжкі”. Назаўтра ён прыйшоў зноў, пасля і кампанія не была патрэбнай. Спачатку пільна ўглядаўся ў работу дзяцей, прыслухоўваўся да парад педагога Уладзіміра Ліска, а пасля і сам папрасіў інструменты. Хлопчыка захапіла гэтая творчая работа, атмасфера, што панавала тут. Цяпер увесь свой вольны час ён бавіў толькі тут, у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У школе таксама наладзіліся справы. Гэты хлопец сёння вучыцца ў Мінску, але калі прыязджае дамоў на выхадны, то не прапусціць момант, каб завітаць да старых знаёмых…

Дырэктар цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Людміла Юнік, якая расказала гэтую гісторыю, лічыць, што, зрэшты, у ёй няма нічога асаблівага, бо ў гэтай установе “ўсё пачынаецца з любві”. З любві да дзяцей, з разумення іх псіхалогіі, з умення дарослых дзіцячымі вачамі паглядзець навокал і ўбачыць свет іменна ў тых фарбах, якія вабяць іх. І трымацца гэтай атмасферы, якая не проста зачароўвае, а стварае творчы настрой, дае магчымасць раскрыцца дзіцячай душы.

А, як вядома, усе дзеці таленавітыя. Зноў жа гэтую тэорыю гатовы пацвердзіць Уладзімір Лісок. Аднойчы нехта з яго вучняў самастойна выразаў з дрэва ваенную пушку, гледзячы на сябра, другі хлопчык змайстраваў танк, і рабяты самастойна пачалі ствараць макет ваенных дзеянняў, які назвалі “Бой на Завінскай горцы”. Ідэю рабят падхапіў педагог і запрасіў у якасці кансультанта гісторыка Уладзіміра Погаса.

Гістарычныя факты неўзабаве ажылі ў аб’ёмнай рабоце гурткоўцаў. Некалькі гадоў яны працавалі над макетам, і атрымаўся сапраўдны шэдэўр. Калі паказалі работу на абласной выставе, то журы аднагалосна прысудзіла дыплом I ступені ў намінацыі “Ваенна-гістарычнае макетаванне”. Вось ужо некалькі месяцаў работа экспануецца на рэспубліканскай выставе ў Мінску, у нацыянальным цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі ў раздзеле “Прарыў у будучыню”.

Адзін з асноўных накірункаў дзейнасці цэнтра – захаванне культурнай спадчыны беларускага народа. Шырокія магчымасці, багатая тэматыка спрыяюць развіццю фантазіі педагогаў і вучняў. Дэкаратыўна-прыкладную творчасць, напрыклад, прадстаўляе гурток “Лянок” і педагог Наталля Махляр.

Любоў да нацыянальнай культуры, тонкі густ, жаданне ўдасканальваць і сваё майстэрства, і навучыць дзяцей сваімі рукамі тварыць прыгажосць  падштурхоўваюць Наталлю да стварэння многіх захапляючых работ. А лялькі “Беларусачкі”, магутны “Зубр”, выкананыя з ільну, падкрэсліваюць нацыянальны каларыт і прыгажосць роднага краю. Лепка з гліны, саломапляценне, выцінанка – усё гэта адвечна беларуская творчасць.

Дакладней, промыслы нашых продкаў, якія сёння, на жаль, сталі рэдкасцю. Дзякуючы педагогам Святлане Дубіна,Наталлі Кудраўцавай, Людміле Барыскінай, Надзеі Садоўскай, Алене Макарэвіч і іншым яны ажываюць у руках нашчадкаў – унукаў і праўнукаў. Іх таленавітыя работы неаднаразова адзначаны на абласной выставе.

Нядаўна педагог Таццяна Нагорная зрабіла для юных талентаў яшчэ адно адкрыццё: прапанавала асвоіць азы валення шэрсці. Тое, што і сёння існуе такі промысел – вядома. Напрыклад, валёнкі – самы надзейны абутак марознай зімой. А вось зрабіць такім спосабам упрыгожванні, цацкі, цэлыя сюжэтныя кампазіцыі – гэта навіна, якую рабяты ўзяліся настойліва асвойваць. Між іншым, Таццяна Нагорная дала майстар-клас і для педагогаў раёна, спецыялістаў аддзела адукацыі райвыканкама. Тэматычныя ж работы гурткоўцаў адзначаны на абласной выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вясёлкавы калейдаскоп” і рэспубліканскай “Калядная зорка”.

Матэрыялісты, напэўна, могуць сказаць, што “з нічога ўтварыцца нешта не можа”. А вось у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі штодзень даказваюць адваротнае. У выставачнай зале, напрыклад, сярод іншых экспанатаў стаяць кошыкі кветак, розныя кампазіцыі, якія рабяты зрабілі з выкінутых каляровых цэлафанавых пакетаў, пластыкавых бутэлек, паперы, непатрэбных абрэзкаў тканіны, драўнінных адходаў (у ход ідзе нават пілавінне) — аднак, такая прыгажосць!

Каб працаваць, тварыць, развіваць юныя таленты і асабліва не залежаць фінансава, і рабяты, і педагогі стараюцца назапасіць самых розных матэрыялаў. Радаваліся, калі ўдалося наладзіць кантакты са знакамітай фабрыкай “Элема”, якая прапануе юным творцам абрэзкі тканіны, сінтэпон для напаўнення мяккіх цацак. Удзячныя гурткоўцы і ААТ ”Ляхавіцкі льнозавод”, СВК “Ляхавіцкі” – ільносаломка, кудзеля, салома са злакавых – усё гэта матэрыял для падзелак. Педагогі на сваіх прысядзібных участках знаходзяць градку, каб вырасціць сухацветы, іншыя расліны з багатай афарбоўкай – сыравіна для тых, хто захапіўся фларыстыкай. А за глінай едуць аж у Слуцкі раён, аднак усе гэтыя намаганні вартыя, калі ўбачыш работы гурткоўцаў.

Яшчэ адзін напрамак дзейнасці цэнтра – мастацкая самадзейнасць. З юнымі выканаўцамі працуюць педагогі дадатковай адукацыі Юрый Грынь, Таццяна Калацкая, Марына Галушка, Надзея Чынько. Яны здолелі зацікавіць рабят і настроілі іх верыць у свае пос-пехі, таму на занятках — поўны аншлаг. Пакуль што юных артыстаў цёпла прымаюць гледачы на раённай і абласной сцэнах. Напрыклад, дыплом  ІІ ступені на конкурсе “ Добры дзень, свет!”(яму папярэднічаў дыплом ІІІ ступені на гэтым жа конкурсе) – заслуга танцавальнага калектыву “Надзея” пад кіраўніцтвам Надзеі Чынько. Але ўсё яшчэ наперадзе.

У якасці дадатковай адукацыі працуюць гурткі замежных моваў   (англійскай і нямецкай). Вельмі цікавы “Малышок”, арганізаваны для дашкольнікаў, які педагогі называюць з гумарам “ наша кузня кадраў”, бо амаль усе гэтыя рабяты пазней становяцца гурткоўцамі. “Інтэлектуалы” спрабуюць развіваць свой інтэлект і рыхтуюць сябе для ўдзелу ў гульні “Што? Дзе? Калі?”, прычым, гурткоўцаў становіцца ўсё больш, і па раёне набралася ўжо 6 каманд.

Жыццёвы тэмп і рытм, тэндэнцыі моды, папулярнасць мала-дзёжных рухаў і напрамкаў – усё нясе адбітак на змесцедзейнасці гурткоў, павялічваецца і колькасць рабят, якія жадаюць у іх займацца. Педагогам іншы раз здаецца, каб цэнтр працаваў круглыя суткі, то, мабыць, знайшліся б жадаючыя сюды наведвацца. Нават у нядзелю працуе з удзельнікамі мастацкай самадзейнасці Марына Галушка, збірае сваіх аматараў “Юны інспектар дарожнага руху” і яго кіраўнік Сяргей Багдановіч.

— Увесь сакрэт у тым, – расказвае дырэктар цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Людміла Юнік, – што мы адкрытыя для зносін. Дзеці прыходзяць да нас не як у школу, а як да сваіх сяброў, з якімі, яны ведаюць, цікава і змястоўна правядуць час, рэалізуюць свае задумы. І самы вялікі плюс, што і бацькі нашых дзяцей зацікаўлены ў занятках, якія не толькі вучаць, але і выхоўваюць, садзейнічаюць станаўленню асобы.

…У выставачнай зале цэнтра – цесна ад работ. Але кожная, на якую не ўпадзе позірк, мае мастацкую вартасць. Хоць бы гэтая: у жанры фларыстыкі зроблены партрэт “Ляхавічанка”. Матэрыял – засушаныя лісты розных дрэў і раслін. А з рамкі глядзіць на цябе сапраўдная прыгажуня з пшанічнымі валасамі, у беларускім нацыянальным адзенні, з кветкамі ў руках… Гэта майстэрства.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *