Бізнес – занятак для прадпрымальных

Упэўненасць у сабе, веданне канкрэтнай мэты, уменне даводзіць пачатае да лагічнага завяршэння, пазітыўныяадносіны да жыцця, імкненне да ведаў. Не догма, канешне, аднак, уладальнік класічнага набору пералічаных якасцяў зусім верагодна “рызыкуе” стаць чалавекам паспяховым.

Калі дапоўніць згаданае дасканалым веданнем прадмета дзейнасці – паспяховым у бізнесе. Гэта вельмі няпроста. Але і не немагчыма: бізнес – ні што іншае як работа, якую добра ведаеш і ўмееш, якую выконваеш пад уласным кантролем, на сваю ж адказнасць. Аднак жа – на карысць не толькі сабе, але і грамадству.

А што ж раён? Дапамагчы сарыентавацца на прадпрымальніцкім полі Ляхавіччыны “ЛВ” папрасіў намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Дзяжурнага.

— Уладзімір Уладзіміравіч, якія змены адбыліся на прадпрымальніцкім полі па завяршэнні Года прадпрымальніцтва – колькасна, якасна? Тым больш, што ў апошні дзень 2010 года Прэзідэнтам была падпісана Дырэктыва № 4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай дзейнасці”.

— Бадай, гэта першы ў сваім родзе дакумент такой глыбіні і грунтоўнасці. Ён скіраваны на развіццё максімальнай спрыяльнасці прадпрымальніцкай дзейнасці як аднаго са складальнікаў эканамічнай самадастатковасці краіны.  Гэта дакумент на перспектыву, яму адводзіцца стратэгічнае значэнне. Сярод жа асноўных мэт значыцца лібералізацыя дзелавой ініцыятывы, фарміраванне канкурэнтнага асяроддзя, прыцягненне інвестыцый і ўкараненне інавацый, павелічэнне колькасці працоўных месцаў і падатковых паступленняў у бюджэт і іншае. Але ж і сёння ўжо можна гаварыць аб прамых выніках  дзеяння Дырэктывы № 4. У прыватнасці, станоўчая дынаміка развіцця прадпрымальніцтва ў раёне дае падставу для такога сцвярджэння. Пры тым, што мінулы год складваўся няпроста як для ўсёй эканомікі, так і для прыватнай ініцыятывы.

Па стане на пачатак бягучага года ў раёне зарэгістравана 407 індывідуальных прадпрымальнікаў. Акрамя таго, гаспадарчую дзейнасць вядуць 103 малыя прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці, у тым ліку 20 фермерскіх гаспадарак. Усяго ў недзяржаўным сектары задзейнічана 1438 чалавек – 12,1 працэнта ад увогуле занятых у эканоміцы раёна. І гэта статыстыка павялічваецца з году у год. Летась, напрыклад, дадаткова зарэгістравана 85 індывідуальных прадпрымальнікаў, 6 малых прадпрыемстваў, у іх ліку і 2 фермерскія гаспадаркі.

Па выніках 2010 года, нагадаю, раён быў прызнаны лепшым у абласным конкурсе ”Лепшы прадпрымальнік” за стварэнне спрыяльных умоў для развіцця прадпрымальніцтва.

— Уявім сабе гадавы ВУП Ляхавіччыны ў выглядзе, напрыклад, прыгожага вялікага каравая. Наколькі значная яго частка сфарміравана дзякуючы і за кошт прыватнага сектара эканомікі?

— Дастаткова значная. Прытым, што пытанне гэта характарызуецца не толькі ў матэрыяльным вымярэнні. Неабходна адзначыць і сацыяльную значнасць прыватнай ініцыятывы. Ініцыятывы, што пры ўдалым раскладзе трансфармуецца, у тым ліку, і ў новыя працоўныя месцы, пашырае межы падатковай базы і іншае. У канчатковым жа выпадку ўсё гэта адлюстроўваецца на дабрабыце і якасці жыцця людзей, садзейнічае ўстойліваму развіццю грамадства.

— Дарэчы, пра падаткі. Якое месца ў фарміраванні раённага бюджэту займаюць прадпрымальніцкія структуры? Якія з іх з’яўляюцца самымі ”важкімі” падаткаплацельшчыкамі?

— Доля падатковых паступленняў ад суб’ектаў сярэдняга і малога прадпрымальніцтва – арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў – у даходах кансалідаванага бюджэту раёна ў мінулым годзе склала 25,7 працэнта. Больш як на чвэрць, такім чынам, райбюджэт фарміруюць прыватныя структуры. Можна заўважыць у гэтай сувязі, што ў 2010 годзе прыватны ўзнос у бюджэт быў яшчэ большы – 31,3 працэнта. Прычыны зніжэння на паверхні, непасрэдна звязаны з фінансавымі тэндэнцыямі мінулага года.

Што тычыцца асобных суб’ектаў гаспадарання з пункту гледжання эфектыўнасці іх работы, хацеў бы адзначыць ТАА “Трансэлектракамплект”, ПУГП “Гандлёвы дом “Уладзімір” і фермерскую гаспадарку “Уладзімір плюс”, СТАА “Інтэрлак”,  ТАА “Ляхавічыдрэў”, ПУП “Аўтацэнтр “Вікторыя”, ЗАТ “Ляхавіцкі завод “Металапластмас”, ТАА “Ібіра”, фермерскія гаспадаркі “Даманскае” і “Улазавічы”. І, канешне ж, ЗТАА “БелДан”, якому належыць амаль палова раённых аб’ёмаў рэалізацыі мясной прадукцыі.

— А колькі дадатковых працоўных вакансій з’явілася ў раёне, дзякуючы прыватнаму бізнесу?

— На працягу 2011 года суб’ектамі малога бізнесу ў раёне створана 258 новых працоўных месцаў. А, між іншым, лічыцца, што стварэнне аднаго працоўнага месца абыходзіцца ў 7–10 тысяч долараў ЗША. Гэта сярэдні паказчык і ў выпадку, калі размова не ідзе аб высокатэхналагічных галінах гаспадарання. Заўважу таксама, што пазіцыі прыватнікаў у дачыненні азначанага пытання куды больш трывалыя і выніковыя ў параўнанні з суб’ектамі дзяржаўнай формы ўласнасці.

— Сярод прыярытэтных задач эканомікі краіны – выхад на станоўчы баланс у гандлі з замежжам. Раён у гэтым сэнсе выглядае цалкам выйгрышна – можам пахваліцца перавышэннем экспартных паставак над коштам таго, што атрымліваем па імпарце. Гэта паказаў 2010 год, пацверджаннем таму стаў і мінулы. Ці ёсць у тым заслуга прыватнікаў?

— Безумоўна. За 11 месяцаў мінулага года прадпрыемствамі раёна экспартавана тавараў і паслуг на суму больш за 27 мільёнаў долараў ЗША. Для параў-нання, аналагічны паказчык года папярэдняга быў куды больш сціплым – на цэлых 7 мільёнаў. Асноўную экспартную нагрузку няслі і нясуць СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” і ЗТАА “БелДан”. Экспарцёрамі з’яўляюцца таксама  ТАА “Трансэлектракамплект”, ТАА “Ляхавічыдрэў”, ЗАТ “Ляхавіцкі завод ”Металапластмас”, ПУП “Цвірко і К”.

Магчыма, сёлета знойдзе сябе на знешнім рынку і нехта яшчэ з прадпрымальніцкай суполкі раёна. Прынамсі, гэта пажадана і было б вельмі нядрэнна. У святле таго, што Ляхавіччыне неабходна ўзмацніць свой экспартны вектар прыкладна на 5 з паловай мільёнаў долараў ЗША у параўнанні з мінулагоднімі пастаўкамі. Ва ўмовах нашай прыроднай беднасці на вуглевадародную сыравіну так званы збалансаваны экспарт – выключна важная задача. І іменна гэты паказчык становіцца ўсё больш вызначальным у ацэнцы якасці работы любога з кіраўнікоў прадпрыемстваў. Размова і аб прыватніках, хоць    яны і самі сабе гаспадары, і, канешне, аб дзяржаўным вытворчым менеджменце.

Гутарыў Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *