Глабальнае партнёрства для ўстойлівага развіцця

21-22 лютага ў Беларусі прайшоў Рэгіянальны форум нацыянальных каардынатараў па дасягненні глабальных Мэт устойлівага развіцця. У ім прынялі ўдзел 54 высокія прадстаўнікі міжнародных арганізацый і розных агенцтваў, органаў і ўстаноў ААН (ЮНІДА, ФАО, ЮНКТАД, ЮНЭЙДС), кіраўніцтва Сусветнага банка, ЕБРР, а таксама Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Для ўдзелу ў форуме ў Мінск прыбыла першы намеснік Генеральнага сакратара ААН Аміна Махамед. У праграме візіту ганаровай госці былі афіцыйныя сустрэчы і іншыя мерапрыемствы. Аміна Махамед сустрэлася з Прэзідэнтам Беларусі
Аляксандрам Лукашэнкам. Таксама адбыліся сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаілам Мясніковічам і яго намеснікам, нацыянальным каардынатарам па дасягненні МУР Мар’янай Шчоткінай, Прэм’ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.
Форум сабраў у Мінску дэлегацыі з больш як 50 краін. Удзельнікі абмяняліся вопытам па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, абмеркавалі праблемныя пытанні на шляху да выканання Парадку дня-2030. Галоўная мэта сустрэчы – стварэнне рэгіянальнай сеткі нацыянальных каардынатараў па МУР.
Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года дзяржавы – члены ААН прынялі 25 верасня 2015 года. Ён уключае спіс з 17 мэт, накіраваных на ліквідацыю беднасці, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, а таксама на вырашэнне праблем, звязаных са змяненнем клімату.
Аляксандр Лукашэнка вітаў правядзенне ў Мінску Рэгіянальнага форуму нацыянальных каардынатараў па Мэтах устойлівага развіцця. Паводле яго слоў, гэта дасць магчымасць абмеркаваць асноўны напрамак дзейнасці ўсіх краін Арганізацыі Аб’яднаных Нацый на бліжэйшую перспектыву – пытанні выканання Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года.
Першы намеснік Генеральнага сакратара ААН Аміна Махамед высока ацаніла пачатак рэалізацыі Беларуссю Мэт устойлівага развіцця, падкрэсліла, што ў Беларусі яна ўбачыла шмат добрых ініцыятыў. На яе думку, рэспубліка натхняе сваімі ідэямі і іншыя краіны на вырашэнне пытанняў, звязаных з рэалізацыяй МУР.
У рэзюмэ, якое было аднагалосна адобрана ўсімі ўдзельнікамі форуму, пералічаны інавацыйныя падыходы краін да дасягнення МУР. Гэты вопыт будзе вывучацца ў іншых дзяржавах.
Каардынатары па МУР сышліся на думцы, што рэгіянальны форум у Мінску стаў пляцоўкай для абмену вопытам і практычным укладам у стварэнне глабальнага партнёрства па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Плануецца, што наступны пройдзе ў Азербайджане.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *