Лягчэй папярэдзіць, чым потым выпраўляць

Пракуратура Ляхавіцкага раёна ва ўзаемадзеянні з праваахоўнымі, кантралюючымі органамі, органамі мясцовай улады прымае меры, накіраваныя на забеспячэнне законнасці і правапарадку.

Па выніках 2017 года ўзровень злачыннасці застаўся практычна на ранейшым узроўні. Пры гэтым істотна знізілася колькасць злачынстваў, учыненых асобамі ў стане алкагольнага ап’янення, раней судзімымі, а таксама групай асоб. Аднак зарэгістраваны рост злачынстваў, звязаных з крадзяжом грашовых сродкаў з дапамогай банкаўскіх картак, хуліганстваў, а таксама ўчыненых на сямейна-бытавой глебе. Практычна кожнае другое злачынства на рахунку асоб, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. І яшчэ адна акалічнасць: значная колькасць крадзяжоў учынена з гаспадарчых пабудоў, дач.
Пракуратура раёна падчас праверак дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі выяўляла недахопы, якія зніжалі эфектыўнасць прафілактычнага ўздзеяння на пэўныя катэгорыі грамадзян. Так, у Альхоўскім і Востраўскім сельвыканкамах не ўсім асобам, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, удзялілі належную ўвагу. Не ў поўнай меры забяспечана ўзаемадзеянне паміж сельвыканкамамі і райаддзелам унутраных спраў па правядзенні сумесных мерапрыемстваў. Па ўсіх выяўленых парушэннях прыняты меры пракурорскага рэагавання.
У 2017 годзе пракуратура раёна накіравала ў суд тры заявы аб абмежаванні ў дзеяздольнасці асоб, якія злоўжываюць спіртным і трацяць увесь свой заробак на алкаголь.
У выніку ўзаемадзеяння з РАУС пракуратура прыцягнула да адміністрацыйнай адказнасці 15 жыхароў раёна за насілле ў сям’і. Узбуджана 16 крымінальных спраў за катаванне, прычыненне цялесных пашкоджанняў і пагрозу забойствам у выпадках, калі пацярпелы бок баяўся звяртацца з адпаведнай заявай.
Пракуратура не пакінула без увагі і праблему пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці ў прадпрыемстваў. На карысць прадпрыемстваў Ляхавіцкага раёна прад’яўлена ў эканамічныя суды рэспублікі 7 заяў на агульную суму больш як 165 тысяч рублёў.
Пастаянна ўдзялялася ўвага захаванню прыродаахоўнага, зямельнага, антыкарупцыйнага заканадаўства. Былі выяўлены некаторыя парушэнні ў КСУП «Нача», у тым ліку пры ажыццяўленні дзяржаўных закупак з адной крыніцы, рэгламентацыі закупак за кошт уласных сродкаў. Па патрабаванні пракуратуры парушэнні ўхілены, вінаватыя асобы прыцягнуты да адказнасці.
У жніўні мінулага года на тэрыторыі падлягаючага рэкультывацыі ўнутрыгаспадарчага кар’ера ААТ «Жарабковічы», размешчанага ў аг. Жарабковічы, устаноўлена наяўнасць адходаў (другасна-матэрыяльныя рэсурсы, бытавыя адходы), што сведчыла пра невыкананне землекарыстальнікам патрабаванняў па эфектыўным выкарыстанні зямлі, ахове яе ад забруджвання. Па патрабаванні пракуратуры адходы ўтылізаваны, а кар’ер рэкультываваны.
Парушэнні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны выяўляліся ў большасці сельскагаспадарчых арганізацый, а таксама ў шэрагу іншых прадпрыемстваў раёна. Яны былі звязаны як са знаходжаннем асоб на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення, так і з невыкананнем сваіх непасрэдных працоўных абавязкаў.
Напрыклад, падчас наведвання ў жніўні станцыі тэхнічнага абслугоўвання жывёлагадоўчых фермаў ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» выяўлены ў памяшканнях пустыя бутэлькі з-пад алкагольных напіткаў, а ў в. Пад’язаўле на рабочым месцы ў рабочы час ў стане алкагольнага ап’янення знаходзіліся вартаўнікі.
Па патрабаванні пракуратуры за парушэнне заканадаўства аб працы да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 54 работнікі, у тым ліку два звольнены.
Адным з важных накірункаў дзейнасці пракуратуры з’яўляецца нагляд за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі. Нягледзячы на значны аб’ём работы, выкананы РАУС сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама, па абароне дзяцей ад фактараў, якія негатыўна ўплываюць на іх развіццё, толькі па ініцыятыве пракуратуры раёна былі прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы 13 непаўналетніх.
Пракуратура раёна прадоўжыла работу і па накірунках, дзе раней выяўляліся парушэнні ў іншых сферах жыцця дзеля забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы.
Сяргей ДЗЯЖКО,   пракурор раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *