«Мінёраў» чакаюць вялікія непрыемнасці

Часам можна сустрэць у стужцы навін, як нехта дзеля жартаў паведамляе пра надзвычайнае здарэнне, што нібыта здарылася. Якая адказнасць прадугледжана за заведама лжывае паведамленне, нагадвае ўчастковы інспектар міліцыі Аляксандр Хоміч:

– Наглядзеўшыся фільмаў і начытаўшыся інфармацыі ў інтэрнэце, нехта са школьнікаў сапраўды можа падумаць: «Не хачу ў школу.
Пазваню ў міліцыю, скажу, што яна замініравана». Але варта ведаць, што таго, хто тэлефанаваў, у любым выпадку вылічаць, а за падобны «жарт» беларускім заканадаўствам прадугледжана крымінальная адказнасць. Па кожнай такой інфармацыі спецыяльнымі службамі праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі грамадзян і захаванні дзяржаўнай маёмасці.
Згодна з артыкулам 340 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь заведама лжывае паведамленне аб падрыхтоўцы выбуху, падпалу ці іншых дзеяннях, якія ствараюць небяспеку для жыцця і здароўя людзей, або прычынення шкоды ў буйным памеры, або наступлення іншых цяжкіх наступстваў, караецца штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў.
У іншых выпадках надыходзіць адміністрацыйная адказнасць. Згодна з артыкулам 19.6 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях «Заведама лжывае паведамленне, якое пацягнула прыняцце мер рэагавання міліцыяй, хуткай медыцынскай дапамогай, падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях або іншымі спецыялізаванымі службамі» цягне накладанне штрафу ў памеры ад 4 да 30 базавых велічынь.
Калі лжывы выклік зрабіў непаўналетні, то адказнасць за яго будуць несці бацькі ці законныя прадстаўнікі.