Чыпіраванне – «пашпарт» для сабакі. Што трэба ведаць гаспадарам сабак

Апошнім часам адна з найбольш актуальных тэм, што падзяліла грамадства на непрымірымыя лагеры, – бадзяжныя жывёлы. Адны стараюцца дапамагчы коцікам і сабачкам, якія нарадзіліся на волі, і тым, хто стаў бадзяжным па віне сваіх колішніх гаспадароў. Другія ж катэгарычна супраць такога людскога клопату пра братоў нашых меншых, і ў якасці аргументаў прыводзяць небяспеку бадзяжных сабак для здароўя, а то і жыцця чалавека, антысанітарныя ўмовы, якія ствараюцца ў пад’ездах і падвалах шматкватэрнікаў
і на дваровай тэрыторыі, на дзіцячых пляцоўках. І тыя, і другія звяртаюцца ў рэдакцыю «ЛВ», каб іх падтрымалі,
а іншых прысаромілі, маўляў, іх пазіцыя – няправільная… Сярод жывёл, якія жывуць на вуліцы, нямала і хатніх, якія па розных прычынах перайшлі ў статус непатрэбных. Якое вырашэнне праблемы? Магчыма, адказ будзе знойдзены, калі, у рэшце рэшт, пройдзе працэдуру ўзгаднення з дзяржаўнымі органамі праект новай пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з жывёлай». А пакуль толькі чыпіраванне дазваляе індэнтыфікаваць жывёлу і вызначыць яе гаспадара.

Наталля МАСЛОЎСКАЯ, галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама:
– На сёння чыпіраванне самы эфектыўны метад выявіць, чыя жывёла бегае па вуліцах. Чып – гэта электронная мікрасхема, якая ўводзіцца пад скуру жывёлы, згубіць яго немагчыма. Такая электронная ідэнтыфікацыя істотна павысіць шанцы знайсці чатырохлапага гадаванца, які згубіўся. А калі чып ёсць у некалі хатняга, а цяпер бадзяжнага сабакі, то дазволіць выявіць нядбайнага гаспадара жывёлы. Акрамя таго, сканеры незаменныя пры вырашэнні праблемы бадзяжнай жывёлы па методыцы АСВ (адлоў – стэрылізацыя – вяртанне), бо дазваляе на адлегласці вызначыць, ці стэрылізаваны сабака, ці прышчэплены ад шаленства, калі тэрмін рэвакцынацыі, даведацца іншую інфармацыю пра жывёлу.
Нагадаю, што за парушэнне правілаў утрымання сабак, катоў грамадзяне, а таксама службовыя асобы нясуць адміністрацыйную, а то і крымінальную адказнасць. Рэгістрацыю хатніх сабак і катоў, выдачу пасведчанняў і жэтонаў па зацверджаных формах на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна ажыццяўляе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Гэта ж арганізацыя займаецца таксама адловам бадзяжнай жывёлы.


Павел ХЕВУК, галоўны ветэрынарны ўрач Ляхавіцкага раёна:
– У Ляхавіцкім раёне чыпіраванне праводзіцца на платнай аснове ва ўчастковай ветэрынарнай лячэбніцы ў Ляхавічах. Гэта міні-аперацыя, таму праводзіцца яна выключна ва ўмовах стацыянара, куды можна прывозіць жывёлу з розных населеных пунктаў раёна.
Мікрачып зусім бясшкодны для арганізма гадаванцаў, не патрабуе падключэння да крыніцы сілкавання і сам па сабе нічога не выпраменьвае. Па стане на пачатак сакавіка, чып устаноўлены ў 38 сабак, у асноўным паляўнічых. Дарэчы, наяўнасць электроннага чыпа – неабходная ўмова для выезду за межы са сваім гадаванцам ці для ўдзелу ў выставах. База чыпіраванай жывёлы даступная да пошуку інфармацыі кругласутачна з любой кропкі свету.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.