Куды хоча размеркавацца моладзь?

Размеркаванне на работу, хоць і папярэдняе, заўсёды хвалюючае для заўтрашніх маладых спецыялістаў. Зразумела, усе жадаюць трапіць у моцныя сельгаспрадпрыемствы, дзе ёсць магчымасці рэалізаваць свае планы адносна “рэвалюцыйнага” перавароту ў вытворчасці, каб дабіцца самых лепшых вынікаў. Іменна такі настрой у большасці маладых людзей з новенькім дыпломам. На жаль, у многіх гэты энтузіязм хутка праходзіць, бо часцяком выпадае працаваць у, мякка кажучы, не вельмі моцных гаспадарках, далёка ад райцэнтра, дзе добрыя бытавыя ўмовы яшчэ ў планах, зарплата не адпавядае ўзроўню адукацыі і пасадзе, мала моладзі, а ў вольны час проста няма дзе сябе дзець. І ўжо адразу з’яўляецца думка: хутчэй бы адпрацаваць абавязковы час і знайсці сабе работу па душы.
Вось і летась пакінуў СВК ”Тальмінавічы” галоўны інжынер, крыху раней, пасля двух гадоў работы, звольніўся з СВК “Ліпнянка” аграном, патрабуюцца маладыя спецыялісты ў СВК ”Вост-раў-Агра”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс”… У той жа час выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, а то і спецыялісты са стажам шукаюць магчымасці ўладкавацца на працу ў сельгаспрадпрыемствы дастаткова эканамічна моцныя.
Там, дзе працуюць з кадрамі, навічкоў сустракаюць з увагай і клопатам, а калі пераканаюцца, што ў рады сельгаскааператыва прыйшоў невыпадковы работнік, не шкадуюць дастойнай зарплаты, ствараюцца найлепшыя ўмовы для працы і жыцця.
Кадравае забеспячэнне, работа з маладымі спецыялістамі патрабуюць адказных асоб заглядваць у дзень заўтрашні. Напрыклад, у СВК “Жарабковічы” было бачна, што ў перспектыве гаспадарцы спатрэбіцца аграном, — накіравалі на вучобу ў аграрны каледж за кошт СВК выпускніцу мясцовай школы. Сёлета яна вернецца на працу ў сваю родную вёску.
Заўсёды была стабільнай сітуацыя з забеспячэннем кадрамі ўсіх галін вытворчасці ў СВК ”Шлях новы”. Толькі вось сёлета аказаліся свабоднымі стаўкі галоўнага інжынера, загадчыка машыннага двара, галоўнага энергетыка. Аказваецца, праблема ўзнікла з-за таго, што гаспадарка патрабуе на гэтыя пасады толькі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Зроблены заяўкі, і ўжо ёсць кандыдатуры.
Як зазначыў галоўны спецыяліст па кадрах і прававой рабоце райсельгасхарчу Міхаіл Арэшка, ад кваліфікацыі кадраў напрамую залежыць вынік работы, таму гаспадарка ўпаўне апраўдана выказвае жаданне мець на гэтых пасадах высокапрафесіянальных спецыялістаў.
Няма праблем з кадрамі спецыялістаў вышэйшага і сярэдняга звяна ў СВК “Ордэна ”Знак Пашаны“ Кастрычнік”. Кіраўніцтва гаспадаркі з разуменнем падыходзіць да патрэб маладых людзей, што размяркоўваюцца сюды пасля вучобы на працу. Яны селяцца ў новыя дамы, па жаданні могуць іх выкупіць. Зразумела, да гэтага пытання тут падыход дыферэнцыраваны: калі добры працаўнік хоча набыць жыллё ў сваю ўласнасць, чаму б не даць яму дабро – гэта гарантыя таго, што ён тут застанецца. Да таго ж у сельгаспрадпрыемстве створаны добрыя ўмовы для працы, адпачынку, ды і блізкасць райцэнтра таксама мае значэнне.
А калі пашчасціла размеркавацца ў СВК ”Ляхавіцкі”, то з гаспадаркі гэтай больш нікуды: новая тэхніка, самыя перспектыўныя тэхналогіі вытворчасці на службе сельгаскааператыва, добраўпарадкаванае жыллё і адпаведная зарплата ў працаўнікоў.
Між іншым, кадры спецыялістаў патрабуюцца ў многіх гаспадарках. Сёлета ў вышэйшыя навучальныя ўстановы пададзены заяўкі на размеркаванне ў наш раён 12 спецыялістаў, яшчэ 16 аграномаў, ветфельчараў і зааветспецыялістаў чакаюць з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. І зноў паўстане пытанне: ці прыжывуцца маладыя кадры ў гаспадарках нашага раёна? Міхаіл Арэшка ставіць гэта пад сумненне. Ці задаволіць іх, напрыклад, прапанова ААТ ”Ляхавіцкі райаграсервіс”, якое абяцае аклад у 500 тысяч рублёў спецыялістам сярэдняга звяна і такі ж аклад ветурачу з вышэйшай адукацыяй? Начальнік райсельгасхарчу Мікалай Варажун прывёў факты абыякавых адносін да маладых спецыялістаў у РСУП “Нача”. Летась двух ветфельчараў пасялілі ў нядобраўпарадкаваным інтэрнаце, зарплата была вельмі нізкай. Адпрацаваўшы 2 гады, юнакі звольніліся з работы. Сёлета на іх месца ў тым жа інтэрнаце зноў пасялілі двух маладых спецыялістаў…
Чакаюць новыя сілы ў СВК ”Ліпнянка”, “Тальмінавічы”, “Востраў-Агра” і іншых гаспадарках. У многіх ужо ёсць канкрэтныя кандыдатуры. Наколькі працяглым будзе іх знаходжанне ў гэтых гаспадарках, у многім залежыць ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў. Перш за ўсё, патрэбна звярнуць сур’ёзную увагу на запатрабаванні маладых спецыялістаў. З забеспячэннем жыллём сёння пытанняў амаль не ўзнікае, а вось адкарэкціраваць рэжым работы варта. Каб былі паўнацэнныя выхадныя дні, вольны час пасля работы, адпачынак. Зразумела, што і заработная плата трэба каб была прыстойнай. Тады, напэўна ж, не стануць “ад дабра дабра шукаць”.
Яшчэ адзін важны момант замацавання кадраў у вёсцы — гэта падрыхтоўка спецыялістаў з ліку сваіх мясцовых маладых людзей. Кіраўнікам і галоўным спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў патрэбна трымаць пастаянную сувязь са школамі, прапагандаваць прафесіі, агітаваць юнакоў і дзяўчат на вучобу за кошт гаспадарак. У рэшце рэшт, недахоп кадраў спецыялістаў сярэдняга звяна ў раёне, дзе функцыянуе навучальная ўстанова сельскагаспадарчага профілю – ЛДАК, гаворыць пра пасіўнасць у вырашэнні гэтай праблемы як кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, так і райсельгасхарчу. Калі не наладжана максімальна выніковая ўзаемасувязь з установай, якая знаходзіцца побач, то што гаварыць пра стасункі з ВНУ…
Па словах дырэктара ЛДАКа Вячаслава Сельмановіча, акрамя як адзінкавых тэлефонных званкоў з некаторых сельгаскааператываў, іншай зацікаўленасці не было праяўлена. А ў канцы лютага пачынаецца папярэдняе размеркаванне навучэнцаў з тым намерам, каб яны прайшлі ў выбранай гаспадарцы пераддыпломную практыку, каб сябе паказалі і прыгле-дзеліся да будучага месца работы. Гэтымі днямі едуць у аграрны каледж “ганцы” са Слуцкага, Карэліцкага, Ганцавіцкага раёнаў, толькі чамусьці няма заявак са свайго, Ляхавіцкага. Чаго чакаем? Адказнасці не хапае многім нашым гаспадарнікам, і гэта галоўнае.
У вёсцы сёння недахоп і кадраў радавых работнікаў. Ні адна гаспадарка раёна не адмовілася б прыняць да сябе добрых механізатараў, жывёлаводаў. Але дзе сёння іх узяць? Навукова-тэхнічны прагрэс не проста закрануў сельскагаспадарчую вытворчасць, ён уладарыць на палях і фермах. Магутная тэхніка, часта аснашчаная электроннымі прыборамі, вымушае нават вопытных механізатараў вучыцца. Курсы перападрыхтоўкі дзейнічаюць у Баранавіцкім раёне, у Ляхавічах на базе вучэбна-вытворчага камбіната (РЦПН). Многія гаспадаркі (у асноўным тыя, дзе па-сапраўднаму клапоцяцца пра кадры) пасылаюць сваіх людзей на вучобу, а вось тыя, дзе існуе асабліва вялікі кадравы дэфіцыт, дрэмлюць (СВК ”Востраў”, РСУП “Нача”).
Як расказаў інжынер райсельгасхарчу Анатолій Касцюкоў, каб не застала нечакана пасяўная кампанія, на базе раённага цэнтра прафесійнага навучання рыхтуюцца 2 групы механізатараў (40 чалавек), плануецца рэзерв выпускнікоў Ганцавіцкага і Навамышскага ПТВ з ліку мясцовых жыхароў, будуць практыканты з Пінскага індустрыяльнага каледжа, на ўсякі выпадак ёсць дамоўленасць аб дапамозе з прамысловымі прадпрыемствамі раёна.
Нельга не закрануць акалічнасць адмоўнага плана: некаторыя механізатары сябруюць з чаркай. Летась за кіраванне транспартнымі сродкамі ў нецвярозым стане ў раёне былі затрыманы і пазбаўлены вадзіцельскіх пасведчанняў 30 механізатараў і 4 вадзіцелі — лічы, што паралізавана дзейнасць аднаго сельгаспрадпрыемства.
І зноў жа хочацца засяродзіць увагу на адказнасці кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў: ад іх дзейнасці ці бяздзейнасці ўзнікаюць падобныя сітуацыі.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *