Прыёмныя пытанні. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў правёў у Ляхавіцкім раёне прыём грамадзян

Леанід Цупрык у кожны свой прыезд у Ляхавіцкі раён, інтарэсы жыхароў якога прадстаўляе ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, імкнецца як мага паўней ахапіць кола пытанняў, што хвалююць гараджан і вяскоўцаў. Так адбылося і на гэты раз.

У дэпутацкім раскладзе лютаўскі прыезд меў на ўвазе правядзенне прамых тэлефонных ліній, прыёмаў грамадзян у Ляхавічах і Альхоўцах – запланавана насычаная праграма. Званкі на прамую тэлефонную лінію датычылі налічэння і памеру пенсіі, добраўпарадкавання і хаця б мінімальнага камфорту дарог і пешаходнай часткі вуліцы Яна Чачота, вызначэння тлустасці малака і разліку за яго здачу – няпоўны пералік тэм, з якімі землякі з Ляхавічаў, Тумашоў, Жарабковічаў звярнуліся па тэлефоне да члена парламента.
Дзесяць чалавек папярэдне запісаліся на асабісты прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Кожны са зваротаў патрабаваў уважлівага разгляду. Жыхарка аграгарадка Навасёлкі Галіна Клімовіч непакоіцца, што вясной прыйдзе «вялікая вада» і яе прысядзібны ўчастак з пабудовамі будзе затоплены, як і ў папярэднія гады. Дом па вуліцы Школьнай, ў які сям’я засялілася ў 2013 годзе, пабудаваны ў нізкім месцы. Каб выправіць сітуацыю, неабходна падсыпаць грунт. Сродкаў поўнасцю аплаціць усе работы ў сям’і не хапае, жанчына згодна напалову раздзяліць затраты з ААТ «Шлях новы», які і будаваў дом. У адказ пакуль чуе толькі абяцанні дапамагчы.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, які прысутнічаў на прыёме, даў даручэнне вывучыць сітуацыю старшыні Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандру Мацюшэнка, які запэўніў, што гэтай вясной праблема будзе вырашана. Леанід Цупрык узяў пытанне на асабісты кантроль.
– Задаволена, што прыйшла на прыём да дэпутата парламента. Леанід Аляксандравіч уважліва выслухаў маю праблему, паабяцаў дасканала ў ёй разабрацца і па магчымасці дапамагчы. Шчыры дзякуй яму за разуменне і падтрымку, – зазначыла Галіна Клімовіч.
Словы падзякі за добразычлівасць і ўвагу гучалі і ад ляхавічанкі, якая нарадзілася ў Ляхавічах, потым з сям’ёй жыла ва Узбекістане, у 2004 годзе вярнулася на Радзіму, дзе і атрымала від на жыхарства тэрмінам на 40 гадоў. А з дакументамі на атрыманне беларускага грамадзянства зацягнула – падала толькі летась, аднак, справа пакуль не зрушылася з месца. Леанід Цупрык паабяцаў больш канкрэтна разабрацца ў сітуацыі.
На прыёме ў дэпутата парламента яшчэ адна ляхавічанка ўзняла пытанне дадатковых ільгот для жанчын, узнагароджаных Ордэнам маці (яна сама такую ўзнагароду атрымала некалькі дзесяцігоддзяў назад). Прапанова ўзята на заўвагу.
У індывідуальнага прадпрымальніка прэтэнзіі да адной з гаспадарак раёна, якой ён, згодна заключанага дагавора аказваў транспартныя паслугі.
Таксама заяўнікаў цікавілі пытанні пенсійнага забеспячэння, ільготаў чарнобыльцам, атрымання і замены вадзіцельскага пасведчання, цаны на малако, што закупаецца ад насельніцтва.
Потым Леанід Цупрык правёў выязны прыём грамадзян у Альхоўскім сельвыканкаме. Дарэчы, як і ў райцэнтры, са сваімі праблемамі да дэпутата звярнуліся не толькі мясцовыя, але і жыхары з іншых сельсаветаў.
На некаторыя пытанні, узнятыя падчас прамой лініі і на асабістых прыёмах, заяўнікі атрымалі грунтоўныя адказы і парады, па некаторых патрабуецца дадатковае вывучэнне, па іншых дадзены даручэнні адказным асобам, у чыёй кампетэнцыі знаходзіцца іх вырашэнне. Усе яны застануцца на дэпутацкім кантролі.
Работа ў выбарчай акрузе – важны напрамак дзейнасці народных абраннікаў усіх узроўняў. Леанід Цупрык адзначае: галоўнае – разумець, чым можаш рэальна дапамагчы людзям.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *