У Пхёнчхан. На Гульні. Капітан беларускай каманды на Паралімпійскіх гульнях – наш зямляк  з вёскі Ганчары Дзмітрый Лобан

Перад адпраўкай у Пхёнчхан (Дзмітрый Лобан — справа ў першым радзе ). Фота БЕЛТА

Беларуская зборная адправілася ў Пхёнчхан на зімовыя Паралімпійскія гульні. Капітан каманды – наш зямляк  з вёскі Ганчары Дзмітрый Лобан

Яшчэ не паспелі сціхнуць эмоцыі ад перамог і рэкордаў ХХІІІ зімовых Алімпійскіх гульняў, як позіркі спартыўных балельшчыкаў з усяго свету зноў накіраваны на Пхёнчхан. Карэя сустракае на галоўным спартыўным форуме чатырохгоддзя мужных духам паралімпійцаў. Усяго каля 700 прадстаўнікоў 48 краін свету разыграюць 80 камплектаў узнагарод у шасці відах спорту на ХІІ зімовых Паралімпійскіх гульнях, што пройдуць з 9 па 18 сакавіка.

Беларусь на зімовай Паралімпіядзе прадставяць 15 атлетаў, якія выступяць у лыжных гонках і біятлоне. І хоць алімпійская сталіца палохае пераменлівым марозным надвор’ем, нам, ляхавічанам, на гэтых Гульнях будзе асабліва горача і хвалююча.
Прычына самая ўважлівая: капітан каманды – наш зямляк з Ганчароў, бронзавы прызёр Паралімпіяды-2010 у канадскім Ванкуверы, пераможца кубкаў свету па лыжных гонках, майстар спорту міжнароднага класа, моцны духам чалавек Дзмітрый Лобан.
Гонару быць сцяганосцам зборнай Беларусі на цырымоніі адкрыцця Гульняў удастоена шматразовая чэмпіёнка і прызёр Паралімпіяд і чэмпіянатаў свету Людміла Волчак.
У апошні дзень зімы ў Мінскай гарадской ратушы адбылася цырымонія провадаў нашай каманды. Старшыня паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель адзначыў, што кожнаму са спартсменаў па сілах трапіць у васьмёрку лепшых на кожным са стартаў. Падрыхтоўка да Гульняў была комплекснай. Дзяржава зрабіла ўсё магчымае для падрыхтоўкі спартсменаў, цяпер іх галоўная задача – паказаць дастойны вынік. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў пажадаў спартсменам і іх трэнерам поспехаў на прэстыжных міжнародных спаборніцтвах.
Акрамя вопытных паралімпійцаў, якія маюць у сваёй скарбонцы медалі рознай вартасці, у складзе каманды і шасцёра дэбютантаў.
– Быць капітанам – гэта не толькі ганарова і пачэсна, але і вельмі адказна. Пастараюся выступіць дастойна, каб не падвесці каманду. Рыхтаваўся вельмі старанна. Акрамя майго першага трэнера Юрыя Буранава, у падрыхтоўцы дапамагаў і Мікалай Шаблоўскі, – Дзмітрый Лобан у тэлефоннай размове з карэспандэнтам «ЛВ» быў нешматслоўны, але шчыры і па-добраму ўсхваляваны.
У Пхёнчхане, куды Дзмітрый вылецеў 2 сакавіка, ён плануе выступіць у шасці дысцыплінах лыжных гонак і біятлона. Землякі шчыра жадаюць Дзмітрыю і ўсёй беларускай камандзе пераможных стартаў!
Галіна КАНЬКО.

Фота БЕЛТА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *