Прыватны бераг малочнай ракі

Важнасць асабістых падсобных гаспадарак грамадзян не абмяжоўваецца перыметрам канкрэтнага сельскагападворка. Іх значнасць куды больш шырокая, паколькі частка атрыманай у прыватным парадку сельскагаспадарчай прадукцыі ідзе па шляху дзяржзакупак: трапляе ў агульны кацёл, адпаведна, садзейнічае рашэнню задач харчовага забеспячэння ўсяго насельніцтва.

Гэта характэрна ў дачыненні некаторых відаў расліннай прадукцыі, мяса і, канешне ж, малака. Нядаўна былі падведзены гадавыя вынікі раённага агляду-конкурсу па закупу малака ў насельніцтва, а ў мінулую пятніцу лаўрэаты спаборніцтва па кожнай з дзвюх тэрытарыяльных зон і ў розных намінацыях былі запрошаны на СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, каб атрымаць па заслугах. Зрэшты, момант уручэння грашовых прэмій адбыўся напрыканцы мерапрыемства. Спачатку госці – старшыні сельгаспрадпрыемстваў і сельвыканкамаў, малаказборшчыкі і малаказдатчыкі – атрымалі запрашэнне прадэгуставаць прадукцыю завода: ёгурты, разнастайныя дэсертныя вырабы, іншае. Таксама была арганізавана экскурсія па цэхах і ўчастках прадпрыемства.

Старшыня райсельгасхарчу Мікалай Варажун адзначыў безумоўную грамадскую важнасць, эканамічную значнасць ролі асабістых падсобных гаспадарак. Прамым пацвярджэннем таму можа служыць і факт дзеяння ў раёне пяцігадовай праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян. Праграма шматвектарная. Прадугледжваецца, у прыватнасці, рэгулярная ратацыя “сотак” насельніцтва ў палях севазвароту сельгасарганізацый. Так у мінулым годзе пад сялянскімі на-дзеламі знаходзілася больш за 730 гектараў ворыва.

Сельгаспрадпрыемствы дапамагаюць насельніцтву з размолам зерня, пілаваннем лесу, штучным асемяненнем і лячэннем буйной рагатай жывёлы. Грамадзянам, якія трымаюць жывёлу, выдаткоўваюцца сенакосы і пашавыя ўгоддзі, аказваецца садзейнічанне ў набыцці кармоў іншых відаў, саломы, насеннага матэрыялу, сродкаў аховы раслін і іншае.

Нягледзячы на ўсё, аднак, у раёне мае месца  змяншэнне колькасці домагаспадарак – з 9749 на пачатак 2006 года да 8474 на 1 студзеня сёлета. Назіраецца тэндэнцыя на скарачэнне вытворчасці насельніцтвам асобных відаў прадукцыі, статак прыватных кароў таксама з кожным разам становіцца ўсё меншым. Калі яшчэ 5 гадоў таму ў насельніцтва раёна іх налічвалася 3406 галоў, то на гэты час засталося толькі 1440. Па адмоўнай тэндэнцыі “ідуць” і аб’ёмы закупак малака – з амаль 8 тысяч тон у цэлым па раёне ў 2006 годзе да 5 тысяч у годзе мінулым. У той жа час, для СВК “Жарабковічы” па аднайменным сельсавеце і “Ордэна “Знак Пашаны” “Кастрычнік” па Падлескім сельсавеце леташні год аказаўся больш паспяховым, чым пазалеташні. Такая ж, і гэта дастаткова      паказальна, сітуацыя і што тычыцца аб’ёмаў малаказакупак у разліку на кожную “насельніцкую” карову раёна: ў 2011 годзе 2919 кілаграмаў малака пераважылі аналагічны паказчык 2010 года на 118 кілаграмаў.

У агульным жа аб’ёме сыравінных закупак СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” насельніцкае малако ў мінулым годзе заняло 11,1 працэнта.

На фінансаванне паслуг па збору малака завод-перапрацоўшчык пералічыў на рахункі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна больш як 1,1 мільярда рублёў. У гэтую суму  закладзена, у тым ліку, і аплата працы малаказборшчыкаў. Па меркаванні дырэктара завода Вячаслава Жукоўскага, асобным гаспадаркам варта было б падкарэктыраваць размеркаванне сваёй часткі гэтых грошай на карысць менавіта апошняга артыкула расходаў. Прыкладная прапорцыя магла б выглядаць як 50 на 50: палавіна грошай малаказборшчыкам, столькі ж – на іншыя мерапрыемствы забеспячэння працэсу збору малака. “Рублёвая” ацэнка працы з’яўляецца найважнейшым крытэрыем вытворчых адносін, у значнай ступені менавіта  памер заробку дыктуе адносіны чалавека да сваіх працоўных абавязкаў, стымулюе імкненне працаваць і лепш, і больш.

Зрэшты, усімі пералічанымі і многімі не пералічанымі якасцямі ў значнай ступені валодаюць людзі, што сабраліся ў той дзень на малаказаводзе – пераможцы апошняга агляду-конкурсу па закупу малака. “Цветам сяла” назваў аўдыторыю Вячаслаў Жукоўскі перш, чым перайсці  да самага прыемнага – уручыць заслужаныя прэміі пераможцам.

Па першай тэрытарыяльнай зоне імі сталі:

сярод сельсаветаў – Жарабковіцкі  (першае месца) і Навасёлкаўскі (другое), дзе закуплена 1204,4 і 661,5 тоны малака адпаведна.

У разліку закупак на карову лепшы паказчык па Конькаўскім сельсавеце – 4019 кілаграмаў малака.

Сярод сельгасарганізацый – СВК “Жарабковічы”  (першае месца), “Шлях новы” (другое), дзе закуплена 1492 і 558 тон малака адпаведна.

У разліку на карову перамог СВК “Дарава”, дзе закуплена 4257 кілаграмаў малака.

Сярод малаказборшчыкаў першынствавала Валянціна Глобаж з СВК “Жарабковічы”, якая закупіла 613,4 тоны малака, другое месца ў Таццяны Махнач з СВК “Шлях новы” – 344 тоны.

У разліку закупак на карову лепшы вынік у Людмілы Грыцкевіч з СВК “Жарабковічы” – 4365 кілаграмаў, другое месца ў Вячаслава Мацуля з СВК “Дарава” – 4257 кілаграмаў.

Сярод малаказдатчыкаў пераможцамі сталі Дзмітрый Блашэнка – першае месца і Ларыса Лахманкова (абое з СВК “Жарабковічы”), якія прадалі, адпаведна, 37,9 і 26,8 тоны малака.

Лепшай малаказдатчыцай у намінацыі на адну карову стала Галіна Мацуль з СВК “Дарава”, якая прадала 8350 кілаграмаў малака.

Па другой тэрытарыяльнай зоне атрымаўся наступны расклад:

сярод сельсаветаў – Крывошынскі (першае месца) і Востраўскі (другое), дзе закуплена 519,9 і 286,5 тоны малака адпаведна.

У разліку закупак на карову лепшым стаў Альхоўскі сельсавет – 2852 кілаграмы малака.

Сярод сельгасарганізацый – СВК “Ліпнянка” (першае месца) і СВК  “Востраў-Агра” – другое, дзе закуплена 588,8 і 286,5 тоны малака адпаведна.

У разліку на карову першынство дасталося ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – 2942 кілаграмы малака.

Сярод малаказборшчыкаў лепшы вынік у Людмілы Сасімчык з ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, якая закупіла 234,2 тоны малака, другое месца ў Тамары Шчарбук з СВК “Ліпнянка” – 231 тоне малака раўняецца паказчык яе закупак.

У разліку на карову першы вынік у Анжэлы Рабцэвіч з Ганчароўскага сельсавета – 3824 кілаграмы малака, другі – у Віктара Бурнеля з СВК “Тальмінавічы” – 2750 кілаграмаў малака.

Сярод малаказдатчыкаў пераможцамі выйшлі Аляксандра Гаўрыльчык з СВК “Востраў-Агра” – 18,8 тоны малака, другое месца таксама ў прадстаўніка названай гаспадаркі Канстанціна Дзянішчыка –17,3 тоны малака.

Янушка Аляксей з СВК “Тальмінавічы”, які здаў 7290 кілаграмаў малака, стаў пераможцам конкурсу ў намінацыі “на адну карову”.

Акрамя таго, за вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі і рэалізацыю малака на дзяржпатрэбы ў колькасці 115,1 тоны дадаткова была адзначана Таццяна Барташэвіч са “Шляху новага”.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *