Як прырасціць год дадатковым месяцам

З улікам значнасці аб’ёмаў і тэрытарыяльнай распаўсюджанасці залежаў гэтага карыснага выкапня, развіцця тэхналогіі яго здабычы і пера-працоўкі, торф можа лічыцца адным з іміджавых сімвалаў краіны. Як, напрыклад, і яе аграрны статус.

Дарэчы, тарфяная вытворчасць мае нямала агульнага з сельскай гаспадаркай. І там і там – ярка выяўленая сезоннасць вядзення работ, фактар метэазалежнасці і іншае. Падобна ж працаўнікам вёскі, тарфянікі гэтым часам таксама рыхтуюцца да выхаду ў поле. У літаральным сэнсе, аднак, не без прынцыповага адрознення ў пазіцыях – для апошніх усё пачынаецца з уборкі.

Цыкл вытворчасці паліўных брыкетаў бярэ пачатак на асушаным і іншым чынам падрыхтаваным для здабычы сыравіннага торфу ўчастку балота. Няпростая, вельмі спецыфічная, “заціснутая” ў часавыя рамкі работа. Падрыхтаванасць вызначае яе выніковасць. “Зараз мы завяршаем падрыхтоўку тэхналагічнага абсталявання да сезона ўборкі, – адзначыў дырэктар ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі” Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь Васілій Іваноў. – Перыяд міжсезоння адыгрывае вырашальную ролю, іменна ў гэтыя месяцы закладваецца эканоміка прадпрыемства, ад таго, наколькі якасным ён атрымаецца, у значнай ступені  залежыць і наш дабрабыт”.

Па словах Васілія Кузьміча, ужо дасягнута 90-працэнтная гатоўнасць. Інакш кажучы, 9    адзінак з кожнага дзясятка торфаздабываючай тэхнікі здольна хоць сёння адкрыць сезон. Ёсць некаторыя складанасці з рамонтам экзэмпляраў машын і агрэгатаў, што сабраны з імпартных камплектуючых. Каб набыць     нешта, што не “зроблена ў Беларусі”, неабходна прытрымлівацца пэўнага рэгламенту. А гэта, у тым ліку, патрабуе і дадатковага часу. Аднак жа, ніякага сумнення, што 1 красавіка ўвесь шлейф торфанарыхтоўчай тэхнікі зойме сваё месца на лінейцы гатоўнасці. Над апошнімі дзеяннямі гэтай задачы зараз напружана працуюць штатныя механізатары-машыністы, спецыялісты-рамонтнікі механічнай майстэрні завода, інжынерна-тэхнічная група, іншыя работнікі.

У адпаведнасці з галіновым нарматывам, стартавым днём сезона торфаздабычы з’яўляецца пачатак апошняга вясенняга месяца. Красавік жа на ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі” ўспрымаецца ці разглядаецца ў якасці “страхавога фонду”. На той, у прыватнасці, выпадак, калі з-за неспрыяльнага надвор’я  на працягу нарматыўных мая і летніх месяцаў не атрымаецца здабыць неабходныя аб’ёмы фрэзернага торфу. Чаму б не папрацаваць у кастрычніку, калі нябесная канцылярыя дасць на тое шанц? Летась, дарэчы, справіцца з планам здабычы тухавіцкім тарфянікам “дапамог” верасень. “У мінулым годзе было напружана. З-за дажджоў увесь ліпень стаялі, здабыча не вялася. Кампенсаваць недабор удалося ў верасні. Лічы, на працягу ўсяго месяца было зусім нядрэннае, прыстойнае для нашай тэхналогіі надвор’е”, – заўважыў дырэктар завода.

Больш таго, 2011 год стаў для прадпрыемства рэкордным у плане здабычы сыравіны за апошняе, як мінімум, дзесяцігоддзе. “Удала, увогуле, усё склалася. З улікам кампостаў, здолелі “падняць” 285 тысяч тон”, – удакладняе Васілій Кузьміч.

Сёлетнія вытворчыя планы ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі” базіруюцца на леташніх, аднак, з улікам мінулага вопыту. Ён у тым, што нарыхтаваныя ў якасці кампосту тоны асаблівага попыту не знайшлі. Вырашана адмовіцца, з улікам чаго зараз запланавана нарыхтаваць 240 тысяч тон торфасыравіны – выключна на мэты брыкетавання, калі не прымаць да ўвагі выкарыстанне некаторай часткі торфу ў якасці паліва для ўласнай кацельні.

Перш, чым набыць форму і змест вядомага кожнаму з нас паліўнага брыкету, фрэзерны торф праходзіць працяглы шлях. З палёў здабычы і складавання на месца брыкетавання торф пераадольвае адлегласць па чыгунцы. Канешне, не па звыклай нам рэйкавай дарозе: у ведамаснай чыгункі свой стандарт шырыні, які раўняецца 750 міліметрам. Пад вузкакалейку “завострана” і ўсё астатняе: цеплавозы, вагоны. Акрамя грузавых, а іх на ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі” 120 адзінак, ёсць і пасажырскія, якія прызначаны для перавозкі людзей – дастаўкі “на балота” работнікаў. Кожную раніцу па вузкакалейцы торфаздабытчыкі накіроўваюцца на працу. Увечары – той жа шлях у зваротным накірунку.

Пытанні перавозкі-дастаўкі з’яўляюцца сферай адказнасці транспартнага цэха торфапрадпрыемства. Цяглавай сілай чыгуначных падраздзяленняў торфапрадпрыемстваў з’яўляюцца цеплавозы. У “Ляхавіцкім” іх 9 адзінак. Далёка не новыя, аднак, пасля мадэрнізацыі на адным са спецыялізаваных айчынных заводаў яны цалкам функцыянальныя.

Не такі ўжо і далёкі час, калі тарфяная галіна, наогул, вымушана была купляць ці не ўвесь спектр тэхнікі і тэхналагічнага абсталявання па-за межамі краіны. За апошнія гады сітуацыя змянілася, шэраг прадпрыемстваў краіны асвоіў выраб таго, што неабходна тарфянікам. Паспрыяла і дзеючая ў краіне з 2008 года нацыянальная праграма “Торф”. Яна “павярнула” ў тым ліку і некаторых рэспубліканскіх прамысловых гігантаў тварам да патрэб тарфяной галіны. Напрыклад, мінскі завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі вырабіў дэбютны брыкетны прэс, завод “Амкадор” пайшоў далей – прадставіў паспяховую замену некалькім замежным машынам у тэхналагічным ланцугу торфаздабычы. І гэта не адзінкавыя прыклады. Васілій Іваноў пад-крэслівае: “Праграма “Торф” дала новае жыццё галіне ў цэлым і канкрэтна нашаму прадпрыемству. Дзякуючы ёй, мы зрабілі частковую мадэрнізацыю брыкетнага цэха, падрыхтавалі і ўжо ў гэтым сезоне пачнём эксплуатацыю новых палёў здабычы. Апошняе асабліва важна, з улікам таго, што дэфіцыт плошчаў мы адчувалі вельмі востра. І 217 падрыхтаваных пад торфараспрацоўку “свежых” гектараў  нам вельмі дарэчы”.

Мінулы год для ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі” склаўся  вельмі ўдала. “Спрацавалі  добра. Усё, што вырабілі, знайшло збыт. А гэта, між іншым, больш як 130 тысяч тон брыкетаў, што на 10 працэнтаў перавысіла аналагічны паказчык года папярэдняга. Вобразна я гэта называю “знайшлі дадатковы месяц у годзе”. У цэлым жа за 2011 рэнтабельнасць вытворчасці склала 23 працэнтныя  пункты. Такога не было ніколі”, – не без задавальнення дзеліцца поспехам Васілій Кузьміч.

Пры гэтым не хавае, што “цеплавозам”, які дапамог выцягнуць такі вытворча-эканамічны груз, стаў экспарт. Ільвіная доля тухавіцкіх замежных паставак прыйшлася на ўжо традыцыйнага партнёра – Швецыю. Нязначны экспартны ручай з брыкетаў цягнуўся таксама ў Літву і Польшчу. Усяго ж за межы краіны адпраўлена 22 тысячы тон брыкетнай прадукцыі. “Пік экспарту прыйшоўся на 2009 год, калі за мяжу адправілі палову таго, што вырабілі, – 50 тысяч тон, у 2010 – 27 тысяч, летась жа яшчэ на 5 тысяч менш. Гэта свядомая палітыка прадпрыемства: прыярытэтам для нас з’яўляюцца “свае” спажыўцы, ступень запатрабаванасці нашай прадукцыі на ўнутраным рынку. Экспарт жа – па астаткавым прынцыпе”, – растлумачыў дырэктар маркетынгавую стратэгію даверанага яму прадпрыемства.

Ступень метэазалежнасці тарфяной галіны здаецца нават большай, чым у выпадку з сельскай гаспадаркай. У аграрыяў ёсць шэраг прыёмаў, прэпаратаў, якія хоць неяк дазваляюць падмануць некаторыя прыродныя фактары. У торфавытворцаў нічога такога не прадугледжана: дажджлівае лета становіцца перашкодай у здабычы неабходных аб’ёмаў сыравіны, цёплая зіма тармозіць збыт гатовай прадукцыі. І хоць апошнія пару-тройку гадоў тухавіцкія брыкетчыкі не мелі асаблівых збытавых праблем – тэндэнцыя прасочваецца.

Вось і сёлета, па словах Васілія Іванова, спажыўцы паліва прыкметна актывізаваліся ў сярэдзіне студзеня, разам з пахаладаннем. Бывала, што здараліся і чэргі, некаторыя спрабавалі нервавацца. Чаму б не задацца гэтым клопатам раней, чаго чакалі, прахалоджваліся да самых халадоў? – задаецца пытаннем дырэктар. А сапраўды, чаму?

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *